Казанні

1 нядзеля Вялікага Посту

1. Дарагія браты, дарагія сёстры!

Першая нядзеля Вялікага Посту называецца Нядзеляй Праваслаўя. Сёньня мы прыгадваем, што ў першай палове IX стагодзьдзя Царква ва ўрачысты спосаб абвясьціла сваю перамогу над рознымі гарэзіямі, а асабліва сваю перамогу над гарэзіяй іканаборства.

Іканаборцы былі супраць шанаваньня ікон; яны ўважалі, што гэта ідалапаклонства. Царква ж нас вучыць, што з ідалапаклонствам маем дачыненьне тады, калі месца праўдзівага Бога займае ктосьці, або штосьці. Ікона ў нашай літургічнай пабожнасьці не займае месца Бога: мы пакланяемся не самой іконе, але Богу. Ікона – гэта толькі сродак; акно, праз якое мы намагаемся бачыць духоўны сьвет, духоўныя рэчы.

2. Цікава, што сёньня – у Нядзелю Праваслаўя – літургія прапануе нам разважаць фрагмент Евангельля паводле Яна. Толькі што мы сталіся сьведкамі таямнічага дыялогу паміж Ісусам і Натанаілам: Ісус: “Вось, запраўды, ізраліцянін, у якім няма няшчырасьці” – Натанаіл: “Скуль ведаеш мяне?” – Ісус: “Перш, чым Піліп паклікаў цябе, я бачыў цябе, як ты быў пад смакоўніцаю” – Натанаіл: “Равві! Ты Сын Божы! Ты – Цар Ізраіля” (пар. Ян 1, 47-49).

Пра што ж ідзе тут мова, што гэта за смакоўніца, і калі Ісус меў магчымасьць бачыць Натанаіла? Можам паспрабаваць прыадхіліць покраў таямніцы і, прынамсі часткова, адкрыць для сябе значэньне гэтай нявыказанай сувязі, якую нам удалося намацаць; сувязі, што злучала Ісуса ды Натанаіла. Па-першае, Натанаіл быў перакананы, што ніхто ня мог бачыць, яго пад смакоўніцай, інакш словы Хрыста яго б не ўразілі. Па-другое, словы Натанаіла, якімі ён зьвяртаецца да Ісуса: “Равві! Ты Сын Божы! Ты – Цар Ізраіля” (Ян 1, 49б), указваюць на веру Натанаіла, што Ісус зьяўляецца Месіяй, а значыць указваюць на перакананьне Натанаіла, што Ісус ведаў, нешта надзвычай важнае, што мела месца пад смакоўніцай.

Бяручы пад увагу ўсё вышэй згаданае, мы можам меркаваць, што гэтай надзвычайна важнай рэччу (якую ніхто з людзей ня мог бачыць) была таемная малітва Натанаіла. Шчыры ізраліцянін, дзесьці далёка ад людзей пад смакоўніцай, маліўся і меў дасьвядчэньне Бога. Канешне, мы ня можам ведаць, што гэта было за дасьвядчэньне, але напэўна гэта быў звышнатуральны, містычны вопыт… І вось, калі Збавіцель сказаў, што бачыў яго пад смакоўніцай, Натанаіл у сваю чаргу “разгледзіў”, пазнаў у гэтым сваім вопыце Месію-Ісуса.

Гісторыя Натанаіла – гэта сапраўдная гісторыя богапазнаньня, і невыпадкова, што гэты ўрывак Евангельля чытаецца сёньня ў Нядзелю Праваслаўя. “Торжество Православия” – гэта сьвята перамогі праўдзівага богапазнаньня ў жыцьці кожнага хрысьціяніна. Яно (богапазнаньне) частка ня толькі выбраных, але кожнага чалавека, які падобна Натанаілу ёсьць шчырым у сваіх пошуках. Сам Госпад падцьверджвае даступнасьць богапазнаньня і заахвочвае нас да яго, кажучы ў тым самым урыўку: “запраўды, запраўды кажу вам: адгэтуль будзеце бачыць неба адчыненае і ангелаў Божых узыходзячы і сыходзячы ўніз да Сына Чалавечага” (Ян 1, 51).

3. Хай жа гэтыя словы натхняюць нас на дарозе Вялікага Посту, які мы разпачалі; а натхненьне знаходзіць выраз у канкрэтных учынках: удзел у Таямніцы Споведзі, міластыне, знаходжаньні часу для глыбейшай малітвы. Перад усім давайце будзем прасіць Госпада пра дар шчырасьці, каб нам адкрыць ікону Ісуса Хрыста ў сваім сэрцы, каб нам разам з Натанаілам усклікнуць: “Равві! Ты Сын Божы! Ты – Цар Ізраіля”!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *