ІІ.А. Веру ў Бога Айца
Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

ІІ.А. Веру ў Бога Айца

(Пераклад Віктара Нікіфарава)

 

II. ВЕРУ Ў ТРОЙЦУ АДЗІНАСУТНУЮ Й НЕРАЗЬДЗЕЛЬНУЮ

  1. Таямніца Найсьвятой Тройцы – Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – бясконца пераўзыходзіць магчымасьці чалавечага пазнаньня. “Боства цалкам неспасьціжнае, ды Існасьць, якая панад усім, па прыродзе не такая, якой лічыць яе розум”50. Згодна са словамі апостала Паўла, глыбіні таямніцы спасьцігаюцца толькі Сьвятым Духам: “Таксама і таго, што Божае, ніхто не ведае, апрача Духа Божага” (1 Кар. 2:11). Аднак той жа Дух, Дух Праўды, сыходзячы на людзей, адкрывае ўнутранае Божае жыцьцё. Ён навучае людзей выказваць ісьціну, наколькі гэта магчыма, мовай веры: “А мы атрымалі […] Духа, Які ад Бога, для веданьня таго, што нам Богам даравана. Таму і гаворым гэта не павучэньнямі чалавечай мудрасьці, але словамі, якім навучыў Дух, тлумачачы духоўным духоўнае” (1 Кар. 2:12-13). А тады, навучыўшы, Сьвяты Дух ня сьпіць, каб вера – “гэта зарука чаканага” — ўзрасла да сузіраньня “рэчаў, якіх ня бачым” (1 Гэб. 11:1), г.зн. каб чалавек убачыў нябачнае, як бачнае, няяснае – тварам у твар: “Хрысьціянін Усходу ўсьведамляе, што сувязь з [боскаю] рэчаіснасьцю можна ўсталяваць толькі ў сузіральным бязмоўі, бо на вяршыні спазнаньня й досьведу Бога ёсьць Яго абсалютная неспазнавальнасьць”51.

  1. Прысутнасьць недасягальнага Бога адлюстроўвае літургічная ды храмавая сымболіка: заслона на Царскіх Дзьвярах іканастаса, пакрытыя покрыўкамі сьвятыя Дары, “паветра”, якое падымаецца падчас “Веру”, дым кадзіла. “Але каб праўдзіва ўшанаваць тое самае адзінства й яе боскую пладавітасьць, называем тое, што не мае назвы, Божымі Імёнамі “Тройцы” ды “Адзінства””52. І хоць мы й называем Бога гэтымі Імёнамі, мы ўсьведамляем, што не вычэрпваем тым таямніцу Бога: “Я яшчэ не пачаў думаць пра Адзінства, як Тройца асьвятляе мяне Сваім сьвятлом. Толькі я пачаў думаць пра Тройцу, як Адзінства ізноў ахоплівае мяне. Калі Адзін з Трох адкрываецца мне, я думаю, што Гэта цэлае, — настолькі мой зрок поўны Ім, а астатніх не ахапляю я. Бо ў маім розуме, празьмерна абмежаваным, каб зразумець Аднаго, няма больш месца для чагосьці іншага”53.

  1. У нашых літургічных ды асабістых малітвах, праз пастаяннае ўскліканьне ды праслаўленьне імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, мы адначасова выказваем нашу веру й сулучнасьць зь Найсьвятой Тройцай, якая даруе нам “ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста, любоў Бога Айца і супольнасьць Сьвятога Духа”54.

А. Веру ў Бога Айца

Веру ў адзінага Бога Айца…”

(Сымбаль веры)

Уладару Госпадзе, Божа Ойча ўсемагутны…”

(Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага)

  1. Хрыстовая Царква, абапіраючыся на Аб’яўленьне Божае ды яго сьвятаайцоўскае тлумачэньне, так вызнае веру ў Бога Айца згодна зь Нікейска-Царгародскаму Сымбалю веры55: “Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага, Творцу неба і зямлі, бачнага ўсяго і нябачнага”. Айцоўства Бога азначае, што Айцец безпачаткова нараджае Сына й ад Айца зыходзіць Сьвяты Дух56. Бог усё стварыў і ўсім кіруе, і для свайго стварэньня Бог ёсьць Творцам і Усемагутным. Праз тое, што Айцец дазволіў, пачаў існаваць сусьвет. Мы верым у адзінага Бога, таму што ёсьць адзіны Бог Айцец.

1. Аб’яўленьне Айца ў Сьвятым Пісаньні

  1. Бог аб’яўляе Сябе як Асоба – “Я Той, хто ёсьць” (Вых. 3:14). Толькі Бог-Асоба сапраўды ёсьць. Усё іншае існуе, бо так хоча Бог. Бог – сьвяты, гэта значыць цалкам адрозны ад ўсяго створанага, Бог – непаўторны і адзіны, таму Яго немагчыма ўявіць думкаю ды адлюстраваць ніякім матэрыяльным спосабам: “Не рабі сабе ніякай выявы” (Вых. 20:4). У адрозненьні ад мёртвых ідалаў, Бог – жывы. Ня маючы адпаведных слоў, каб выказаць таямніцу Божага жыцьця, сьвятое Пісаньне часта выкарыстоўвае антрапамарфізмы – пераносіць на Бога рысы паводзін жывога чалавека: Бог “любіць, гаворыць, дапамагае, шкадуе, сумуе, злуецца, ваюе, карае…”.

  1. У Старым Запавеце Бог аб’яўляе Сябе ў розных вобразах і падзеях, якія сьведчаць пра Яго прысутнасьць: у трох падарожніках, якіх прыняў Абрам, у бачаньні лесьвіцы паміж небам і зямлёю “ў сьне” патрыярха Якуба, у неапалімым кусьце перад Майсеем, у вогненным ды воблачным слупах (гл. Вых. 13:21), над каўчэгам сьведчаньня (гл. Вых. 25:22), у подыху ціхага ветру (гл. 1 Цар. 19:12).

  1. Абраны народ Божы вызнае свайго Бога, завучы Яго рознымі імёнамі: Збаўца (гл. 2 Сам. 22:2-3; Пс. 106:21; Іс. 43:3-4; 45:15), Творца (гл. Ёў 4:17; 32:22; Пс. 95:6; Іс. 17:7; 51:13), Госпад (гл. Вых. 3:16), Бацька (гл. Пс. 89:27; Іс. 9:5; 63:16; Мал. 1:6), Жаніх (гл. Ос. 2:22), Пастыр (гл. Пс. 23:1). Аднак старазапаветныя тытулы былі толькі правобразам Аб’яўленьня Бога як Айца Адзінароднага Сына. “Бога ніхто ніколі ня бачыў; адзінародны Сын, Які ва ўлоньні Айца, Ён Сам растлумачыў” (Ян. 1:18).

  1. Божы Сын Ісус Хрыстос, у якім “прабывае ўся паўната Боства цялесна” (Клс. 2:9), аб’яўляе Айца: “Усё Мне дадзена Айцом Маім. Ды ніхто не ведае Сына, акрамя Айца, і ніхто не ведае Айца, акрамя Сына і каму Сын захоча адкрыць” (Мц. 11:27). Ісус навучае зьвяртацца да Бога “Ойча наш” (Мц. 6:9) ды пераймаць Яго дасканаласьць: “Дык будзьце ж вы дасканалыя, як і Айцец ваш, Які ёсьць у небе, дасканалы” (Мц. 5:48). У Ісусе Хрысьце нябачны Бог становіцца бачным чалавеку: “Я і Айцец — адно” (Ян. 10:30); “Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца” (Ян. 14:9).

2. Адвечны Айцец

  1. Царква называе “Айцом” Таго, хто не мае айца, для якога ён быў бы сынам57. Словы эвангеліста Яна, што “на пачатку (па-цэркоўнаславянску — “в начале”) было Слова”, Сьвятыя Айцы разумелі як сьцьверджаньне таго, што гэтым “пачаткам” ёсьць Асоба Айца58. Ён, Хто ёсьць асабовым Пачаткам усяго, Сам ня мае пачатку, які б Яго спрычыніў. Іншымі словамі, Айцец – адвечны Пачатак. Гэты антынамічны выраз адлюстроўвае свабоду Божай Асобы Айца, які нічым і нікім не абумоўлены. “Айцец адвечны, бо ні ад каго іншага, нават ад Сябе Самога, не атрымаў быцьця”59. Айцец – як Пачатак стварэньня – усё напаўняе й адначасова пераўзыходзіць усё створанае.

  1. У сваім досьведзе Царква заўжды сузірала Айца ў адносінах да Сына й Сьвятога Духа, а Тройцу – як сулучнасьць Асобаў. “Веру ў адзінага Бога, у Тройцы праслаўленага Айца ненароджанага, адвечнага, бясконцага; Сына ж народжанага, але таксама адвечнага, як і Айцец, і такога ж бязконцага; і Духа Сьвятога, які ад Айца паходзіць і ў Сыне з’яўляецца, але таксама адвечнага і роўнага Айцу й Сыну, — у Тройцу адзінасутную, але разьдзеленую Асобамі, Тройцу па імёнах, але адзінага Бога”60.

  1. Айцец ёсьць Айцом таму, што ёсьць Айцом Сына й Крыніцай паходжаньня сьвятога Духа. Сын і Сьвяты Дух – “ад Айца, хоць і не пасьля Айца”61. Нараджэньне Слова й паходжаньне Духа не магчыма ўспрымаць у катэгорыях часу: “Спрадвечны Айцец родзіць спрадвечнага і раўнапасаднага Сына, і Дух Сьвяты праслаўляецца ў Айцу разам з Сынам: адна сіла, адна сутнасьць, адно Боства” 62. Бог Айцец ёсьць Пачаткам найцясьнейшай і непадзельнай сулучнасьці (па-грэцку — кайнонія) ў любові Божых Асоб.

  1. Асабістая іншасьць Айца ад Сына й Сьвятога Духа палягае ў тым, што Айцец – ненароджаны. Ён, Сам зьяўляючыся ненароджаным, ёсьць Пачаткам Асобы Сына ды Асобы сьвятога Духа. Ненароджанасьць Бога-Айца – гэта Яго неабумоўленасьць нікім і нічым іншым. “Айцец называецца так, бо нараджае Сына, а Сын [ёсьць Сынам] праз нараджэньне ад Айца, а Дух Сьвяты – праз паходжаньне ад Айца, зьяўляючыся, аднак, ад Яго неадзьдзельным” 63.

  1. У анафары Літургіі сьвятога Базыля Вялікага Царква называе Айца “недаступным” і “неабдымным”. “Недаступнасьць” Айца азначае, што кожны этап нашага богаспазнаньня не зьяўляецца канчатковым, бо спазнаць Бога можа толькі Сам Бог: “Таксама і таго, што Божае, ніхто не ведае, апрача Духа Божага” (1 Кар. 2:11). Нашае богаспазнаньне ўзрастае ў веры, згодна са словамі сьвятога апостала Паўла, ажно да бачаньня “тварам у твар” (1 Кар. 13:12). Недаступнасьць Бога для чалавека зьяўляецца зарукай бясконцага богаспазнаньня, якое ёсьць “вечным жыцьцём”.

  1. Неабдымнасьць” Айца, як і Яго “недаступнасьць”, зьяўляецца сьведчаньнем немагчымасьці зьвесьці Асобу Бога да любых формаў выражэньня, вобразных ці славесных, якімі карыстаюцца людзі. Бога Айца не малююць на іконах, бо Айцец не ўвасобіўся й не прыняў вобраз чалавека. Айца аб’явіў адзінародны Сын, які ёсьць “вобраз нябачнага Бога” (Клс. 1:15).

50 Рыгор Ніскі, Слова пра Боскасьць Сына й Духа і пахвала праведнаму Абраму.

51 Ян Павал II, Апостальскі ліст Orientale lumen [“Сьвятло Ўсходу”] (9 траўня 1995), 16.

52 Дзіанісій Арэяпагіт, Пра Божыя імёны, 13, 3.

53 Рыгор Багаслоў, Слова 40 на сьвята Хрышчэньня, 41.

54 Служэбнік, Боская літургія сьвятога айца нашага Яна Залатавуснага, прамаўленьня перад анафарай.

55 I Канстантынопальскі Сабор, Нікейска-Царгародскі Сымбаль веры.

56 Пав. Рыгор Ніскі, Супраць Ерасей, 1, 32.

57 Апанас Вялікі, Першы ліст да Серапіёна, 16.

58 Рыгор Багаслоў, Слова 42, 14

59 Рыгор Багаслоў, Слова 20. Пра дагмат і пастаўленьне эпіскапаў, 7.

60 Іларыён, Вызнаньне веры.

61 Пав. Рыгор Багаслоў, Слова 29. Пра багаслоўі, 3.

62 Кветачная трыёдзь, Нядзеля Пяцідзесятніцы, стыхіра на «Госпадзе, Цябе клічу». (пер. А.Надсан)

63 Іларыён, Вызнаньне веры.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *