Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

І.В. Сьвятое Пісаньне

(Пераклад Віктара Нікіфарава)

 

В. Сьвятое Пісаньне

  1. Бог у Сваім Провідзе прадбачыў пярэданьне Свайго Аб’яўленьня таксама й пісьмова. Гэта дазволіла захаваць Аб’яўленьне непарушным і перадаваць яго з пакаленьня ў пакаленьне цягам гісторыі чалавецтва. Слова Божае было запісана натхнёнымі Богам людзьмі ў Бібліі (з грэцкай — кнізе), якую называем “Сьвятое Пісаньне”. “Усё Пісаньне натхнёна Богам і карыснае” (2 Цім. 3:16). Сьвятое Пісаньне — гэта Слова Божае, зьвернутае да кожнага чалавека, і таму яно актуальнае ў любы час і ў любым месцы. Сьвятое Пісаньне – гэта збор кнігаў, напісаных пад натхненьнем Сьвятога Духу сьвятымі людзьмі, які Хрыстова Царква атрымала й зьберагае, як Слова Божае. Гэтыя кнігі складаюць канон Сьвятога Пісаньня, які Царква вызначыла ў сьвятле Апостальскага Пярэданьня. Гэты канон ахоплівае 47 кнігаў Старога Запавету і 27 – Новага.

  1. Стары Запавет зьмяшчае тыя Аб’яўленьня, якія Бог даў людзям ад пачатку сьвету ажно да прыходу Збавіцеля. У Стары Запавет уваходзіць Пяцікніжжа: Кніга Роду, Выхаду, Сьвятарская, Лічбаў, Паўторанага Закону; гістарычныя кнігі: Ешуа, Судзьдзяў, Рут, дзьве кнігі Самуэля, дзьве кнігі Цароў, дзьве кнігі Хронікаў, Эздры, Нэгэміі, Эстэр, Тобіі, Юдыт, ды дзьве кнігі Макабэяў; паэтычныя кнігі: Ёва, Псальмаў, Выслоўяў, Эклезіяста, Песьня з Песьняў, Мудрасьці, Эклезіясьціка; ды прарочыя кнігі: Ісаі, Ярэміі, Лямэнтацыя Ярэміі, Баруха, Эзэкіэля, Даніэля, Осіі, Ёэля, Амоса, Абдыі, Ёны, Міхея, Навума, Абакука, Сафоніі, Агэя, Захарыі, Малахіі. Псальмы Давіда ўжываюцца ва ўсіх богаслужэньнях Царквы, а выбраныя тэксты іншых кнігаў выкарыстоўваюцца для чытаньня на Вячэрні і Часах (парэміі).

  1. Сьвятое Пісаньне Новага Запавету зьмяшчае тыя Аб’яўленьні, якія Бог даў людзям праз Свайго Адзінароднага Сына Ісуса Хрыста і Яго апосталаў. Яно складаецца з 27 кнігаў: чатырох Эвангельляў – паводле Мацьвея, паводле Марка, паводле Лукі, паводле Яна, якія абвяшчаюць зямное жыцьцё ды вучэньне Хрыста; Дзеі сьвятых апосталаў, у якіх апісаны узрастаньне Хрыстовай Царквы, служэньне й пропаведзь найбольш першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла; чатырнаццаць лістоў сьвятога апостала Паўла – да Рымлянаў, два ліста да Карыньцянаў, да Галатаў, да Эфэсцаў, да Піліпцаў, да Калосцаў, два ліста да Тэсалонцаў, два ліста да Цімафея, да Ціта, да Філімона, да Гэбраяў; сем паўсюдных лістоў, якія напісаныя іншымі апосталамі да розных хрысьціянскіх супольнасьцяў: адзін – Якуба, два — Пётры, тры – Яна і адзін – Юды; ды Адкрыцьцё Яна Багаслова.

1. Боскае і чалавечае ў Сьвятым Пісаньні

  1. Паўнатой Божага Аб’яўленьня ёсьць Ісус Хрыстос, Багачалавек, у якім “прабывае ўся паўната Боства цялесна” (Клс. 2:9). Як у Хрысьце непарыўна злучаны Божая й чалавечая прыроды, так і ў Сьвятым Пісаньні Божае Слова перадаецца нам чалавечай мовай. Божыя словы, вымаўленыя людзкімі словамі, прыпадобніліся да чалавечай мовы так, як калісьці Слова спрадвечнага Айца, які прыняў цела чалавечага бясьсільля, сталася падобным да людзей28. “Слова Божае праймае ўсё Сьвятое Пісаньне. Тое адзінае Слова гучыць з вуснаў усіх сьвятых пастараў; гэтае слова, якое спрадвеку было Богам, не патрабуе складоў, бо Яно не залежыць ад часу”29.

  1. У чытаньні й тлумачэньні Сьвятога Пісаньня Царква заўсёды ўлічвае два вымярэньні: боскае й чалавечае. Грэбаваньне чалавечым вымярэньнем Сьвятога Пісаньня прыводзіць да літаральнасьці – калі чалавечым формам перадачы Божага Слова надаецца боскі характар; адмаўленьне ж ад боскага вымярэньня зводзіць Сьвятое Пісаньне да гістарычна-літаратурнага твору.

2. Еднасьць Старога ды Новага Запавету

  1. Царква са старажытных часоў заўжды ахоўвала багамудрае багацьце Старога Запавету, лічачы яго сваёю спадчынай. “Еднасьць абодвух запаветаў вынікае зь еднасьці Божага задуму ды Яго Аб’яўленьня. Стары Запавет рыхтуе Новы, тады як Новы дапаўняе Стары; яны ўзаемна асьвятляюць адзін аднаго; абодва – праўдзівае Божае Слова”30. Бог спачатку абраў Ізраэль, каб ён прыняў і нёс ісьціну Аб’яўленьня, а ў Новым Запавеце гэтую ісьціну прымае Царква, якая й называецца новым Ізраэлем.

  1. Бог, Які натхніў абодва Запаветы ды ёсьць іхным Аўтарам, так мудра склаў, што Новы Запавет быў схаваны ў Старым, а Стары – у Новым раскрываўся31. Таму, хоць Хрыстос і ўстанавіў Новы Запавет у Сваёй крыві (гл. Лк. 22:20; 1 Кар. 11:25), але ж, кнігі старога Запавету, цалкам прынятыя да эвангельскай пропаведзі, у Новым Запавеце набываюць поўнае значэньне й выяўляюць яго (гл. Мц. 5:17; Лк. 24:27; Рым. 16:25-26; 2 Кар. 3:14-16), праліваюць сьвятло на Новы Запавет ды тлумачаць яго32.

  1. Царква ў сьвятле апостальскага Пярэданьня праз тыпалёгію асьвятляе еднасьць Божай іканоміі ў абодвух Запаветах. Тыпалёгія – гэта спосаб чытаньня Сьвятога Пісаньня, які дазваляе адкрыць у Божых дзеях старазапаветных часоў правобразы таго, што Бог учыніў, калі прыйшла поўня часу, у Асобе уцелаўлёнага Сыну33. Сьвятыя Айцы ў асобах і падзеях Старога Запавету бачылі “правобразы” й “іконы” падзеяў з жыцьця Хрыста і Яго Царквы. Такім чынам, хрысьціяне чытаюць Стары Запавет у сьвятле Велікоднага Сакраманту, адкрываючы глыбейшы сэнс Старога Запавету.

3. Чытаньне й тлумачэньне Сьвятога Пісаньня

  1. Няведаньне Пісаньня ёсьць няведаньнем Хрыста” – навучае сьвяты Яронім34. І таму, каб пазнаць Хрыста, трэба чытаць Сьвятое Пісаньне, якое, згодна са словамі апостала Паўла, “натхнёна Богам і карыснае для навучаньня, дакору, выпраўленьня і ўзгадаваньня ў справядлівасьці, каб дасканалым был чалавек Божы, настаўленым на ўсякае добрае дзеяньне” (2 Цім. 3:16-17). Чытаць Сьвятое Пісаньне трэба штодзённа: “Чытаньне Сьвятога Пісаньня кожны дзень, хаця б хвілінку, павінна стаць звычаем кожнай хрысьціянскай сям’і. Гэтыя чытаньні павінны быць штодзённай пажывай людзей”35.

  1. Слова Божае прымаецца вераю, а вера паходзіць ад слуханьня (гл. Рым. 10:17). Для разуменьня Сьвятога Пісаньня трэба аб’яднаць яго чытаньне са слуханьнямі Слова Божага падчас пропаведзяў ды на катэхізацыі. Як апавядаецца ў Дзеях сьвятых апосталаў, урадовец этыёпскай царыцы чытаў прароцтва Ісаі пра Хрыста, але не разумеў яго, ажно пакуль апостал Піліп яму не растлумачыў. Дзякуючы тлумачэньню апостала урадовец паверыў у Ісуса Хрыста й ахрысьціўся (гл. Дзеі 8:26-39).

  1. Сьвятыя Айцы Царквы ня толькі чыталі Сьвятое Пісаньне, але й настойліва заахвочвалі ўсіх вернікаў чытаць яго. Сьвяты Ян Залатавусны піша: “Вялікім дабром ёсьць чытаньне боскага Пісаньня! Яно навучае душу мудрасьці; узносіць розум да нябёсаў; вучыць чалавека ўдзячнасьці Богу; не дазваляе прывязвацца да чагосьці зямнога; падахвочвае наш розум няспынна быць у нябёсах; заахвочвае заўжды дзейнічаць з надзеяю на ўзнагароду ад Госпада і імкнуцца зь вялікай руплівасьцю да подзьвігаў у дабрадзейных справах”36.

  1. Мітрапаліт Андрэй, згодна з сьвятаайцоўскай традыцыяй, называе Сьвятое Пісаньне бясконцым і бяздонным акіянам праўды й дабра: “Сьвятое Пісаньне ёсьць словам Усявышняга Бога ў Тройцы адзінага да нас, дарэмных грэшнікаў, якіх Усявышні заклікае да годнасьці сваіх дзяцей і якіх за дзяцей прымае. Таму яно ёсьць невычэрпнаю скарбніцай усіх нябесных дабротаў, крыніцай сьвятла нябеснай, непамыльнай праўдай, жывой вадой, што цячэ на вечнае жыцьцё й вечнае збаўленьне ўсяго чалавецтва. Таму й высьветлім для сябе, якім рахункам для душы, якой анёльскай пажывай, якой жыцьцёвай сілай і якім цудоўным дарункам зь неба ёсьць кожнае слова Сьвятога Пісаньня”37.

  1. Зьмест Сьвятога Пісаньня напоўніцу раскрываецца ў сьвятле Сьвятога Пярэданьня, дзякуючы якому Сьвятое Пісаньне застаецца заўсёды актуальным і жывым. Зразумець Сьвятое Пісаньне азначае адкрыць у ім найглыбейшы сэнс і значэньне Аб’яўленьня як гісторыі збаўленьня, што магчыма толькі ў Царкве, дзе яно й нарадзілася. Найлепшым правадыром у разуменьні Сьвятога Пісаньня з’яўляецца малітва Царквы, дзякуючы якой Сьвятое Пісаньне узьдзеяньнем Сьвятога Духу раскрываецца для нас як Слова Божае; Хрыстос яўляецца ў Слове гэтак сама, як і ў эўхарыстыйным Хлебе й Віне. Таму Айцы Царквы й навучаюць пра дзьве трапэзы – трапэзу Слова й трапэзу Хлеба – зь якіх вернікі прычашчаюцца на Боскай Літургіі38.

  1. Паколькі Сьвятое Пісаньне ёсьць Божым Словам, выказаным у чалавечых словах, то для яго тлумачэньня не стае толькі намаганьняў чалавечага розуму, а варта яго чытаць і тлумачыць у тым жа Духу, у якім яно было напісана39. Таму, каб раскрыць сэнс сьвятых тэкстаў, трэба зьвяртаць увагу на зьмест і еднасьць усяго Пісаньня, улічваючы жывое Пярэданьне ўсёй Царквы й аналёгію веры40. Сьвяты Апанас Вялікі папярэджвае, што цытаваньне асобных урыўкаў, вырваных з цэласьці Сьвятога Пісаньня, і грэбаваньне агульным зьместам, вядуць да зману41. Сьвяты Яронім сьведчыць, што зьмест Эвангельля ня зводзіцца толькі да слоў: “Не на паверхні, але ў сутнасьці, ня ў ”лісьцях” гутаркі, але ў “карэньні” значэньне. Сьвятое Пісаньне карыснае для слухачоў толькі тады, калі яго вымаўляюць з Хрыстом, калі яго выкладаюць са Сьвятымі Айцамі і калі яго прапаведуюць у Сьвятым Духу”42.

  1. Крытэрам разуменьня Слова Божага ёсьць чытаньне й тлумачэньне Сьвятога Пісаньня Царквою: “Гэта перш за ўсё майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісаньня нельга вытлумачыць самавольна. Бо не паводле волі чалавечай было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Сьвятым” (2 Пёт. 20-21). Хрыстос даручыў Царкве аўтэнтычна тлумачыць Сьвятое Пісаньне ў яе настаўніцкім служэньні Божаму Слову. “Гэтая настаўніцкая ўлада Царквы не стаіць вышэй за Слова Божае, але служыць яму, навучаючы толькі таму, што паходзіць з Пярэданьня […] ды вымаючы з гэтай адзінай спадчыны веры тое, што падаецца для вераваньня, як аб’яўленае Богам”43.

28 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 13.

29 Аўгустын Іпонскі, Тлумачэньні Псалмоў,103, 4, 1.

30 Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 140.

31 Аўгустын Іпонскі,, Пытаньні да Сямікніжжа, II, 73.

32 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 16.

33 Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 128.

34 Яронім, Камэнтар да прарока Ісаі, Уступ; пав. Бенедыкт XV, Энцыкліка Spiritus Paraclitus [“Дух Суцяшальнік”] (15 верасьня 1920); Пій XII, Энцыкліка Divino afflante Spiritu [“Божым подыхам”] (30 верасьня 1943).

35 Мітрапаліт Андрэй, Аб шанаваньні Сьвятога Крыжа (9 верасьня 1940).

36 Ян Залатавусны, Каментар да кнігі Роду. Гамілія 35, 1.

37 Мітрапаліт Андрэй, Вызнаньне Усяленскай веры (сакавік-красавік 1942).

38 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 21.

39 Пав. Бенедыкт XV, Энцыкліка Spiritus Paraclitus [“Дух Суцяшальнік”] (15 верасьня 1920); Яронім, Камэнтар да Ліста да галатаў, 5, 19-21.

40 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 12.

41 Апанас Вялікі, Слова першае супраць арыян, 53; гл. таксама: Слова другое супраць арыян, 18, 73-82; Першы ліст да Серапіёна, 21.

42 Яронім, Камэнтар да Ліста да галатаў, 1, 11.

43 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 10.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *