Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: архімандрыт Леў (Гарошка)
Айцы БГКЦ

Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: архімандрыт Леў (Гарошка)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. У мінулым 2011 годзе Беларуская Грэка-каталіцкая Царква адзначыла 100-годдзе з дня нараджэння выбітнага грэка-каталіцкага святара архімандрыта Льва (Гарошкі).

У гэтай перадачы, якая завяршае цыкл Пра герояў Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы ў XX-м стагодзьдзі, я хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу менавіта на гэтага беларускага сьвятара. А. Леў быў выбітным душпастырам, педагогам, даследчыкам гісторыі ды кіраўніком беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (з 1970 па 1977 гг..). Распавесьці сёньня пра яго вам, шаноўныя радыёслухачы, мне дапамагаюць біаграфічныя напрацоўкі Янкі Мойсіка ды Юрася Гарбінскага (за што ім вялікае дзякуй).

«Няхай Гарошка прысылае дакумэнты»

Леў Гарошка нарадзіўся 11 сакавіка (паводле новага календару) 1911 г. у вёсцы Трашчычы на Міршчыне ў беларускай сям’і, у якой яшчэ жыла традыцыя Уніяцкай Царквы. У 1931 г. праз пасярэдніцтва дырэктара гімназіі Янкі Цеханоўскага і дырэктара беларускага музея ў Вільні Антона Луцкевіча, юнак паступіў у Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію.

У сваіх успамінах пад назваю «Праз навальнiцы й нягоды» а. Гарошка распавядае, што паступленьне ў Акадаэмію адбылося зусім нечакана для яго. Проста аднаго ранку на пачатку верасьня 1931 году ён атрымаў тэлеграму ад Антона Луцкевіча: «Няхай Гарошка прысылае дакумэнты»».

Гэта тэлеграма зьдзівіла ня толькі бацькоў Льва, але і самога абітур’ента. Ад дырэктара Гімназіі ён даведаўся, што той прасіў Луцкевіча знайсьці яму месца ў Львоўскай Акадэміі. На наступны дзень паехаўшы ў Вільню, Леў Гарошка сустрэўся ў музеі і з самім Антонам Луцкевічам. Вось як а. Леў апісвае тую сустрэчу:

«Ён прывiтаўся са мною быццам з даўнiм знаёмым i пачаў расхвальваць Грэка-Каталiцкую Акадэмiю, а потым зьвярнуў увагу на патрэбу беларускага духавенства. […] У адной шафе мiж рэлiгiйных экспанатаў ляжаў напрастольны крыж з рэльефным расьпяцьцем. Я глядзеў на той крыж, а з крыжа глядзела на мяне скульптура Хрыста. Цiхi, спакойны, цярпячы Хрыстос быццам клiкаў бяз слоў. Я мусiў нешта Яму адказаць. Але што? Адмовiцца ад Ягонага заклiку?»

Леў адказал «так» на прапанову А. Луцкевіча, але што яшчэ важней, гэтае «так» было адказам Ісусу Хрысту… Такім чынам Гарошка стаў студэнтам Акадэміі, у якой ён правучыўся пяць год (1931–1936 гг.).

17 кастрычніка 1937 г. у Львове з рук біскупа Мікіты Будкі Леў Гарошка атрымаў сьвятарскія сьвячаньні. Першую Боскую Літургію новапрэзбітар адслужыў ва ўніяцкай парафіі Дзялятычы.

Так пачаўся для а. Льва вельмі складаны шлях служэньня Богу і свайму народу на роднай беларускай зямлі. У перыяд з 1937 па 1939 гг. святар служыў у розных каталіцкіх парафіях візантыйскага абраду на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі: у Любешах, Угрынічах, Гродне, Стаўбцах.

2 траўня 1942 г. экзарх беларускіх грэка-католікаў Антон (Неманцэвіч) прызначыў а. Льва Гарошку сябрам Рады Экзархату.

У эміграцыі

У чэрвені 1944 г. айцец Леў быў вымушаны пакінуць Беларусь і апынуўся ў Нямеччыне. Там у хуткім часе ён распачаў душпастырскае служэньне сярод беларусаў-каталікоў. У 1945 г. а. Леў пераезджае ў Рым, дзе жыве да 24 кастрычніка 1946 г. У гэты перыяд сьвятар выдаў малітоўнік на беларускай мове «Божым шляхам».

У канцы кастрычніка 1946 г. айцец Леў Гарошка быў прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Францыі і выехаў у Парыж. Там у 1947 г. ён пачаў выдаваць беларускі рэлігійны часопіс «Божым шляхам» ды зьяўляўся яго рэдактарам да 1957 г.

Праз два гады а.Леў уступіў у Рыме ў манаскую супольнасьць айцоў-марыянаў. У 1960 г. Ён быў накіраваны ў Лондан і прызначаны рэктарам Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі. Там жа, у Лондане, ён быў узведзены ў сан архімандрыта.

З 1970 па 1977 гг. Леў Гарошка выконваў абавязкі кіраўніка беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. За гады яго працы колькасьць беларускіх перадачаў Радыё Ватыкану павялічылася да пяці на тыдзень.

Можна б было таксама казаць тут пра літаратурную спадчыну а. Гарошкі, але для гэтага спатрэбілася б яшчэ як мінімум адна перадача. Цяпер жа мне хочацца адзначыць толькі адну ягоную кнігу «Навука і рэлігія», якая можа, а нават павінна зацікавіць сучаснага чытача.

Смерць а.Льва (Гарошкі)

Архімандрыт Леў (Гарошка) памёр у парыжскай бальніцы 28 ліпеня 1977 г. ды быў пахаваны 8 жніўня на могілках сьв. Панкрата ў Лондане. У сваім разьвітальным слове наш грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч пісаў: “Жыў, як леў, а памёр, як ягнё”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *