Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: архімандрыт Фабіян Абрантовіч
Айцы БГКЦ

Героі Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы: архімандрыт Фабіян Абрантовіч

Сёньня я хачу распавесьці пра чарговага іераманаха-марыяніна, які таксама як і яго браты па манастырскай супольнасьці працаваў у візантыйскім абрадзе, які таксама як і а. Андрэй (Цікота) загінуў пад час савецкіх рэпрэсіяў. Мова пойдзе пра архімандрыта Фабіяна Абрантовіча.

Фабіян Абрантовіч: вучань ды настаўнік

Айцец Фабіян (Абрантовіч) нарадзіўся 14 верасьня 1884 году ў мяшчанскай сямьі Яна і Юлі Абрантовічаў у Фальварку Верашкоўшчына ля Наваградку. У 1900 (або па іншых зьвестках у 1902 годзе), Фабіян паступіў у духоўную семінарыю Магілёўскай архідыяцэзіі ў Пецярбургу, якую скончыў у 1906 годзе.

З 1906 па 1910 год Фабіян навучаўся ў Пецярбургскай Духоўнай Акадэміі, а 9 лістапада 1908 года ён прыняў сьвятарскія сьвячаньні. Трэба зазначыць, што ўжо ў семінарыі Фабіян працаваў катэхетам, а з 9 сьнежня 1910 году, калі ён, малады сьвятар, атрымаў ступень магістра тэалогіі, то працаваў выкладчыкам рэлігіі ў прыватнай мужчынскай гімназіі пры царкве сьвятой Кацярыны ў Пецярбурзе. Вось так пачынаўся шлях вялікага настаўніка веры.

У 1912-1914 гадах а. Фабіян вывучаў філасофію ў каталіцкім універсітэце ў Лювэне, што ў Бельгіі. Відавочна яму падабалася вучоба, бо ў сваіх лістах з Лювэну ён хваліў высокі ўзровень ведаў выкладчыкаў, глыбіню ды арыгінальнасьць навучальных праграм. Па заканьчэньні навучаньня а. Абрантовіч атрымаў ступень доктара філасофіі за працу, у якой ён рабіў параўнальны аналіз тамізму з інтуітывізмам рускага філосафа М. Лоскага. Наколькі вядома, а. Фабіян быў першым беларусам, які скончыў гэты прэстыжны ўніверсітэт са ступеньню доктара.

Пасля навучаньня малады доктар філасофіі вярнуўся ў Пецярбург, а з 1 верасьня 1914 году быў прызначаны выкладчыкам каталіцкай духоўнай семінарыі. Айцец Фабіян праводзіў заняткі па філасофіі, сацыялогіі і сьпевам, адначасова катэхізаваў у жаночай гімназіі пры Імператарскім жаночым інстытуце ды ў XII Петраградскай гімназіі.

У 1918 годзе Апостальская Сталіца стварыла ў Беларусі новую дыяцэзію, першым ардынарыям якой стаў біскуп Зыгмунт Лазінскі. Ардынарый новай дыяцэзіі прызначае а. Фабіяна рэктарам новай духоўнай семінарыі. Гэтую пасаду ён займаў да 1920 году, пакуль у выніку ваенных дзеянняў ды наступу савецкіх войск, семінарыстаў не эвакуіравалі ў іншае месца навучаньня.

Айцец Фабіян на гэтым не перапыняе сваёй настаўніцкай дзейнасьці, але ў 1920 годзе пераязджае з Менску ў Наваградак, дзе займаецца арганізацыяй школьніцтва і выкладаньнем рэлігіі ў гімназіі. З 1922 году тут пачала дзейнічаць і малая семінарыя, выкладчыкам якой стаў а. Абрантовіч.

Кіруючыся прагненьнем жыць манаскім жыцьцём ды жаданьнем працаваць сярод беларусаў па-беларуску, а. Фабіян уступае ў Зграмаджэньне айцоў-марыянаў у іх беларускі манастыр у Друі. Першыя манаскія абеты ён складае ў 1923 годзе ў Друі ды застаецца там працуючы як душпастыр, выкладчык у гімназіі ды друкуючыся ў розных перыядычных выданьнях.

5 траўня 1928 году Папа Пій XI прызначыў Фабіяна Абрантовіча Апостальскім Адміністратарам для каталікоў усходняга абраду ў Маджурыі і Кітаі, пры гэтым а. Фабіян атрымаў ганаровы манаскі тытул архімандрыта. Так пачалося новае служэньне а. Абрантовіча на чужыне.

«Наш Фабіян»

А. Язэп (Германовіч), які вельмі добра ведаў архімандрыта Фабіяна, у сваіх успамінах «Кітай-Сібір-Масква», у вельмі цёплых, насычаных фарбах апісвае гэтага чалавека. Між іншым а.Язэп зьвяртае ўвагу на прастату ды свойскасьць архімандрыта, што ўсе хто яго сустракалі лічылі сваім: «Людзі яго называлі: «наш Прафесар», «наш Фабіян», «наш Абрантовіч»… Гэты дзіўны назоў «наш» давалі яму паўсюдна. Такі «голас народу» азначаў чалавека, што вырас з нашага грунту й рос ды красаваўся на сваёй зямлі – наш, родны й дарагі Сын Беларусі».

Аўтар гэтых радкоў, а. Язэп (Германовіч), бачыў апошні раз архімандрыта Фабіяна ў красавіку 1939 году ў Шанхаі. Архімандрыт ехаў тады ў Рым, каб даць Папе Пію XII справаздачу з сваёй дзейнасьці ў Харбіне. Пасля ж Рыму Абрантовіч меўся наведаць сваіх прыяцеляў у Варшаве і Львове ды вярнуцца на Радзіму, каб пабачыць сваіх родных у Наваградку.

У восень 1939 году пры спробе пераходу нямецка-савецкай мяжы, Абрантовіча затрымалі нямецкія памежнікі і перадалі савецкаму боку, дзе яго канешне ж арыштавалі ды абвінавацілі ў шпіёнстве на карысьць Японіі.

Каб апісаць пакуты ды сьмерць нашага Фабіяна спатрэбілася бы прынамсі яшчэ адна перадача… Сёньня ж толькі ў некалькіх сказах перадам пра тое, як скончылася, згасла жыцьцё гэтага велічнага, шляхетнага і надзвычай адукаванага чалавека.

Паводле найноўшых гістарычных даследваньняў архімандрыт Фабіян памёр ад катаваньняў у Бутыркскай турме 2 студзеня 1946 году. Дазвольце, што падсумую гэту перадачу словамі Язэпа (Германовіча), якія ён напісаў пра Архімандрыта Фабіяна ў сваіх успамінах: «На сьледстве бальшавікі ўжывалі да айца найвышэйшы нумар сваёй інквізіцыі – аж да іголак пад пазногці і ўліваньне вады ў лёгкія, каб прызнаўся да закідаў, якія ім былі патрэбныя. Аднак а. Фабіян Абрантовіч не паддаўся – яго зламалі толькі фізычна, а пасля зьліквідавалі, як сапраўднага Мучаніка за веру й Бацькаўшчыну».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *