Дэкалог

V. НЕ ЗАБІВАЙ

1. Дарагія браты, дарагія сёстры! Прадметам сёньняшняга нашага вялікапостных разважаньняў зьяўляецца пятая запаведзь “Не забівай” (Вых 20, 13). Кажучы “не забівай” мы звычайна маем на ўвазе здароўе і жыцьцё іншых людзей. (Часта можна пачуць на споведзі: “я нікога не забіў…”). Аднак сэнс гэтай запавядзі больш шырокі.

2. “Не забівай”. Гэта заклік да ўражлівасьці і дабразычлівасьці ў адносінах да іншых людзей. Ісус кажа: “Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падлягае суду». А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падлягае суду” (Мц 5, 21-22). Можна забіваць гневам, можна забіваць словам, а можна маўчаньнем…

“Не забівай” – гэта азначае: не крыўдзі іншых людзей. Хай ня будзе з-за цябе, тваіх слоў і ўчынкаў хтосьці плакаць, сумаваць. Наш гнеў – гэта бумеранг, які вяртаецца і б’е па нам самім. Калі мы гневаемся, крыўдзім іншых – мы рвем адносіны, а адносіны датычаць двух бакоў. Мы самі стаемся ахвярамі свайго гневу. За гневам прыходзіць крыўда, непрабачэньне. Такі стан чалавека вельмі сумны – ён руйнуе, забівае яго з нутра.

3. (Духоўнае разьвіцьцё і сталеньне). “І не бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць не могуць; бойцеся ж болей таго, хто можа і душу, і цела загубіць у геене” (Мц 10, 28). Гэтыя словы Ісуса нам недвусэнсоўна гавораць пра тое, што можна забіць душу, не забіваючы цела. Забіваюць душы тыя людзі, якія намаўляюць сваіх бліжніх да цяжкага граху. Душа – складаная рэчаіснасьць, рэчаіснасьць, якая разьвіваецца і сталее. Перашкаджаць у духоўным і ўвогуле ў разьвіцьці іншаму чалавеку, азначае ў пэўным сэнсе забіваць яго.

4. (Аборты і абартыўная кантрацэпцыя). Было б з майго боку злачынствам, калі б я сёньня разважаючы пра запаведзь “не забівай”, забыў нагадаць пра аборты. Для веруючага чалавека не павінна ў гэтым пытаньні двух меркаваньняў, ці нават сумніваў адносна таго, чым ёсьць аборт.

Паводле навукі Каталіцкай Царквы, жыцьцё чалавека пачынаецца ў момант зачацьця, Бог дае душу ў момант зачацьця. Калі яднаюцца сперматазоід і яйцэклетка, то гаворым не проста пра нейкі абстрактны плод, але пра чалавека, які распачаў першыя хвіліны свайго жыцьця ва ўлоньні маці.

Мы, беларусы, лічым сваю краіну традыцыйна хрысьціянскай, аднак ці так гэта? Давайце зьвернімся да лічбаў. Пачынаючы з 1945 году ў Рэспубліцы Беларусь было зроблена больш 8 міліонаў абортаў. (Для параўнаньня: падчас Другой сусьветнай вайны пагібла ў СССР 27 міліонаў). У Беларусі толькі ў 2008 годзе зроблена каля 60 000 абортаў. Гэта насельніцтва прыкладна двух районных цэнтраў.

Аднак гэта яшчэ ня ўсё. Ёсьць такое слова “кантрацэпцыя”. Як можна зразумець з самога слова – гэта сродкі, якія перашкаджаюць зачацьцю. Мала хто зьвяртае ўвагу на тое, што пад гэтай назвай умяшчаюцьзвычайна таксама сродкі, якія маюць абартыўны характар.

Аднойчы я размаўляў з пэўнай медсястрой. У гэтай размове мы дакрануліся тэмы кантрацэпцыі. “О так, — казаў я: гэта жахліва – спіраль забівае пачатых дзетак…”. “Што вы такое кажаце – спакойна адказвала мне: спіраль перашкаджае злучыцца сперматазоіду і яцэклетке… Пачытайце лепей медычную літаратуру”. Ад выказанай праз яе ігнаранцыі і цемрашальства ў мяне аднялася мова. Людзі! Гэта мне казаў медсупрацоўнік!!! А мы, беларусы, так ганарымся сваёй адукацыяй.

Сёньня кажу вам, мае дарагія: сярод кантрацэптыўных сродкаў ёсьць сродкі абартыўнага характара, якія выклікаюць сьмерць зародыша ў першыя моманты яго жыцьця. Перад усім гэта спіраль, таксама ёсьць і таблеткі. Кажыце аб гэтым іншым, цяпер ня можаце сказаць, што ня ведалі пра гэта.

5. (П’янства). Цяпер пра тэрор. Я супраць тэрору. Мова пойдзе сёньня пра экстрымізм наш, родны, тутэйшы. Ахвярамі яго з’яўляемся мы ўсе. Ніхто ня ведае, калі бяда напаткае нас: на вуліцы, каля крамы, у пад’езьдзе? Нажаль гэты тэрор стаўся часткай нашага штодзённага жыцьця. Можна сказаць “хлеб наш насущный”. Ён стаўся чымсьці, на што не звяртаем увагу, ён стаўся нормай. У ім няма нічога надзвычайнага, бо ён ёсьць паўсюль у нашай краіне: і ў вёсцы і ў горадзе, на працы і ў адпачынку. Ахвярамі яго робяцца маладыя і старыя, жанчыны і мужчыны. Нa яго шляху не з’яўляюцца перашкодамі ані тоўстыя сьцены, ані металёвыя дзьверы.

Знайсьці ды знішчыць гэны тэрор-злачынца не магчыма, дый ніхто і не спрабуе. Лёгка ён хаваецца ды прыкрываецца лепшымі сябрамі, адказнымі асобамі; апраўдывае сябе нават службовымі абавязкамі ды іншымі прычынамі й абставінамі. Заўсёды пераконліва-лагодны, а потым нахабна-разюшаны. Ён прытупляе ўвагу і ператварае чуваньне ў сон. Ён умных і разважлівых ператварае ў тупіц і недарэчных асобаў. Замест ветлівасьці паміж людзьмі, ён нормай робіць хамства. Ён настолькі пераканаў усіх пра сваю бяспечнасьць, што нават цяпер, ты, дарагі чытач, ня можаш сьцяміць хто ён такі.

Гэты тэрор – алкагалізм. Уфф… Можаш уздыхнуць з палёгкай – гэта толькі алкагалізм – ніхто не рыхтуе траціл з дынамітам, ніхто не хавае бомбу пад спадніцай. Напэўна лічыш, што ён цябе не датычыць. Маеш рацыю. Магчыма. Амаль. Не датычыць. Цябе… Датычыць затое амаль напэўна кагосьці з тваёй сям’і: бацькі, маці, брата, сястры? Будучага твайго мужа, жонкі? Будучых тваіх сына, дачкі, твайго ўнука і ўнучкі?.. Хто сказаў: “Ня трэба драматазываць”?! Разгледзім справу на прыкладзе наваградскага раёну.

Наваградак, як вядома, невялікі горад гарадзенскай вобласьці (каля 30 000 насельніцтва), адначасова культурна-гістарычны цэнтр. Ёсьць тут музэй Адама Міцкевіча, адбываются рыцарскія турніры. Знаходзяцца ў горадзе 3 праваслаўныя царквы, 2 каталіцкіх касьцёла, 5 нэапратыстанскіх супольнасьцяў… Вось жа ў наваградскам раёне, як інфармуе наваградская газэта “Новае жыцьцё” №75 ад 20 верасьня 2006 г., за апошнія 5 год на прафілактычны ўлік (гэта значыць, што лекары прызналі іх алкаголікамі) пастаўлены 1191 чалавек. З іх 205 жанчынаў і 18 асобаў з алкагалічнымі псіхозамі (сярод іх 4 жанчыны). З 1191 узятых на ўлік – 67 падлеткаў (з іх 12 дзяўчатаў!!!). Толькі ў гэтым годзе было ўзята на ўлік 132 асобы. Гэта – статыстыка, а высновы?.. Высновы належаць да цябе.

Жыцьцё працягваецца, але ад цябе залежыць якое яно будзе. Маеш выбар: можаш забыць пра гэтую мову і рабіць выгляд, што не звяртаеш увагі на “тусоўку” з дзесяці “лепшых людзей” каля ўніверсама побач з тваім домам. (Будзем спадзявацца, што на цябе яны таксама не звярнуць увагі). Магчыма табе нават прыемна раніцай піць каву ў кафэ, дзе за адным столікам разам з табой “расслабляется” чувак неакрэсленага ўзросту і неахайнага выгляду, а потым ехаць у тралейбусе, калі “гатовы таварыш” чула прытуліцца да твайго пляча, перакананы ў тым, што гэта падушка. Ты ня зробіш нічога: лепей хай сьпіць чым будзе пераконваць усіх прысутных у сваіх філалагічна-рэтарычных здальнасьцях. Увечары пасля працы ты будзеш вяртацца да дому праз сквер, старанна аміная “сьляды сьвята” і густа-населянныя лаўкі. Калісьці там гулялі маладыя мамы з дзіцячымі вазкамі…

Ёсьць таксама іншы выбар. Цяжкі выбар. Не згадзіцца з прыгнётам тэрору. Перастаць рабіць выгляд, што не заўважаеш яго і што гэта цябе не датычыць. Гэта цяжка сказаць сабе – “я свабодны чалавек!” Трэба мець рашучасьць і адвагу, каб вызнаць – “я не дазволю тэрарызаваць сябе”. І трэба мець годнасьць, каб вырашыць – “я буду змагацца за маю свабоду жыць нармальна”. Я – СУПРАЦЬ ПЬЯНАГА ТЭРОРУ!

Ня буду ў гэтай сваёй мове шукаць прычын алкагалізму нашага народу ды адказных за яго (ня трэба быць вялікім філосафам, каб даць на гэта адказ), ня дам табе таксама ніякіх канкрэтных інструкцыяў па барадзьбе з пьяным тэрорам. Тым жа хто вырашыў аднак стаць на “сьцежку вайны” прагну данесьці самае галоўнае: “Наканец, браты мае, крапчэйце ў Госпадзе і ў магутнасьці сілы Яго; апранецеся ў-ва ўсю зброю Божую, каб здолелі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябальскіх; бо наша барацьба ня супраць крыві й цела, але супраць начальства, супраць уладаў, супраць сусьветных валадароў цемры гэтага веку, супраць духаў злосьці паднябесных” (Пасланьне Апостала Паўла да Эфэсцаў 6, 10-12). Што азначаюць гэтыя словы? Яны азначаюць, што сіла і перамога наша ад Госпада Ісуса Хрыста, які жыве ў тваім сэрцы і ў сваёй Царкве; што нашая барадзьба – перад усім барадзьба духоўная, а гэту барадзьбу трэба пачынаць з сябе.

Асабіста я пачаў гэту барадзьбу – я абсцынент, я не ўжываю алкаголю. Не таму, што маю з ім праблемы, і не таму, што лічу, што алкаголь дрэнны – не. Алкаголь добры, вось што гаворыць пра яго Слова Божае: “Што за жыцьцё без віна” (Кніга прамудрасьцяў Сыраха 32, 32), “віно, што сэрца людзям весяліць” (Кніга Псалмаў 103, 15). Затое алкагалізм дрэнны: “Ня будзь сярод тых, што ўпіваюцца віном (Кніга выслоўяў Саламонавых 23, 20)”.

Бачачы праблему алкагалізма ў нашым народзе, я адмовіўся дабраахвотна ад цалкам добрай рэчы – памяркоўнага ўжываньня алкаголю – на карысьць тых людзей, якія залежныя ад яго. Пішу аб гэтым не каб пахваліцца, а каб заахвоціць і цябе, дарагі чытач, да малітвы і акрэсленых дзеяньняў, каб змагацца за свабодную Беларусь, канкрэтна за тых 12 наваградзкіх дзяўчатаў-алкагалічак, магчыма твайго бацьку, маці, сябра і іншых табе знаёмых і не знаёмых.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *