Казанні

Нядзеля мытніка і фарысея

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Што такое быць пакорным? Хто ён такі, пакорны чалавек, чым адрозьніваецца ад іншых? Сучасная цывілізацыя накідвае нам сваё бачаньне пакоры. Быць пакорным – ня модна. Бо… Быць пакорным – гэта быць пасіўным, “забітым”, ня мець свайго меркаваньня. Быць пакорным – гэта быць слабым. Пакора не пасуе сучаснаму чалавеку – чалавеку посьпеху, моцы, кар’еры, матэрыяльнага дастатку; чалавеку, упэўненаму ў сабе. Аднак гэтак паданы вобраз пакоры – непраўдзівы.

Сёньняшні ўрывак Евангельля падае нам праўдзівы вобраз пакоры. Дзьве асобы – мытнік і фарысей прыйшлі ў храм. Фарысей дзякуе Богу за тое, што ён не такі, як іншыя грэшнікі, а мытнік просіць пра літасьць. Каму з іх не хапае адэкватнай самаацэнкі? І вось тут трэба зазначыць, што толькі Бог можа быць гарантам правільнай самаацэнкі! Таксама як мы часамі патрабуем лекара, які мог бы паставіць нам правільны дыягназ, і ня робім гэтага самі, таксама мы патрабуем Бога, бо толькі Ён – сапраўдны Лекар душ і целаў – можа даць нам пабачыць нас, сапраўды такімі, якімі мы ёсьць.

2. Фарысей намагаецца сам сабе “паставіць дыягназ”: ён умяшчае сябе ў цэнтр сваёй малітвы, упэўнена пералічвае свае дабрадзейнасьці, намагаецца быць сам сабе судзьдзёю, а больш таго – сувора судзіць іншых… Мытнік – і ў гэтым ягоная пакора – адмаўляецца судзіць нават самога сябе. Аднак жа гэта не “заплюшчваньне вачэй” на свае грахі і праблемы – гэта шуканьне праўды пра сябе ў Бога. Ён суадносіць сваю ўнутраную рэчаіснасьць не са сваёй абмежаванай ацэнкай, але з рэчаіснасьцю Божай Міласэрнасьці. Менавіта пра такі ягоны настрой сьведчаць словы Мытніка – “Божа! Будзь літасьцівы да мяне, грэшнага” (Лк 18, 13б).

“Божа! Будзь літасьцівы да мяне, грэшнага” – гэта словы не “забітага” і не пасіўнага чалавека. Наадварот, каб сказаць гэтыя словы трэба зрабіць сур’ёзны духоўны высілак, намаганьне! Трэба адкрыцца, не саромецца паказаць свае раны і слабасьці… У гэтых словах – дынаміка нашага духоўнага жыцьця, вобраз адносінаў паміж канкрэтнай асобай і нашым Богам, Лекарам і справядлівым Судзьдзёю. Гэтымі словамі мы дакранаемся Таго, Каго немагчыма дакрануць!

3. Аднак жа, які рэцэпт “прапісаць” сучаснаму чалавеку? Як адказаць на пытаньне: “Што мне зрабіць, каб стаць больш пакорным?”. Мяркую, што першым крокам да пакоры ёсць сьціплыя паводзіны. Будзь сьціплым! Перастань думаць, што ты заўсёды маеш рацыю, устрымай свой язык, навучыся слухаць іншых, імкніся зразумець іх, асьцерагайся пасьпяхова даваць ацэнку, май велікадушнасьць і літасьць для ўсіх, хто гэтага патрабуе.

Быць сьціплым… Вось чаму так ня модна быць пакорным.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *