Катэхізіс УГКЦ, Катэхітычныя матэрыялы

І.А. Божае Аб’яўленьне

(Пераклад Віктара Нікіфарава)

І. АБ’ЯЎЛЕНЬНЕ ЎСЕСЬВЯТОЙ ТРОЙЦЫ

Ты – той, які дараваў нам пазнаньне Тваёй праўды. Хто сапраўды здольны належна апісаць магутнасьць Тваю, зрабіць чутнай хвалу Тваю, расказаць аб усіх цудах, якія Ты чыніш у кожны час?”

(Анафара Літургіі сьвятога Базыля Вялікага)

А. Божае Аб’яўленьне

  1. Вера Царквы грунтуецца на Божым Аб’яўленьні. У гэтым Аб’яўленьні нябачны Бог у паўнаце сваёй любові зьвяртаецца да людзей, каб паклікаць іх да сулучнасьці з Сабою (укр. “до сопричастя зі Собою”): “Упадабаў Бог, у Сваёй дабрыні й мудрасьці, аб’яўленьне Сябе самога і выявіў нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабаньня (пав. Эф. 1:9), дзякуючы якой людзі праз Хрыста-Слова, што стала целам, у Сьвятым Духу маюць доступ да Айца й становяцца ўдзельнікамі Божай прыроды” (пав. Эф. 2:18; 2 Пёт. 1:4)10. Бог, які “жыве ў сьветласьці недаступнай, Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа” (1 Цім. 6:16; пав. Ян. 1:18; 1 Ян. 4:12), “у цела апрануўшыся, прыйшоў да людзей, якія на зямлі жывуць, каб даведаліся яны пра наведваньне іх і прышэсьце Госпада”11. Аб’яўляючы Сябе, Бог, які ў сваёй сутнасьці ёсьць непазнаным, жадае, каб людзі адказвалі Яму, пазнавалі Яго й любілі Яго больш за ўсё12.

  1. Божае Аб’яўленьне зьдзяйсьняецца адначасова праз дзеяньні й словы, цесна зьвязаныя між сабой, якія ўзаемна асьвятляюць адно аднога13. Такім чынам выяўляецца асаблівая “Божая пэдагогіка”14: Бог адкрывае Сябе чалавеку паступова, паэтапна рыхтуючы яго да ўспрыняцьця Аб’яўленьня Сябе Самога, ажно да паўнаты Аб’яўленьня ў Асобе й дзее Уцелаўлёнага Слова – Ісуса Хрыста: “Многа разоў і многімі спосабамі прамаўляў здаўна Бог да бацькоў нашых праз прарокаў. У апошнія ж гэтыя дні прамовіў Ён да нас праз Сына, Якога паставіў спадкаемцам усяго, праз Якога стварыў і вякі” (Гэб. 1:1-2). Ва ўсёй паўнаце Бог аб’яўляе Сябе толькі ў сваім уцелаўлёным Слове, якое было спрадвеку (пав. Ян. 1:1), — Ісусе Хрысьце, у якім “прабывае ўся паўната Боства цялесна” (Клс. 2:9).

  1. У Старым Запавеце Бог аб’яўляецца Майсею на гары Сінай як Існы – “Я – Той, Хто ёсьць” (Вых. 3:14), аб’яўляючы яму ня штосьці пра Сябе, але Сябе Самога. Імя “Існы” сьведчыць аб асабовасьці Бога, Які існуе Сам у Сябе ды з‘яўляецца крыніцай усялякага існаваньня й жыцьця. У Новым Запавеце Бог, які першы йдзе насустрач чалавеку (пав. Ян. 3:16; 1 Ян. 4:19), аб’яўляе Сябе Айцом праз уцелаўлёнага Сына Ісуса Хрыста ў Сьвятым Духу.

1. Божае Слова ў стварэньні

  1. Толькі Бог існуе спрадвеку, а ўсе стварэньні Ён прывёў з нябыту ў быцьцё. Толькі Ён мае жыцьцё ва ўсёй паўнаце, а сьвет, паколькі быў створаны, дзякуе сваім існаваньнем Яму. Бог стварае ўсё сваім Словам: “Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася” (Ян. 1:3; пав. Род. 1). Створаная Богам прырода ды яе законы паходзяць ад Слова: “Слова… застаецца ў зямлі на ўсе наступныя часы, надаючы ёй сілу радзіць і прыносіць плады”15. Божае Слова дае закон і сэнс стварэньню: і сказаў Бог, — гэта значыць, што ў кожную існасьць укладзена мудрае й творчае слова16. У сузіраньні прыроды, яе заканамернасьцяў ды гармоніі, мы спазнаем мудрасьць Творцы й прыгажосьць Яго задумы. Усе стварэньні праслаўляюць Бога, Яго веліч, хвалу й мудрасьць: “Нябёсы абвяшчаюць хвалу Бога, і пра справу рук Яго паведамляе цьвярдыня” (Пс. 19:2); “Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!” (Пс. 8:2).

  1. Праз сьвет, як стварэньне Бога, мы спазнаем Творцу: “Ды ад стварэньня сьвету нябачнае [Божае] і спрадвечная Яго магутнасьць і Боскасьць выяўляюцца розуму праз тое, што створана” (Рым. 1:20). Сьвятыя Айцы Царквы часта параўноўвалі сьвет з кнігаю, праз якую адкрываем яе Аўтара17. Набываючы досьвед знаходжаньня ў Божай прысутнасьці, людзі здольныя праслаўляць Бога “ў кожным месцы Яго валадараньня!” (Пс. 103:22).

2. Бог у гісторыі

  1. Бог аб’яўляецца чалавеку ня толькі як Творца і Ўладар сусьвету, але й як Айцец і Збаўца Свайго народу. Таму гісторыя чалавецтва ёсьць сьвятой гісторыяй, таму шта сам Бог у ёй з’яўляецца й дзейнічае. Гэтая задума збаўленьня зьдзяйсьняецца і ў справах і ў словах, ўнутрана так паміж сабой зьвязаных, што справы, зьдзейсьненыя Богам, у гісторыі збаўленьня паказваюць навуку і словамі гэтыя справы
    пацьвярджаюцца, а словы абвяшчаюць справы й высьвятляюць таямніцу, у іх схаваную. Унутраная ж праўда, і пра Бога і пра збаўленьне людзей, у гэтым Аб’яўленьні нам становіцца зразумелай у Хрысьце, які ёсьць адразу й пасярэднікам і паўнатой усяго Аб’яўленьня18.

  1. Бог адкрыў Адаму ды Еве, а праз іх усім людзям, што іхняе пакліканьне працягваць справу стварэньня: “Расьціце й размнажайцеся, і запаўняйце зямлю, і падпарадкоўвайце яе сабе” (Род. 1:28). Калі ж продкі праз сваё грэхападзеньне адпалі ад Бога, Бог не пакінуў чалавека і абяцаў даць яму Збавіцеля: “Ён [нашчадак жанчыны – Ісус Хрыстос] сатрэ галаву тваю [зьмея]” (Род. 3:15).

  1. Чалавек, нават страціўшы праз грэхападзеньне сапраўднае пазнаньне Бога, не перастае шукаць Таго, хто ёсьць пачаткам усяго. Аб такім пошуку прамаўляе сьвяты апостал Павал да жыхароў Атэнаў: “Мужы атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя. Бо, праходзячы й аглядаючы вашы сьвятыні, напаткаў і ахвярнік, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю. Бог, Які стварыў сьвет ды ўсё, што ў ім, Ён – Госпад неба й зямлі, не пражывае ў сьвятынях рукатворных” (Дз. 17:22-24).

  1. Зь ліку людзей, якія “шукалі Бога, ці не дакрануцца да Яго часам, ці не знойдуць” (Дз. 17:27), Бог аб’яўляе Сябе Абрагаму, паклікаючы яго стаць бацькам усіх вернікаў. Сваю вернасьць абяцаньня нашчадкам і зямлі Бог пацьвярджае, даруючы Абрагаму сына Ізаака, а гэтаму – Якуба. Таму, зьяўляючыся Майсею ў палаючым кусьце, каб паклікаць яго вывесьці Яго народ з Эгіпту – дому няволі, Існы Бог аб’яўляе сябе “Богам Абрагама, Ізаака й Якуба” (пав. Вых. 3:15), “Богам бацькоў нашых” (Паўт. Зак. 26:7). Пераводзячы ізраэльскі народ праз Чырвонае мора, дорачы яму свае запаведзі на гары Сінай ды уводзячы яго ў Абяцаную зямлю, Бог паказвае, што Ён ня толькі ўваходзіць у гісторыю свайго народу, але й кліча яго да паўнаты жыцьця ў Ім: “Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам” (Святар. 26:12). Давіду, які жадаў пабудаваць Яму дом, гэта значыць храм, Бог абяцае, што Сам збудуе яму “дом”, гэта значыць выведзе зь яго ўлоньня патомства – Мэсію, валадарства якога будзе існаваць павек (пав. 2 Сам. 7:11-16). Зьдзяйсьненьне гэтага абяцаньня Царква бачыць у Ісусе Хрысьце: “І дасьць Яму Госпад Бог пасад Давіда, бацькі Яго; і будзе Ён валадарыць над домам Якуба вечна, і валадарству Яго ня будзе канца” (Лк. 1:32-33).

  1. У Новым Запавеце паўната Аб’яўленьня спасьцігнутая ў Адзінародным Сыне, які спрадвеку ва ўлоньні Айца й Айца аб’яўляе (гл. Ян. 1:18). Сам Ісус падкрэсьлівае: “Хто бачыць Мяне, бачыць і Айца” (Ян. 14:9), — тым зацьвярджаючы, што Ён і Айцец – адно (гл. Ян. 10:30). Такім чынам Ісус Хрыстос прыносіць паўнату Аб’яўленьня, бо Ён з’яўляецца “вобразам нябачнага Бога” (Клс. 1:15). Хрыстос – праўдзівы Бог і праўдзівы чалавек — абвяшчае ў Сабе таксама й вобраз дасканалага чалавека.

  1. Царква верыць, што існуе толькі адно адзінае Божае Аб’яўленьне людзям, паўнату якога прынёс нам і перадаў Ісус Хрыстос, і іншага Аб’яўленьня не існуе19. Божае Аб’яўленьне працягвае перадавацца ў Царкве – Целе Хрыстовым, каб мы ўзрасталі ў веры і богапазнаньні.

  1. У сваім богаслужбовым жыцьці Царква аб’ядноўвае каляндарны год з годам літургічным, гістарычны час – са сьвятым часам збаўленьня. У літургічным сьвяткаваньні гістарычныя падзеі зямнога жыцьця Збавіцеля становяцца збаўленчымі таямніцамі. Так Бог працягвае дзейнічаць у гісторыі да яе канчатковага дасягненьня ў зноўпрышэсьці Ісуса Хрыста. Калі ў Старым Запавеце Бог зьяўляўся толькі сваім абраным: патрыярхам, прарокам і валадарам, то ў Новым Запавеце ўсе, хто належыць да Хрыстовай Царквы, прымаюць Яго Аб’яўленьне.

10II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 2.

11 Іларыён, Слова аб законе й ласке.

12 Пав. Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 52.

13 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 2.

14 Катэхізіс Каталіцкай Царквы, 53.

15 Базыль Вялікі, Гамілія пятая на Шасьцідзён, 1.

16 Пав. Рыгор Ніскі, Пра Шасьцідзён.

17 Пав. Базыль Вялікі, Гамілія адзінаццатая на Шасьцідзён, 4; Ян Залатауст, Гамілія пра статуї, 9.

18 Пав. Мц. 11:27; Ян. 1:14, 17; 14:6; 17:1-3; 2 Кар. 3:16; 4:6; Эф. 1:3-14.

19 Пав. II Ватыканскі Сабор, Дагматычная канстытуцыя пра Божае Аб’яўленьне Dei Verbum [“Божае Слова”], 4.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *