Казанні

Нядзеля пра Страшны суд

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Сёньня мы перажываем трэцюю нядзелю перадпосьця, якая называецца Нядзеляй Мясапуснай або Нядзеляй аб Страшным Судзе. Чаго хоча нас навучыць наша літургія, прапануючы нам разважаньне пра Страшны Суд адразу пасля Нядзелі Блуднага Сына, калі мы бачылі Бога, як міласэрнага Айца? Ці вобраз Бога, як Праведнага Судзьдзі не супярэчыць вобразу Бога-Айца?

У прыповесьці, якую мы толькі што пачулі, Ісус кажа пра тое, што судзёй будзе Сын Чалавечы, г.з. Ён сам. Цяжка ўявіць Збавіцеля ў такой ролі, і гэта прымушае нас задумацца сур’ёзна над справай Страшнага Суду. Ісус Хрыстос дае празрысты крытэрый на падставе якога будзе судзіцца кожны чалавек, і гэтым крытэрыем ёсьць спачуваньне.

2. На Судзе, як вынікае з прыповесьці, ня будзе Судзьдзя пытацца пра грахі, якія чалавек зрабіў пад час свайго жыцьця, але пра тыя добрыя і неабходныя учынкі, якія чалавек не зрабіў свайму бліжняму. Больш таго, спачуваньне і службу іншаму чалавеку Ісус аргументуе вельмі нечакана: “Сапраўды кажу вам: што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў найменшых, тое Мне зрабілі” (Мц 25, 40).

Немагчыма любіць Ісуса і быць абыякавым да людзей, што навокал нас; немагчыма быць з Ісусам і быць далёка ад людзей, якія патрабуюць спачуваньня… Ёсьць гісторыя пра настаўніка які страшыў людзей Апошнім Судом, і мукамі якія чакаюць грэшнікаў. У той час, калі ён так рабіў, іншы настаўнік праходзіў побач і ўсё чуў. “Не пужай людзей – сказаў ён. – На Судзе Бог запытае толькі пра адно: Сыне, Я быў з табою, а ты з кім быў?”.

3. Дарагія браты, дарагія сёстры! Гэта гісторыя нас вучыць таму ж самаму, што і евангельская прыповесьць: мы выбіраем Валадарства, жыцьцё вечнае, тады, калі мы выбіраем Ісуса Хрыста. Ён заўсёды з намі: у нашых бацьках, у нашых дзецях, у нашым мужы (жонцы), у нашых супрацоўніках на працы, у нашых начальніках і падначаленых, у нашых сябрах і ворагах… Ён з намі. Без сумніву сёньня Слова Божае хоча нам задаць пытаньне: а ты… з імі?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *