Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (І)
Аўдыё, Мультымэдыя, Публіцыстыка, Хрысціянства і літаратура

Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (І)

У мінулай перадачы мы пазнаёміліся з ангельскай пісьменніцай – Агатай Крысці, якая стала першай жанчынай-пісменніцай у нашай перадачы. Не будзем спыняцца на гэтым – сёння я хачу пазнаёміць вас з яшчэ адной англійскай пісьменніцай 21-га стагоддзя, якая займае 13-е месца па ўплывовасці ў Вялікабрытаніі сярод жанчын на 2010 год. Гэта пісьменніца – Джоан Кэтлін Роўлінг.

Кантраверсіі вакол Гары Потэра

Так, дакладна. Сёння мы звярнем нашу ўвагу на аўтарку ўсім вядомай «Потэрыяды». Гары Потер, створаны Роўлінг, не пакінуў абыякавым амаль ніводнага свайго чытача. У колах Каталіцкай Царквы мне давялося чуць самыя розныя меркаванні на тэму гэтага літаратурнага героя і твору ўвогуле. Нават і сёння, я з пэўнай асцярогай, вырашыўся зрабіць тэмай перадачы асобу спадарыні Джоан, бо ў вачах некаторых яна з’яўляецца ўвасабленнем зла.

Асноўныя закід да «Потэрыяды» такі, што яна, маўляў, вучыць дзяцей магіі. Мне давялося прачытаць шматлікія артыкулы, што былі надрукаваныя ў сур’ёзных каталіцкіх часопісах — яны вярэдзяць падобную лухту ды яскрава сведчаць пра тое, што іх аўтары, нават і не чыталі саму серыю кніг спадарыні Роўлінг.

Сапраўды свет Гарі Потэра – гэта чароўны свет магіі. Аднак, наіўна было б разглядаць кнігі Роўлінг, як падручнікі магіі. Магічны свет – гэта фантастычнае дапушчэнне, мова якой карыстаецца пісьменніца. Кожная казка мае такое дапушчэнне, пэўны ўяўны свет у рамках якога, расказчык распавядае нам сваю гісторыю.

Апалогія «потэрыяды»

Заўважаю, што я тут сам таго не жадаючы стаўся апалагетам Гары Потера. Не хацеў гэтага рабіць, бо па вялікаму рахунку не лічу, што «потэрыяда» патрабуе абароны: тых, хто сфармаваў сваю думку на падставе крытычных артыкулаў я наўрад пераканаю, а тых хто прачытаў твор Роўлінг і самі ведаюць вартасць гэтай кнігі. І ўсё ж… Паколькі я стаў на гэтую няпэўную сцежку абароны, дазвольце падзяліцца з вамі, сябры, толькі адной рэфлексіяй, якая адначасова стане сваеасаблівым «апалагітычным» фактам.

Аднойчы давялося мне сустрэцца з чалавекам, які досыць агрэсіўна нападаў на кнігі пра Гары Потэра… Адным з яго аргументаў быў такі, што ён у дзяцінстве звярнуўся да магіі праз чытанне кнігі пра старога Хатабыча! Ці вінаватая ў гэтым кніга Лазаря Лагіна і сам пісьменнік? Мяркую, што не. Болей таго, скажу, што і сама Біблія, Слова Божае можа зрабіцца (і робіцца) «каменем спатыкнення і скалою згаршэння» (Іс.8:7). Калі датрымлівацца логікі апанента старога Хатабыча, то належала б спаліць усе мастацкія кнігі, а асабліва казкі. Але рабіць гэтага мы не будзем. Проста зазначым, што справа не заўсёды ў кнізе, але ў магічнай ментальнасці чытача.

Чым адрозніваецца вера і магія? Я так адкажу на гэта рытарычнае пытанне: вера закладае сяброўскія адносіны паміж Богам і чалавекам, а магія – гэта «бартэрны» абмен, калі чалавек мяркуе, што ў стане змусіць Бога выканаць нейкую яго просьбу ў замен на нейкі рытуал, ахвяру ці заклінанне. Чалавек з магічнай ментальнасцю «амагічвае» рэчаіснасць навокал сябе. Кожны прадмет можа стаць «у яго руках» прыладай да практыкавання магіі. Падобна і веруючы чалавек – ён асвячае навакольную рэчаіснасць, бо кожны прадмет, падзею, асобу мы можам пасвяціць Богу ў малітве. Атрымоўваецца дакладна па словах апостала Паўла: Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверуючым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне (Ціт.1:15).

Кароткія біяграфічныя звесткі

Аддаўшы сябе жарсцям апалогіі мы трошкі адхіліліся ад тэмы нашай перадачы. Давайце ж вернемся да Джоан К. Роўлінг ды даведаемся штоколечы пра яе жыццярыс. Спадарыня Роўлінг нарадзілася 31 ліпеня 1965 году ў Ейце, які знаходзіцца ў 16 км на паўночны ўсход ад Брыстоля ў графстве Глосцершыр.

Джоан пачала пісаць ужо ў дзяцінстве. Яна пісала апавяданні пра сваіх сяброў, якім потым і чытала свае гісторыі. Сама Роўлінг гаворыць, што ёй было пяць ці шэсць год, калі яна запісала сваё першае апавяданне. Калі Джоан была падлеткам, то, як сама гаворыць у адным са сваіх інтэрв’ю, яна не была асабліва шчаслівым чалавекам. Гэта было звязана з хваробай яе маці ды са складанымі адносінамі са сваім айцом. Не хачу тут рабіць асаблівых спекуляцый адносна асабістага жыцця Роўлінг, але цалкам магчыма, што гэтыя складаныя адносіны з бацькам паўплывалі на тое, што ёй цяжка было будаваць адносіны з мужчынамі. Спачатку яна расстаецца з адным бой-фрэндам, потым выходзіць замуж за жорсткага мачё, які брутальна з ёй абыходзіцца… Але спрабуйма трымацца пэўнага парадку ў апісанні падзеяў.

З0 снежня 1990 года маці Джоаны Роўлінг памірае ва ўзросце 45 год ад цяжкай хваробы. Джоане на той момант ужо 25. Смерць маці стаецца для яе сапраўды моцным выпрабаваннем. Нягледзячы на хваробу яна не чакала такой хуткай яе смерці. Джоана ў хуткім часе пакідае Англію. Яна выязджае ў Партугалію, дзе хоча працаваць настаўніцай ангельскай мовы ды спадзяецца схавацца ад гора і знайсці лепшы лёс.

У наступнай перадачы мы працягнем гэту гісторыю. А на гэтым я развітваюся з вамі, шаноўныя сябры. І добрых казак… добрага вам чытання!

а. Андрэй Буйніч

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *