Айцы БГКЦ

Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Гэтай перадачай я хачу распачаць сэрыю радыёзамалёвак пра пакуль малавядомых беларускіх герояў, якія ахвярна служылі Каталіцкай Царкве ды сваёй Бацькаўшчыне. Я сказаў «пакуль малавядомых», бо мы, людзі, не заўсёды сваечасова здольныя зрабіць слушную ацэнку сваёй гісторыі, ды і не заўсёды для гэтага хапае дакументальна падцьверджаных фактаў…

Мова пойдзе пра тых, каго Каталіцкая Царква звычайна называе сьвятымі. І хоць пакуль нашыя героі афіцыйна не занесеныя ў гэтыя сьпісы, але іх подзьвіг ня можа не натхняць… Ня можа не натхняць нас, спадкаемцаў гэтых волатаў духа, на роздумы ды шляхетныя ўчынкі, паводле іх дастойнага прыкладу, на карысьць Каталіцкай Царквы ды сваёй Бацькашчыны.

Імёны, што выклікаюць подзіў

Вось імёны, якія нам сёньня трэба ўзгадаць, выцягнуць з запыленых архіваў са зьдзіўленьнем і подзівам для іх уладальнікаў: экзарх Антон (Неманцэвіч), архімандрыт Андрэй (Цікота), архімандрыт Фабіян (Абрантовіч), а. Язэп (Германовіч), архімандрыт Леў (Гарошка), а. Тамаш (Падзява). Гэта яны – малавядомыя беларускія героі XX-га стагодзьдзя.

Гэтых людзей шмат чаго аб’ядноўвала: усе яны былі каталіцкімі сьвятарамі і служылі ў візантыйскім (грэка-каталіцкім) абрадзе, усе яны (акрамя а. Антона (Неманцэвіча)) належалі манаскай супольнасьці айцоў-марыянаў. Частка з іх загінула ў савецкіх лагерах, гэта — архімандрыт Андрэй (Цікота) і архімандрыт Фабіян (Абрантовіч). Адзін з іх – а. Антон (Неманцэвіч) стаўся ахвярай нямецкіх нацыстаў.

А. Язэп (Германовіч) і а. Тамаш (Падзява) прайшлі савецкія лагеры ды памерлі на чужыне ў эміграцыі. Скончыў таксама на чужыне сваё жыцьцё і архімандрыт Леў (Гарошка).

Няма сумніву, што гэтых людзей аб’ядноўвала ня толькі ахвярнае жыцьцё, але таксама і сьмерць. Іх сьмерць, якая сталася для шматлікіх людзей знакам іншай, нябачнай рэчаіснасьці, да якой яны імкнуліся ўсё жыцьцё, намагаючыся застацца да канца вернымі свайму Госпаду — Ісусу Хрысту.

а. Антон Неманцэвіч – пакліканьне

Дарагія радыёслухачы! Давайце сёньня я трошкі больш пазнаёмлю вас з асобай айца Антона (Неманцэвіча). Ён нарадзіўся далёка ад сваёй радзімы – у Санкт-Пецербургу 8 лютага 1893 году. Ягонымі бацькамі былі Вікторыя ды Ян, якія прыехалі туды з ваколіцаў Саколкі, што знfходзіцца недалёка ад Беластоку. У Пецярбурзе Антон скончыў вядомую прыватную каталіцкую гімназію сьв. Кацярыны ды абраў ня лёгкую сьвятарскую дарогу. Пасля заканчэньня ў 1915 годзе каталіцкай семінарыі ён адразу паступіў у мітрапалітальную Духоўную Акадэмію, якая ў той час існавала ў Пецярбургу.

У тым самым годзе а. Антон, сьвядомы сваёй нацыянальнай прыналежнасьці, далучаецца да беларускага кола, якое існавала пры Акадэміі. Тут ён разам з аднадумцамі паглыбляе свае веды пра Бацькаўшчыну ды дзеліцца імі з іншымі людзьмі. Знакава, што на адным з паседжаньняў гэтага клюба ён робіць даклад пра Берасьцейскую Унію, да якой ужо ў тыя часы мае цікавасьць.

Пад час свайго побыту ў Пецербургу, ён актыўна пашырае ідэю еднасьці Цэркваў сярод праваслаўных. Гэтая руплівасьць была заўважана Экзархам расійскіх грэка-каталікоў а. Леанідам Фёдаравам. У сваім лісьце да мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага ён пісаў, што сярод беларускіх сьвятароў-лаціннікаў ёсьць шмат шчырых прыхільнікаў Уніі, якія дзеля гэтага гатовыя прыняць усходні абрад. Сярод імёнаў пералічаных у лісьце было таксама прозвішча а. Антона.

Ня хутка аднак а. Антон вярнуўся на Бацькаўшчыну, каб працаваць на карысьць Богу і еднасьці Цэркваў. Адбылося гэта толькі ў 1929 годзе. Перад гэтым ён пасьпеў двойчы (у 1919 і 1921) пабываць у савецкіх астрогах за «занадта актыўную рэлігійную дзейнасьць».

У 1921 годзе а.Антон быў далучаны да тых вязьняў, якімі абмянялася бальшавіцкая Расія з Польшчай. З Польшчы, па накіраваньню мітрапаліта Эдварда Роппа, ён выезджае на вучобу ў Рым у Папскі Усходні Істытут. Тут ён абараняе доктарскую працу, якая была прысьвечана выхаваньню моладзі ў бальшавіцкай Расеі ды ізноў вяртаецца ў Польшчу.

Пасля году выкладчыцкай дзейнасьці ў Любліне ў Каталіцкім Універсітэце ды Місійнам Інстытуце, а. Антон у 1929 годзе вяртаецца на сваю Айчыну ў прыгарад Слоніма, Альбярцін.

У Альбярціне ён уступае ў навіцыят айцоў-езуітаў усходняга абраду. Тут ён, маючы ўжо 36 год ды дастаткова багаты жыцьцёвы і душпастарскі досьвед, вучыцца ў пакоры манаскаму жыцьцю і езуіцкай духоўнасьці.

Дарагія сябры, на гэтым я развітваюся з вамі. Працяг аповеду пра а. Антона ды айцоў-марыянаў усходняга абраду слухайце ў наступных перадачах «З сэрцам у кантакце». З вамі быў а. Андрэй Буйніч. Лістуйце на мэйл zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *