І. Г. Кэрыгма й катэхеза
Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

І. Г. Кэрыгма й катэхеза

(Пераклад Віктара Нікіфарава)

Таму, Уладару, успамінаючы Ягоныя збавенныя мукі, жыватворчы крыж, трохдзённае пахаваньне, уваскрасеньне з мёртвых, узыход на неба, сядзеньне па правай руцэ Цябе, Бога і Айца, слаўнае і страшнае Ягонае другое прыйсьце, прыносім

Табе Твае ад Тваіх дзеля ўсіх і за ўсё.”

(Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага)

Г. Кэрыгма й катэхеза

  1. Сьвяты апостал Павал навучае, што наша вера ў Бога ды Яго Аб’яўленне нараджаецца як адказ на пачутае Слова (гл. Рым. 10:17). Таму Царква ад пачатку, як чытаем у Дзеях сьвятых апосталаў, абвяшчае ўваскрэслага Хрыста (па-грэцку кэрыгма) і навучала веры (па-грэцку катэхеза) (гл. Дзеі 2:14-41). Кэрыгма – гэта абвяшчэньне пасхальнай падзеі сьмерці й уваскрасеньня Хрыста, выяўленае ў сьведчаньні жыцьця хрысьціянскай супольнасьці. Кэрыгма спалучаецца з заклікам паверыць у Ісуса Хрыста. Вера жа вядзе да навяртаньня, прыняцьця Хрыста ды гатоўнасьці ісьці за Хрыстом: “Так веру і не пасаромеюся, і перад народамі веру гэтую вызнаю, і за вызнаньне сваё й душу сваю пакладу”44.

  1. Катэхеза – гэта тлумачэньне хрысьціянскага вучэньня, якое служыць падрыхтоўцы абвешчаных да Хрышчэньня, уцэркаўленьня вернікаў ды паглыбленьню іхняй веры (містагогія). Прыклады апостальскай катэхезы знаходзім, у прыватнасьці, у Першым лісьце апостала Паўла да Карынцянаў, дзе апостал адказвае на пытаньні вернікаў ды высьвятляе сувязь паміж вераю й штодзённым жыцьцём. Мэтаю катэхезы – асноўнай дзеі Царквы – з’яўляецца навучаць і выхоўваць хрысьціяніна ў веры ды праводзіць яго да сулучнасьці з Хрыстом і царкоўнаю супольнасьцю. Катэхеза мае сыстэматычны характар і высьвятляе хрысьціянскае разуменьне асабістага й супольнага жыцьця веруючых людзей у сьвятле вучэньня Хрыста ды Царквы.

1. Пярэданьне Сьвятых Айцоў Царквы

  1. Апостальскую пропаведзь Эвангельля працягнулі Айцы Царквы, сярод якіх першымі былі вучні апосталаў: сьвяты Клімент, Папа Рымскі, сьвяты Ігнацій Баганосец і сьвяты Палікарп са Сьмірны. Іхняе навучаньне ды сьведчаньне веры было прынятае ад Хрыстовых Апосталаў, таму атрымала асаблівую пашану ў хрысьціянскай супольнасьці.

  1. Сьвятымі Айцамі называем тых, хто прапаведаваў Эвангельле ў праўдзівасьці вучэньня ды сьвятасьці жыцьця і былі прызнаныя Царквою. Таму й абвяшчалі Добрую Вестку сілаю Сьвятога Духа – Духа праўды, становячыся для Царквы Айцамі веры й прыпадабняючыся да апостала Паўла, які сказаў: “Бо хоць бы вы мелі ў Хрысьце тысячу выхавацеляў, але ня шмат бацькоў бо я ў Хрысьце Ісусе праз Эвангельле нарадзіў вас” (1 Кар. 4:15).

  1. Сьвятыя Айцы Царквы былі сьведкамі Апостальскага Пярэданьня, адстойвалі яго чысьціню й спраўджвалі зь ім сваё багаслоўскае вучэньне. У Ісусе Хрысьце ёсьць паўната Божага Аб’яўленьня, аднак на працягу гісторыі Царква ўсё больш раскрывае яго глыбіню. Айцы Царквы ў сваіх пропаведзях і тлумачэньнях паглыблялі разуменьне Апостальскага Пярэданьня й паўсюдна вызнавалі яго. Іхняя спадчына з’яўляецца неаддзельнай часткай Сьвятога Пярэданьня. Царква на працягу літургічнага году ўспамінае сьвятых Айцоў, якія на сусьветных саборах акрэсьлілі тое, у што заўсёды, паўсюдна й аднадушна верыць Царква.

  1. Саборная думка Айцоў акрэсьлівала зьмест веры, дзякуючы чаму яна непахісна і ў паўнаце праўды вызнавалася цягам стагоддзяў. Вызначэньні веры, як іх давалі Сусьветныя саборы, атрымалі назву догматаў і сталі непарушным вучэньнем Царквы. Гэтымі догматамі Айцы акрэсьлівалі праўдзівае вызнаньне Таямніцы Бога, баронячы Пярэданьне ад ілжывых тлумачэньняў. Перадача веры доўжыцца й цяпер праз служэньне эпіскапаў – спадкаемцаў апосталаў. Такое служэньне мы называем Настаўніцтвам Царквы, калі эпіскапы тое, што перанялі ад апосталаў, перадаюць аднадушна, заўжды й усюды.

  1. Саборныя дагматычныя акрэсьленьня веры абапіраліся на згоды (кансэнсусы) Айцоў. Да саборнага мысьленьня Царквы далучыліся сьвяты Апанас Александрыйскі, Базыль Вялікі, Рыгор Багаслоў, Рыгор Ніскі, Аўгустын, Леў Вялікі, Кірыла Александрыйскі, Рыгор Вялікі, Максім Спаведнік, Ян Дамаскін ды інш.

2. Інкультурацыя Дабравесьця

  1. Хрыстова Эвангельле абвяшчаецца розным народам у разнастайнасьці іхных культур45. Гэты працэс названы інкультурацыяй – выражэньнем адзінага Пярэданьня ў разнастайнасьці мясцовых традыцый , набліжэньнем эвангельскай пропаведзі да асаблівасьцяў культуры, мовы, спосабу жыцьця й мысьленьня людзей. “Неабходна адрозьніваць яго [жывое Пярэданьне] ад “традыцый”: багаслоўскіх, дысцыплінарных, літургічных ці духоўных, народжаных цягам стагоддзяў у памесных Царквах. Яны з’яўляюцца асаблівымі формамі, з дапамогаю якіх вялікае Пярэданьне выражаецца так, як гэта ўласьціва для гэтага месца ды гэтай эпохі”46. Адзінае Пярэданьне павінна быць выражанае ў розных культурах, зьмененае сілаю Эвангельля, згодна са словамі апостала Паўла: “Для юдэяў быў я як юдэй, каб прыцягнуць юдэяў […]; для тых, што без закону, быў як без закону, хоць сам не без Божага закону, але пад законам Хрыста, каб здабыць тых, што без закону […]; стаўся ўсім для ўсіх, каб хоць некаторых збавіць” (1 Кар. 9:20-22).

  1. Вынікам інкультурацыі Эвангельля сталася стварэньне розных хрысьціянскіх традыцый: бізантыйскай, лацінскай, копцкай, сірыйскай, армянскай ды іншых. Ужо зь першых стагоддзяў хрысьціянства пашыралася таксама й на землях старажытнаславянскіх плямёнаў. У IX стагодзьдзі сьвятыя роўныя апосталам Кірыла й Мятод – салунскія браты пераклалі Эвангельле ды богаслужбовыя тэксты на зразумелую для славянскіх народаў мову. “Увасабляючы Эвангельле ў роднай культуры эвангелізаваных народаў, сьвятыя Кірыла й Мятод заклалі моцны падмурак для фармаваньня й разьвіцьця гэтай культуры, а хутчэй многіх культур”47. Сярод хрысьціянскіх культур, выгадаваных славянамі, нарадзілася й хрысьціянская культура Русі – Украіны, дзе адзінае царкоўнае Пярэданьне перайшло ва ўласную царкоўную традыцыю.

  1. Такім чынам, адно Эвангельле Ісуса Хрыста ўвасобілася ў мностве культур хрысьціянскіх народаў, адзінае Пярэданьне Божага Слова выразілася ў разнастайнасьці традыцый. Кожная памесная Царква сваёю традыцыяй зьдзяйсьняе свой унёсак у разуменьне гэтага адзінага Пярэданьня.

3. Узрастаньне ў веры: абвяшчэньне, асьвячэньне, тайнаўвядзеньне

  1. Катэхеза для дарослых у Царкве першых стагоддзяў адбывалася ў тры этапы: праз абвяшчэньне, асьвячэньне й тайнаўвядзеньне. Абвяшчэньне (па-грэцку — катэхуменат) пачыналася з прадстаўленьня новага кандыдата хрысьціянскай супольнасьці. Пасьля згоды супольнасьці кандыдат станавіўся абвешчаным – яго імя “абвясьцілі” і цяпер яму “абвесьцяць” Сьвятое Пісаньне. Ён знаходзіўся ў прытворы храму. Прытвор быў зьнешнім сымбалем духоўнага стану абвешчанага: ён ужо пакінуў сьвет, але яшчэ не ўвайшоў у Царкву, храм вернікаў. Выслухаўшы падчас Боскай Літургіі Божае Слова й пропаведзь, абвешчаныя павінны былі выйсьці з храму пасьля малітвы царкоўнай супольнасьці за іх – екценіі за абвешчаных.

  1. Абвяшчэньне пачынала этап, калі абвешчаны пазнаваў веру ды падрыхтоўваўся да Хрышчэньня. Напярэдадні хрышчэньня статус абвешчаных мяняўся на “асьвечаных”. Падчас перадхрысьцільных катэхезаў іх вучылі Сымбалю веры й Гасподняй малітве “Ойча наш”. Завяршаліся перадхрысьцільныя катэхезы “Абвяшчальным словам”, якое абвяшчаў сам Архірэй.

  1. Хрышчэньне ўводзіць у таямніцу сьмерці й уваскрашэньня Хрыста ды было пачаткам тайнаўвядзеньня (па-грэцку — містагогія). Апынуўшыся ў сулучнасьці з Хрыстовымі сьмерцю й уваскрашэньнем, новаахрышчаны ў Мірапамазаньні атрымлівае пячатку дару Сьвятога Духу, а ў Эўхарыстыі – пажыву жыцьця вечнага.

  1. Хрысьціянскае тайнаўвядзеньне ў нашай традыцыі выражаецца й прасторава: Хрышчэньне пачынаецца ў прытворы (хрысьцільні), Мірапамазаньне адбываецца ў храме вернікаў, а Прычасьце – на парозе сьвяцілішча. Новаахрышчаныя апранаюцца ў сьветлыя рызы (крыжмо), якія ў старажытнасьці апраналі цягам усяго Сьветлага тыдня. Гэтыя рызы азначаюць радасьць новага жыцьця ў Хрысьце й чаканьне поўнасьці сустрэчы з Богам – у зноўпрышэсьці Хрыста.

4. Асяродзьдзе распаўсюджваньня веры: сям’я, народ, царкоўная супольнасьць

  1. Першым асяродзьдзем распаўсюджваньня веры з’яўляецца сям’я. Бацькі выхоўваюць у веры сваіх дзяцей прыкладам жыцьця й словам малітвы. Яны навучаюць дзяцей Эвангельлю і даводзяць яго сваім жыцьцём, становячыся для іх першымі катэхітамі. Па-хрысьціянску выхоўваючы дзяцей, бацькі ствараюць у сям’і асаблівую атмасфэру агульнай малітвы перад іконамі, сьвяткаваньня нядзеляў ды сьвятаў.

  1. Дзеці, слухаючы Божае Слова з вуснаў бацькоў, ужо зь дзяцінства ўваходзяць у духоўнае жыцьцё, пабудаванае на малітве й сьвятой таямніцы Эўхарыстыі. Дарастаючы да сталага ўзросту, дзеці з дапамогаю бацькоў растуць у ласке, якую атрымоўваюць у таямніцы Хрышчэньня, вучацца перамагаць ліхое ды ствараць добрае. Спадчына веры, якую дзеці атрымліваюць ад бацькоў, ёсьць для іх зарукай вечнага жыцьця. Для высьпяваньня дзіцяці ў веры вялікае значэньне мае пабожнае жыцьцё хросных бацькоў і членаў сям’і. Хрысьціянскія сем’і звычайна прывіваюць дзецям хрысьціянскі погляд на нараджэньне й сьмерць чалавека, стварэньне сям’і ды сямейныя ўзаемаадносіны, разьвіваюць пачуцьцё прыналежнасьці да царкоўнай супольнасьці ды свайго народу.

  1. Кожны народ ёсьць супольнасьцю з уласнаю гістарычнаю памяцьцю, сваёй бацькаўшчынай і працай дзеля росквіту й удасканаленьня. Да народаў Хрыстос пасылае апосталаў: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў” (Мц. 28:19-20). Хрысьціянізацыя народаў складаецца з паступовага фармаваньня хрысьціянскага сьветапогляду ды ладу жыцьця. Хрысьціянская культура народу з’яўляецца сродкам перадачы веры з пакаленьня ў пакаленьне. Яна ж выхоўвае ў народзе любоў да Бацькаўшчыны, ахвярнае служэньне дзеля яе дабрабыту, сумленнае стаўленьне да працы, умацоўвае сямейныя, сваяцкія ды грамадзкія сувязі. Правай узаемапранікненьня Эвангельля й культуры народу ёсьць памесная Царква.

  1. Царква, адзіная й адначасова разнастайная, ёсьць правобразам сям’і народаў, роўных і розных. Ім усім Царква абвяшчае шлях збаўленьня: “Абвяшчэньне Царквы верагоднае й устойлівае, бо праз яго праходзіць адна дарога збаўленьня па ўсёй зямлі”48. Царква ў служэньні збаўленьню чэрпае натхненьне з сузіраньня Найсьвятой Тройцы – Боскай супольнасьці Асоб, якая ёсьць адзіным Богам. Яна запрашае: “Прыйдзіце, людзі, паклонімся Богу ў трох асобах […]: Сьвяты Божа, што ўсё творыш праз Сына Духам Сьвятым; Сьвяты Моцны, які даў нам пазнаць Айца, і праз якога Дух Сьвяты на сьвет прыйшоў; Сьвяты Несьмяротны, Духу Суцяшальніку, што ад Айца паходзіш і ў Сыне спачываеш, Тройца Сьвятая, слава Табе!”49.

44 Іларыён, Вызнаньне веры.

45 Пав. II Ватыканскі Сабор, Душпастырская Канстытуцыя пра Царкву ў сучасным сьвеце Gaudium et spes [“Радасьць і надзея”], 53.

46 Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 83.

47 Ян Павал II, Апостальскі ліст Orientale Lumen [“Сьвятло Ўсходу], (2 траўня 1995), 7.

48 Ірыней Ліёнскі, Супраць ерасей, V, 20, 1.

49 Кветачная трыёдзь, Нядзеля Пяцідзесятніцы, Вячэрня, стыхіра на «Госпадзе, Цябе клічу». (пер. А. Надсан)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *