Дэкалог

VII. Не крадзі і X. Не прагні нічога, што не тваё

1. У Старым Запавеце 7 і 10 запаведзі паданыя наступным чынам: «Не крадзь» (Вых 20, 15) і «і не жадай дома бліжняга твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго» (Другі Закон 5, 21б).

Гэтыя запаведзі забараняюць забіраць, ці затрымліваць няслушна дабро бліжняга і прычыняць шкоду, ягонаму дабру. Яны загадваюць справядлівасьць і любоў тым, хто адказны за распараджэньне матэрыяльнымі дабротамі і пладамі чалавечай працы. Гэтыя запаведзі бяруць пад увагу супольнае дабро, вымагае ад нас паўсюднай пашаны да прыватнай уласнасьці. Гэтыя запаведзі заклікаюць, каб у нашым хрысьціянскім жыцьці мы намагаліся скіроўваць даброты гэтага сьвету на пазнаньне Бога і братэрскую любоў.

2. (Паўсюднае прызначэньне дабротаў). Бог стварыў неба і зямлю, і ўсё багацьце зямлі, ды перадаў людзям. Усё, што створана – было створана Богам для людзей і ў роўнай ступені належаць усім нам. Зьвярніце ўвагу, што гэты тэзіс навукі Каталіцкай Царквы – пра паўсюднае прызначэньне дабротаў – нагадвае нам навуку камуністычнай ідэалогіі. На простай мове пра гэтую навуку можна сказаць так: «Всё вокруг колхозное – всё вокруг моё». А калі ўсё маё, гэта азначае, што нечыё.

Падыход Каталіцкай Царквы зусім іншы – з таго факту, што зямныя даброты належаць усім людзям, следуе навука пра ўласнасьць. Уласнасьць бывае двух тыпаў: прыватная і грамадская. Прыватная ўласнасьць – маёмасьць, якая належыць да асобы, грамадская – маёмасьць, якая належыць да грамады людзей.

3. (Размеркаваньне ўласнасьці і спосабы яе набыцьця). Жыцьцё паказвае нам, што нягледзечы на тое, што мы ўсе роўнай ступені маем права на зямныя даброты, аднак уласнасьць падзелена паміж людзьмі ня роўна. У сьвеце ёсьць багатыя і бедныя; людзі, якія маюць збытак і людзі патрабуючыя. Па-чалавечаму, мы можам і павінны намагацца будаваць справядлівае грамадства, дзе для кожнага будзе магчымасьць зарабіць для сябе неабходную ўласнасьць.

Айцец Эдвард Станек у сваёй кніжцы «З клопатам пра сумленьне», да якой я ў гэтых разважаньнях час ад часу зьвяртаюся, падкрэслівае, што вялікае багацьце і вялікая беднасьць – гэта дзьве скрайнасьці. Занадта багаты чалавек можа лёгка зрабіцца нявольнікам свайго багацьця, а бедны чалавек робіцца нявольнікам іншых людзей. Найлепшым выйсьцем з гэтых скрайнасьцяў ёсьць шлях прыватнай маёмасьці, якая дае ўсё неабходнае чалавеку для нармальнага жыцьця і чалавечай годнасьці. На гэтай дарозе нам дапамагаюць прынцыпы сфармуляваныя сацыяльнай навукай Каталіцкай Царквы: умеркаваньне, салідарнасьць і справедлівасьць.

Прынцып умеркаваньня падказвае нам назіраць за сабою: ці ня стаўся я нявольнікам свайго багацьця. Прынцып салідарнасьці падказвае нам дзяліцца з тымі людзьмі, якія церпяць нястачу, а прынцып справедлівасьці дапамагае вызначаць годную зарплату людзям за іх працу. Ёсьць розныя спосабы здабыцьця маёмасьці: можна ўзяць рэчы, якія нікому не належаць (прыклад – грыбы ў лесе), праца (плён нашай працы – нашая ўласнасьць), атрыманьне спадчыны (або дару), купля-продаж.

4. Вось грахі, што парушаюць 7 і 10 запаведзь: крадзеж маёмасьці, хабар, спекуляцыя, карупцыя, дрэнна выкананая праца, марнатраўства. Акрамя гэтага нежаданьне падзяліцца з беднымі сваімі дабротамі, лішкам які маем, таксама зьяўляецца грахом. Вось як гаворыць аб гэтым Ян Залатавусны: «Недапушчэньне бедных да ўдзелу ў сваіх уласных дабротах, азначае крадзеж і адбіраньне жыцьця. Дабро, якое маем – ня нашае – належыць да ўбогіх».

Грэх крадзежу мае вельмі сур’ёзныя наступствы для асобы, якая гэтым грахом грашыць. Перад усім грэх крадзежу нішчыць сумленьне чалавека. У выпадку крадзежу, чалавек звычайна загадзьдзя абдумвае грэшны ўчынак, а таму робіць грэх сьвядома і дабраахвотна. Арамя гэтага ўкрадзеная рэч недае чалавеку жыць спакойна: ён жыве ў страху, што хтосьці зможа пазнаць рэч, ці даведацца пра яе, таму няможа ёй нават свабодна карыстацца. У вымярэньні грамадскім грэх крадзежу вядзе да таго, што людзі губляюць давер да чалавека, які зьдзейсьніў грэшны ўчынак, а калі ў пэўным грамадстве крадзежы зьяўляюцца распаўсюджанай зьявай, то ў такім грамадстве людзі губляюць давер адзін да аднаго. У грамадскім вымярэньні, крадзеж вядзе да заняпаду краіны.

5. Гэта толькі некалькі думак на прадмет сёмай і дзесятай запаведзяў. Напэўна ўсе пытаньні зьвязаныя з тэмай крадзяжу можна зьвесьці да пытаньня: «Быць ці мець?». Калі гаворым «быць», то маем на ўвазе «быць шчаслівым». Людзі ж часта мяркуюць, што будуць шчаслівымі, калі будуць мець як мага больш. Гэта памылка. Колькі б чалавек ня меў багацьцяў, яны не заменяць яму сапраўднае багацьце, якім ёсьць Бог. У Евангельлі чытаем: «Дзе твой скарб, там будзе і тваё сэрца» (Мц 6, 21). У гэты час Вялікага посту варта скіраваць сабе пытаньне: а дзе знаходзіцца мой скарб, ці месца ў якім ён знаходзіцца годнае таго, каб у ім знаходзілася маё сэрца?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *