Казанні

Нядзеля пра блуднага сына

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Усім нам вядомая гэтая прыповесьць пра блуднага сына, а дакладней было б сказаць прыповесьць пра двух блудных сыноў. Гісторыя гэта вельмі драматычная. Можна было б заглыбляцца ў яе гістарычны і псіхалагічны кантэксты, але і бяз іх можам бачыць надзвычай вялікія рэчы, якія адкрывае нам Божае Слова.

Прыповесьць гэту называюць “евангельлем” у Евангельлі. Яна сталася ўсім вядомым вобразам, які распавядае пра сітуацыю грэшнага чалавека (“і ён рады быў наесьціся ражкамі, што елі сьвіньні, але ніхто не даваў яму” (Лк 15, 16)), і, адначасова, адкрывае нам кім ёсьць Бог.

2. Можа зьдзіўляць і захапляць адначасова той факт, што толькі ў Сьвятым Пісаньні мы даведваемся пра тое, што Бог ёсьць нашым любячым Айцом (“І калі ён (малодшы сын) быў яшчэ далёка, згледзіў яго айцец яго і зьлітаваўся, і пабегшы кінуўся яму на шыю і цалаваў яго” (Лк 15, 20б)). Менавіта гэта адкрыцьцё дае нам вялікую надзею! Надзею на тое, што мы ў стане вытрываць нашую дарогу да дому – бо гэта дарога да нашага дому, да дому, дзе чакае Айцец. Айцец, а не чужы дзяцька, Айцец, а не абстрактны Абсалют…

Жаданьне вярнуцца да дому уласьцівае кожнаму чалавечаму сэрцу. Ужо Адысей, які намагаецца вярнуцца на сваю родную Ітаку, можа быць сімвалам шукаючага чалавецтва. Вяртаньне да дому любячага Айца – гэта дарога, поўная невядомых прыгод і, канешне, небясьпекі. Каб стаць на яе, трэба паглядзець на сябе па-іншаму: усьвядоміць сваё становішча, захацець быць удзельнікам таямніцы… Вось як яе апісвае адна з песьняў на Вячэрні: “Пазнайма, браты веліч тайны: усядобры Айцец сустракае і цалуе блуднага сына, які ад грахоў вярнуўся ў бацькоўскі дом; Ён дае яму зноў знак годнасьці сваёй і тайна рыхтуе ў сьвятліцы застольле, забіўшы кормнае цялё. Хай жа жыцьцё наша будзе годным чалавекалюбнага ахвяравальніка Айца, і слаўнага Збавіцеля, які аддаў сябе на ахвяру за збаўленьне душ нашых”… Вяртаньне да дому любячага Айца – гэта метаноя-пакаяньне.

3. Абяцаньне ўдзелу ў тайне – заахвочвае да абуджэньня, да зьмены мысленьня, да пакаяньня. Літургічны перыяд перадпосьця – падрыхтоўкі да Вялікага Посту – уводзіць нас па-настаўніцку, ад Нядзелі Мытніка і Фарысэя праз Нядзелю Блуднага Сына – у духоўную прыгоду Вялікага Посту. Хай гэта будзе час асабліва інтэнсіўнай працы над нашымі сэрцамі, час, калі мы адкінем усё, што нас абцяжарвае і скіруем наш шлях да таямніцы Бога-Айца.

Дарагія браты, дарагія сёстры! Давайце ўсьвядомім, што мы сапраўды зьяўляемся спадкаемцамі нашага Бога, што мы “куплены дарагою цаною” (1 Кар 6, 20). Давайце будзем карыстацца тым, што Ён даў нам праз Царкву Хрыстову: Таямніцай Споведзі, Прычасьцем, Літургічнай Малітвай, Сьвятым Пісаньнем. Праз гэтыя, здавалася б, вонкавыя знакі, мы робімся ўдзельнікамі моцы Хрыстовай, што дапамагае нам сьведчыць Божую Міласэрнасьць “чалавекалюбнага ахвяравальніка Айца”. Амін.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *