І.Б. Сьвятое Пярэданьне
Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

І.Б. Сьвятое Пярэданьне

(Пераклад Віктара Нікіфарава)

Ты […] гаварыў да нас вуснамі слуг Тваіх прарокаў, прадвяшчаючы будучае збаўленьне; даў закон на падмогу і ўстанавіў анёлаў-апекуноў. Калі ж споўніўся час, Ты прамовіў да нас праз самога Сына Твайго, якім Ты вякі стварыў”

(Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага)

Б. Сьвятое Пярэданьне

  1. Бог Айцец, які аб’явіў Сябе праз Свайго Сына, Сьвятым Духам даруе Сваё жыцьцё вернікам у Царкве. Гэтае дабратворнае дзеяньне Сьвятога Духа, Які ўсім тым, хто жыве ў сулучнасьці з Богам, аб’яўляе Праўду й жыцьцё ў ёй, называем Сьвятым Пярэданьнем. Бог, які “хоча збавіць усіх людзей і давесьці іх да пазнаньня праўды” (1 Цім. 2:4), гэта значыць да Ісуса Хрыста (гл. Ян. 14:6), адкрывае людзям “тое, што было скрыта ад стварэньня сьвету” (Мц. 13:35), а Яго слова застаецца непахісным і нязьменным: “Тое, што Бог абвясьціў дзеля збаўленьня ўсіх народаў, так пяшчотна склаў, каб яно засталося непарушным вечна й было перададзена ўсім пакаленьням”20. Такім чынам, Хрыста трэба прапаведаваць усім народам і ўсім людзям, каб такім чынам Аб’яўленьне дайшло да ўсіх канцоў зямлі.

  1. Сутнасьцю Сьвятога Пярэданьня, згодна са сьвятым Ірынэем Ліёнскім, ёсьць тое, што ува ўсіх хрысьціянаў адна і тая ж вера, праз якую яны становяцца ўдзельнікамі Божага Жыцьця: “усе прымаюць аднаго й таго ж Бога Айца, і вераць у адну і тую ж ажыцьцяўлёную задуму ўцелаўленьня Сына Божага, і ведаюць адзін і той жа дар Духу, захоўваюць адны і тыя ж запаведзі, і прытрымліваюцца аднаго і таго ж уладкаваньня Царквы, і чакаюць таго ж самога прышэсьця Госпада і вызнаюць тое ж самае збаўленьне ўсяго чалавецтва – душы й цела”21. Згодна са сьведчаньнем Сьвятога Базыля Вялікага Сьвятое Пярэданьне, якому “навучыў нас Гасподзь, гэтак прапаведавалі апосталы, прытрымліваюцца Айцы, зацьвердзілі мучанікі”22, ахапляе ўсё тое, што нам перададзена ад самога Хрыста, вучэньне Апосталаў і веру Царквы. Ён жа адзначае, што “з дагматаў, захаваных у Царкве, адны ёсьць у вучэньні, якое выкладзенае у Пісаньні, а іншыя, якія дайшлі да нас праз апостальскае Пярэданьне, мы атрымалі ў тайнаўвядзеньні. І тыя, і іншыя маюць аднолькавую моц у справах пабожнасьці […]. Той, хто адкідвае няпісаныя звычаі, пашкодзіць Эвангельле ў галоўным і зьвядзе пропаведзь да адных словаў без ўсялякага сэнсу”23. Сьвяты Базыль зьвязвае Сьвятое Пярэданьне з літургічным жыцьцём, адзначаючы, што яно, акрамя вызнаньня веры ў Найсьвятую Тройцу, ахапляе й знак крыжа ў абрадзе прыняцьця катэхумэна, малітоўнай постаці – зьвернутай на Ўсход, адрачэньне ад Сатаны і яго ўлады, трохразовае пагружэньне падчас Хросту, стаяньне на нядзельным набажэнстве, Эпіклезу ў Эўхарыстыі, блаславеньне вады й алею і гэтак далей24.

1. Апостальскае Пярэданьне

  1. Словы Аб’яўленьня Хрыстос даручае сваім апосталам: “Бо словы, якія Ты [Айцец] Мне даў, Я перадаў ім, і яны іх прынялі […]. Я перадаў ім слова Тваё” (Ян. 17:8,14). Царква працягвае выконваць апостальскае заданьне ў перадачы Божага Аб’яўленьня. Яна пакліканая, каб прапаведаваць ды тлумачыць яго. Для гэтага Хрыстос паслаў Царкве Сьвятога Духа, які навучае яе ўсякай праўдзе (пав. Ян. 16:13). Царква перадае Божае Аб’яўленьне дзьвюма шляхамі: вусна – “з дапамогаю апосталаў, якія вусным прапаведаваньнем, прыкладамі ды ўстановамі перадалі тое, аб чым яны даведаліся з вуснаў Хрыста, калі жылі зь Ім і бачылі Яго дзеі, або тое, чаму яны навучыліся ад Сьвятога Духа”25; і пісьмова: “тымі апосталамі й людзьмі зь іх атачэньня, якія, таксама натхніўшыся гэтым жа Сьвятым Духам, перадалі ў пісьмовай форме Вестку аб Збаўленьні”26.

  1. Хрыстос выбірае апосталаў і пасылае іх прапаведаваць Слова: “Дык ідзіце і навучайце ўсе народы […], навучаючы іх выконваць усё, што Я вам перадаў” (Мц. 28:19-20). Атрымаўшы гэтае пасланьне ў дзень Хрыстова Ўзнясеньня ды сілу Сьвятога Духа ў дзень Пяцідзесятніцы, апосталы пачынаюць прапаведаваць Хрыста й сьведчыць аб Ім: “Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, і мы ўсе – сьведкі гэтага” (Дзеі 2:32). Падобна да Настаўніка, вучні перадаюць Хрыстова Эвангельле ў жывым слове пропаведзі, заклікаючы зьберагчы яго: “Беражы добры скарб Духа Сьвятога, Які прабывае ў нас” (2 Цім. 1:14).

  1. Апосталы перадалі нам “усё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць” (Дзеі 1:1). Пра гэта сьведчыць і сьвяты апостал Павал, зьвяртаючыся да вернікаў у Тэсалоні: “Дык вось, браты, стойце і трымайцеся традыцый, якім навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы” (2 Тэс. 2:15). Царква заўсёды заклікала хрысьціян заставацца вернымі вучэньню Апосталаў і такім чынам захавала нязьменнасьць Сьвятога Пярэданьня, а тым самым і вернасьць Ісусу Хрысту. Сутнасьць Пярэданьня палягае менавіта ў верным сьледаваньні за Хрыстом у Царкве ва ўсіх пакаленьнях ажно да скону часу. Таму гэтае Сьвятое Пярэданьне з’яўляецца нязьменным, бо яго зьместам ёсьць Ісус Хрыстос, які Той самы ўчора, сёньня й навекі (пав. Гэб. 13:8).

2. Вернасьць Пярэданьню

  1. Непарыўнасьць Пярэданьня зьдзяйсьняецца ў літургічным жыцьці Царквы, у вучэньні Сьвятых Айцоў, якія сьведчаць Ісьціну не па людскім успамінам, але маючы жывы й няспынны досьвед Сьвятога Духа. Сталасьць гэтага досьведу магчымая ў вернасьці навучаньню апосталаў, спадчыне Сьвятых Айцоў, настаўніцтву Царквы, якая й умацоўвае нас у надзеі на абяцаньне будучага веку. Вернасьць Пярэданьню гэта вернасьць новаму жыцьцю ў Хрысьце, якая была перададзена Сьвятым Духам апосталам і адпаведна эпіскапам, прэзьбітарам, дыяканам і ўсім вернікам.

  1. Першыя хрысьціянскія супольнасьці захоўвалі й перадавалі апостальскае навучаньне, прапаведавалі Божае Слова ды жылі ім (пав. Плп. 2:6-11), увесь час знаходзячыся “ў навуцы апосталаў ды ў супольнасьці, у ламаньні хлеба і ў малітвах” (Дзеі 2:42). У прыватнасьці, “у ламаньні хлеба”, хрысьціяне спазнавалі выкананьне Эвангельля ды прысутнасьць сярод іх Хрыста (гл. Лк. 24:31), і адначасова абвяшчалі надыход будучага часу, жывучы ў гэтым сьвеце, але будучы “не са сьвету” (пав. Ян. 15:19; 17:14). Гэтыя словы можна ўжыць напоўню й да сёньняшняй Царквы, якая доўжыць у сабе апостальскае Пярэданьне. Яна не спыняе заклікаць людзей, на ўзор апостала Пятра, да пакаяньня й хрышчэньня, дзякуючы якім яны атрымаюць дар Сьвятога Духу, таму што “вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш” (Дзеі 2:39). Прадчуваньне тых падзей і прыходу Божага Валадарства вернікі атрымліваюць у Найсьвятой Эўхарыстыі, у якой зьдзяйсьняецца сустрэча й сулучнасьць Бога і людзей. Гэта і ёсьць зьместам Пярэданьня, якім Царква жыла ў апостальскія часы, якім жыве цяпер і будзе жыць у будучым веку.

3. Сьвятое Пярэданьне й Сьвятое Пісаньне

  1. Царква верыць і вучыць, што “Сьвятое Пярэданьне й Сьвятое Пісаньне цесна між сабою зьвязаныя ды ўзаемадзейнічаюць. Абодва, вынікаючы з адной і той жа Божай крыніцы…, накіроўваюць да адной і той жа мэты. Бо Сьвятое Пісаньне ёсьць Словам Божым, запісаным пад натхненьнем Сьвятога Духа, а Сьвятое Пярэданьне – Слова Божае, Хрыстом Госпадам і Сьвятым Духам даручанае апосталам, перададзенае ва ўсёй паўнаце іх пасьлядоўнікам, каб, асьвечаныя Духам праўды, яны гэтае Слова ў пропаведзях верна захоўвалі, выкладалі й распаўсюджвалі”27. Вуснае Пярэданьне высьвятляе й растлумачвае Сьвятое Пісаньне, а з дапамогай Сьвятога Пісаньня Царква вызначае праўдзівасьць вуснага Пярэданьня. Вуснае Пярэданьне выказана ў вучэньні Сьвятых Айцоў, у тым ліку на сусьветных і памесных Саборах. Вось чаму Царква навучае прымаць зь вераю ды павагай як Сьвятое Пісаньне, так і вуснае Пярэданьне.

20 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 7.

21 Пав. Ірыней Ліёнскі, Супраць ерасей, V, 20, 1.

22 Базыль Вялікі, Гамілія 24. Супраць савеліян, Арыя й анамеяў, 6.

23 Базыль Вялікі, Аб Сьвятым Духу. Да Амфілохія, эпіскапа Іканійскага, 27, 66

24 Гл. Базыль Вялікі, Аб Сьвятым Духу. Да Амфілохія, эпіскапа Іканійскага, 27, 66

25 Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 76

26 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 7.

27 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 9.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *