Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: ераманах Тамаш (Падзява) — сьвятар і філосаф, які быў заўсёды на мяжы
Айцы БГКЦ

Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: ераманах Тамаш (Падзява) — сьвятар і філосаф, які быў заўсёды на мяжы

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграмма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – айцец Андрэй Буйніч. Я працягваю распавядаць пра героеў Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы ў 20-м стагодзьдзі. Апошнія перадачы я асаблівую ўвагу прысьвячаў ераманахам беларускага манастыру марыянаў у Друі: айцам Фабіяну (Абрантовічу), Андрэю (Цікоце), Язэпу (Германовічу). Сёньняшняя перадача пра іх сабрата ды супрацоўніка а. Тамаша (Падзяву).

Айцец Тамаш (Падзява) меў вельмі шмат сацыяльных роляў. Ён быў выдатным рэлігійным і культурна-асьветным дзеячом, філосафам, навуковым супрацоўнікам публіцыстам, вязьнем сталінскага лагеру… Давайце, наколькі дазваляе нам эфірны час нашай перадачы, наблізімся да ягонай незвычайнай асобы.

Нарадзіцца на мяжы

Чалавек, калі нараджаецца, то з цягам часу выносіць з сваёй сям’і пэўныя перакананьні адносна таго кім ён зьяўляецца. Для беларусаў асэнсаваньне сваёй тоеснасьці заўсёды адкрывалася на шляху пошукаў, высілкаў, ды цяжкіх выбараў. Для нас, сучасных беларусаў, застаюцца актуальнымі пытаньні сваёй нацыянальнай індэнтычнасьці ды ролі ў сусьветнай гісторыі, гісторыі Еўропы.

Для а. Тамаша, які нарадзіўся недалёка ад Друі ў 1906 годзе, вопыт жыцьця «на мяжы» быў пытаньнем, на якое ён намагаўся знайсьці адказ усё сваё жыцьцё. Калі я кажу «на мяжы», то маю на ўвазе перад усім ягоны досьвед розных культураў. Вось жа жыхары Друі ды яе ваколіцаў належалі да розных народаў. Тут жылі беларусы, габрэі, палякі ды расейцы. Такое асяродзьдзе моцна ўплывала на малога Тамаша.

Спрабуючы акрэсліць, хто ён ды да якой культуры прыналежыць, Тамаш сутыкнуўся з унутраным падзелам… Вось як ён апісвае сваю сітуацыю: «Не магу сказаць, які ўплыў быў большы – расейскі ці польскі. Свой, беларускі быў наймацнейшы, але яго было замала. І я яшчэ аднолькава лічыў сябе за беларуса, за паляка і расейца». (Як жа шмат беларусаў маглі б паставіць свой подпіс пад гэтым выказваньнем!)

Філосаф на мяжы

Бачучы зьнешні культурны падзел ды адчуваючы ўнутраны разлад, Тамаш Падзява намагаецца адказаць для сябе на пытаньне, як гэта ўсё пагадзіць прынамсі ў сваім сьветапоглядзе. Напэўна, гэтае жаданьне паўплывала на тое, што ўжо будучы два гады ў законе марыянаў, Тамаш у 1929 годзе паехаў вучыцца ў Рым, у папскі Усходні інстытут на аддзяленьне тэалогіі і філасофіі.
У сваёй філасоўскай думцы айцец Тамаш зьвяртаецца да авангарду ды антаганізму дзьвух культур: Усходу ды Захаду. Характэрнай рысай заходняй культуры зьўляецца індывідуалізм, а ў жыцьці чалавека дамінуе аптымізм, што можна і трэба зьмяняць жыцьцё вакол сябе. Чалавек захаду больш цікавіцца матэрыяльным дабрабытам…

Не так на Усходзе. Ва ўсходняй культуры індывідуалізм не цікавіць чалавека, а дабрабыт атаесамліваецца з нечым злым. Пануе тут песімізм, а з чалавекам ніхто не лічыцца. Айцец Тамаш быў перакананы, што гэтыя рысы дзьвух культур і надалей актуальныя: «Трэба адысьці ад поглядаў, якія гавораць, што сёньня, апрача розьніцаў ідэалагічных і палітычных, чалавецтва амаль пазбавілася ўсялякіх падзелаў… Нідзе няма такіх глыбокіх псіхалагічных розьніцаў, якія ёсьць у прадстаўнікоў усходняй і заходняй духоўнасьцяў». Менавіта гэтая думка пра псіхалагічныя адрозьненьні дзьвух культураў займае цэнтральнае месца ў філасоўскіх поглядах айца Тамаша.

Сьвятар на мяжы

Тамаш (Падзява) быў рукапакладзены на сьвятара ў 1934 годзе. А з 1935 году ён распачаў службу ў місіі ў Харбіне (Манчжурыя). У 1948 годзе а. Тамаш быў разам з іншымі айцамі – Цікотам ды Германовічам — арыштаваны кітайскімі ўладамі і перададзены ворганам савецкай бясьпекі. Да 1955 году ён перабывае у лягеры ў Тайшэце.

Айцец Тамаш і ў лагеры заставаўся верным свайму сьвятарскаму пакліканьню: паводле а. Германовіча ён, як «філёзаф і чалавек шырокае веды, якую прадаваў за адзін «дзякуй», заўсёды меў кучу слухачоў», ды за «рэлігійную прапаганду» (іншымі словамі за ўдзяленьне Сьв. Таямніцаў (Сакрамантаў)) трапіў аднойчы ў штрафны батальён.

Каб падтрымаць веру да Бога сярод вязьняў у Тайшэце, у пэрапынках паміж працай, на абрыўках паперы, а. Тамаш (Падзява) напісаў антыатэістычны твор, які пазьней па памяці перапісаў у сшытак (мова ідзе пра папулярна-філасоўскую паэму: «Демьян, или Почему люди стали верить в Бога»). Галоўным героем твору зьяўляецца звычайны чалавек, дзед Демьян Лукіч, які патрапіў на атэістычную лекцыю ў вясковым клюбе. Пры дапамозе простых вобразаў і разважаньняў над прыродай Демьян абвяргае атэістычныя закіды ды абгрунтоўвае веру ў Бога.

Пасля вызваленьня ў 1955 годзе а. Тамаша высылаюць у Польшчу, дзе ён, у семінарыі марыянаў, выкладае філасофію. У 1968 годзе а. Падзява выязджае ў Лондан, дзе працуе ў Беларускай каталіцкай місіі. Памёр а. Тамаш у 1975 годзе ад хваробы сэрца. Так вось скончыўся пакутніцкі шлях сьвятара і філосафа, чалавека, які жыў на мяжы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *