Казанні

Нядзеля прабачэння

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Сёньняшняя нядзеля, апошняя перад Вялікім Постам, называецца па-славянску «Прощ е нное воскресение» — Нядзеля прабачэньня. Нездарма мы узгадваем аб прабачэньні перад Вялікім Постам. Прабачэньне – гэта дзьверы, якімі можам выйсьці на дарогу малітвы, духоўнага жыцьця, пазнаньня самога сябе і Бога. А самае галоўнае, што прабачэньне зьяўляецца дзьвярыма да Божага Валадарства. Сёньня Ісус зьвяртаецца да нас са словамі: “Бо калі вы адпусьціце людзям грахі іх, дык і ваш Айцец нябесны адпусьціць вам. Але калі вы не адпусьціце людзям, то і Айцец ваш не адпусьціць грахоў вашых” (Мц 6, 14).

Прабачэньне заўсёды актуальна: ці ж ёсьць чалавек, які можа засьведчыць, што ўсё ўсім прабачыў? Канешне, не. Непрабачэньне знаходзіцца ў закутках нашых сэрцаў. Яно паралізуе нашую волю і ініцыятыву, адымае ў нас радасьць. Гэтая нядзеля нагадвае і дае нам шанец паўстаць “ад сну” непрабачэньня, зрабіць рашучы крок і адчыніць дзьверы, за якімі ёсьць свабода духа.

2. Распавядаюць гісторыю, што аднойчы Фаіна Ранеўская, зайшоўшы ў грымёрку і пабачыўшы сваіх калегаў, якія з запалам штосьці абмяркоўвалі, запытала: “Супраць каго сябруем, дзяўчыны?” Сапраўды, непрабачэньне можа набываць розныя формы. Аднак найбольш небясьпечным гатункам непрабачэньня ёсьць непрабачэньне самога сябе. Чаму так цяжка сабе прабачыць?!

Справа ў тым, што прабачэньне грунтуецца на факце Божай Міласэрнасьці. Калі мы ня хочам прабачыць іншаму чалавеку, то гэтым мы запярэчваем, што Бог міласэрны ў адносінах да яго. Калі мы ня хочам прабачыць сабе, гэта азначае, што мы запярэчваем тое, што Бог міласэрны ў адносінах да нас. Ці будзем упарта паўтараць: “Бог, Ты не міласэрны да яго (яе)! Бог, Ты не міласэрны да мяне!”?

Мы ня хочам паверыць у Божую Міласэрнасьць. Нам лягчэй паверыць, напрыклад, што мы “ня маем віны”, ці “не нясем адказнасьці”, ці “вінаватыя ўсе”, апроч мяне… Аднак, калі наш грэх і памылкі відавочныя, то мы застаемся з імі і робімся самі сваімі суддзямі. Гэта вельмі страшна – быць сабе суддзёю. Часамі мы можам быць справядлівымі суддзямі, але ніколі міласэрнымі.

3. Як бачым, прабачэньне – гэта справа таксама веры, веры ў тое, што Бог зьяўляецца крыніцай Міласэрнасьці і прабачэньня. Давайце яшчэ і яшчэ адкрываць яе для сябе. Гэта не аднаразовае дзеяньне. Можа хто-небудзь з нас, напрыклад, мае патрэбу напісаць сьпіс асобаў, якім яшчэ не прабачыла яго сэрца і штодзённа маліцца за іх. Можа, такі сьпіс варта зрабіць кожнаму з нас?

Давайце прабачаць! Калі мы прабачаем, мы падобныя да Бога. Сёньня пасля Боскай Літургіі будзе час, каб папрасіць прабачэньня адзін у аднаго. Давайце скарыстаемся магчымасьцю быць багамі!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *