II. Б. Веру ў адзінароднага Сына
Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

II. Б. Веру ў адзінароднага Сына

Б. Веру ў адзінароднага Сына

І ў адзінага Госпада Ісуса Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі; Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага, нястворанага, адзінасутнага з Айцом”

(Сымбаль веры)

Ты … адвечны, нябачны, недаступны, неабдымны, нязьменны;Ты – Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста[…], які зьяўляецца вобразам Тваёй дабрыні, вернай пячаткаю Твайго падабенства – паказваючы ў Сабе Цябе,Ойча, – Словам жывым,праўдзівым Богам, спрадвечнай Мудрасьцю, Жыцьцём, Асьвячэньнем, сапраўдным Сьвятлом.”

(Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага)

  1. Бог Айцец у Сваёй свабодзе й любові нараджае Сына. Нябачная любоў Айца, зь якой нараджаецца Сын, у Сыне становіцца бачнаю: “Нябачнасьць Сына ёсьць Айцец, а бачнасьць Айца ёсьць Сын”. У гэтай любові Айцец і Сын – адно. Адначасова народжаны Сын ёсьць іпастасна (асабова) адрозны ад Айца. Айцец нарадзіў адрознага ад Сабе, адкрываючысь цалкам у Сыне, як у Іншым65.

  1. Сын Божы — “водбліск славы [Айца] і вобраз Яго істоты” (Гэб. 1:3). Яго асабовае нараджэньне ад Айца ёсьць нараджэньнем “Сьвятла ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога”. Сын Божы “ў Сабе яўляе Айца”, ёсьць “Словам жывым”66, якое было “спрадвеку” ў Бога і было Богам (пав. Ян. 1:1). Той жа самы Сын Божы ёсьць “вобразам Божай дабрыні, вернай пячаткаю Божага падабенства”67, “вобразам нябачнага Бога” (пав. Клс. 1:15). Сын Божы, такім чынам, ёсьць адначасова Словам ды Вобразам Божым.

1. Аб’яўленьне Сына Божага ў Сьвятым Пісаньні

  1. У Ярданскім Богазьяўленьні Сам Айцец называе Ісуса Хрыста Сваім Сынам: “Ты – Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе” (Мк. 1:11). У Старым Запавеце сынам Божым называецца народ Божы: “Гэта кажа Госпад: “Ізраэль ёсьць сын Мой першародны” (Вых. 4:22), а таксама й Памазанік-Мэсія: “Бо Ён сказаў мне: “Ты – сын Мой, Я сёньня нарадзіў цябе. Прасі Мяне, і Я дам табе ў спадчыну народы і на ўласнасьць Табе зямныя прасторы” (Пс. 2:7-8).

  1. Новы Запавет надае новае значэньне тытулу “Сын Божы”, падкрэсьліваючы унікальнасьць адносінаў (стасункаў) Ісуса Хрыста да Бога Айца. Сам Хрыстос адрозьнівае ўласнае богасыноўства й наша ўсынаўленьне Богам: “Узыходжу да Айца Майго й Айца вашага” (Ян. 20:17). Гэтае Яго выключнае богасыноўства засьведчыць Айцец у аб’яўленьні падчас Перамяненьня: “Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце” (Лк. 9:35). Эвангеліст Ян вызнае боства Сына Божага: “Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Таго, Хто праўдзівы […]. Ён праўдзівы Бог і Жыцьцё вечнае” (1 Ян. 5:20).

2. Адзінародны Сын

  1. Сын Божы, другая Асоба Найсьвятой Тройцы, роўны па годнасьці й сутнасьці да Айца: “Ён – зьзяньне Айца, нязьменны і непарушны вобраз Ягонае існасьці і прыроды, крыніца мудрасьці і ласкі”68. Таму Царква вызнае Хрыста “Адзінародным Сынам, Які ва ўлоньні Айца” (пав. Ян. 1:18). Народжаны ад Айца Сын – няствораны, Ён Адзіны ад Айца, непаўторная Божая Асоба, Слова Божае: “Слова выйшла з Бога, як камель з кораня, струмень з крыніцы ці прамень з сонца […]. Сынам кораня ёсьць камель, крыніцы – струмень, а сонца – прамень, бо кожны пачатак ёсьць бацькам, а ўсё, што паходзіць ад нейкага пачатку, з’яўляецца патомствам, пагатоў Слова Бога, Якое ў прамым сэнсе ўзяло імя Сына”69.

  1. Царква вызнае Сына “адзінасутным Айцу”, падкрэсьліваючы роўнасьць Асоб Найсьвятой Тройцы й адзінства Божай прыроды, пацьвярджаючы тым Боскасьць Сына Божага: Сын ня ўзьнік ў часе, як іншыя стварэньні. Таму Ён не ніжэй за Айца, суіснуе зь Ім вечна, на аднолькавую зь Ім меру ва ўсім, акрамя таго, што нараджэньне належыць Айцу70.

64 Ірыней Ліёнскі, Супраць ерасей, IV, 6, 6.

65 Пав. Апанас Вялікі, Першы ліст да Серапіёна, 16.

66 Гл. Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага (пераклад А. Надсана).

67 Гл. Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага (пераклад А. Надсана).

68 Пав. Кветачная трыёдзь, Панядзелак Сьвятога Духа, Вячэрня, другая малітва падчас укленчаньня (пераклад А. Надсана).

69 Тэртуліян, Супраць Праксея, 8.

70 Пав. Кірыл Александрыйскі, На Эвангельле ад Яна, 16, 13.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *