Казанні

4 нядзеля Вялікага Посту

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Да каго Ісус у толькі што прачытаным фрагменце Евангельля так незразумела, а нават крыўдна, зьвяртаецца: “О, род няверны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас?” (Мц 9, 19)? Быць можа Ён зьвяртаецца да бацькі апантанага хлопца, ці да сваіх вучняў, ці да іншых прысутных людзей? Цяжка на гэта адказаць. Хутчэй за ўсё ён зьвяртаецца да кожнага з нас, хочучы зьвярнуць нашую ўвагу на тое, што кожны з нас мае праблемы з верай.

2. Цікава заўважыць, што нашая вера (ці яе адсутнасьць) найбольш яскрава праяўляецца ў сітуацыях крытычных: крызісе, бядзе. Вось і тут, паглядзіце! Некаторыя людзі прыйшлі проста “паглазець” на цуд, які меліся ўчыніць вучні Ісуса. Самі вучні прыйшлі, каб паказаць саміх сябе, якія яны цудатворцы і якую маюць уладу… Кніжнікі прыйшлі, каб пасьмяяцца з вучняў: яны ад самага пачатку супраць усяго таго, чаго б ні зрабілі вучні (нават, калі б і зьдзейсьнілі цуд)… Карацей кажучы, усе яны забыліся пра хлопца, які чакаў аздараўленьня. Толькі бацька хлопчыка і Ісус памяталі пра яго, і толькі яны зацікаўленыя яго будучыняй.

3. У такім кантэксьце робіцца зразумелым абурэньне Ісуса Хрыста. Пасьля Яго суворых слоў усе асобы нібы зьнікаюць з евангелічнай сцэны: застаюцца толькі Ісус ды бацька. Ісус падрабязна распытвае ў бацькі пра хваробу сына, не таму, што ня мог пра яе даведацца, чытаючы ў яго сэрцы, але дзеля таго, каб паказаць яму, што Ён – Ісус – вельмі сур’ёзна ўспрымае ўсю іх сямейную бяду (у адрозьненьні ад вучняў, кніжнікаў ды іншых разявакаў). Бацька адказвае і просіць дапамагчы. Ісус кажа яму: “калі можаш верыць, усё магчыма для веруючага” (Мц 9, 23).

Гэтымі словамі Госпад нібы падкрэслівае, што для Яго вельмі важна, каб сам бацька ўзяў на сябе адказнасьць веры ў аздараўленьне свайго сына, а ніхто іншы. І бацька гэта разумее, вызнаючы: “Госпадзе, памажы майму няверству!” (Мц 9, 24). Адбываецца цуд: Ісус выганяе нячыстага духа…

4. Сёньня мы пакліканы прыглядзецца да нашай веры. Да веры вучняў, кніжнікаў, ці веры разявакаў падобная яна? Ці мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за іншых людзей: сваю сям’ю, родных, супрацоўнікаў, за свае ўчынкі, памылкі… Ня будзем наіўна думаць, што зможам гэта зрабіць уласнымі намаганьнямі; наш Госпад падказвае нам: “гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды ад посту” (Мц 9, 29). Амін.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *