Прыпавесці

Царства Божае ў Прыпавесцях (1)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы, у эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Сёння я прапаную вашай увазе новую тэму для серыі наступных нашых перадачаў. І гэтай тэмай зьяўляецца Царства Божае ў прыпавесцях. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, а я з задавальненьнем ёй буду карыстацца пры падрыхтоўцы нашай праграмы.

Вось жа прыпавесьці займаюць несумненна важнае месца ў навучаньні Ісуса Хрыста. Як заўважае Евангеліст: «І ў многіх падобных прыпавесцях Ён прамаўляў ім слова, на колькі маглі яны зразумець, ды без прыпавесцей не прамаўляў ім. А вучням асобна выясняў усё» (Мк. 4:33-34).

Патрэба ў ключах

Вышэй згаданыя два кароткіх сказы з тэксту Евангелля, які лічыцца найстарэйшым з нам вядомых, шмат пра што могуць сказаць. Яны даюць зразумець Ісусавы спосаб навучання, ды адначасова сцверджваюць, што навучанне ў прыпавесцях не заўсёды было зразумелым для тагачасных слухачоў. Што ж тады казаць пра нас, якіх аддзяляе столькі стагоддзяў ад моманту абвяшчэння прыпавесцяў; нас, тых, хто жыве ў зусім іншым культурным кантэксце, чым тыя слухачы? Такім чынам, паколькі скарбонку прыпавесцяў адчыніць зусім не проста, трэба знайсці да яе адпаведныя ключы. Якія? Адказы на гэтыя пытанні дасць нам аналіз умоваў, у якіх навучаў Ісус.

У Ягоным навучанні, якое мы ўспрымаем сёння праз Евангелле, прыпавесці з’яўляюцца сродкам першага парадку; сродкам, які Ён ужывае напрацягу ўсяго пярыяду сваёй публічнай дзейнасці. Амаль заўсёды Ісус дае першае месца вобразам перад тэарэтычнымі прынцыпамі. Прыпавесці – гэта Ягоная свядомая педагогіка. Гаворыць пра гэта дыялог Госпада з вучнямі, які пераказаны ва ўспамінах і рэфлексіях Янавых: Гэта ўсё расказваў вам у прыпавесцях; прыходзіць гадзіна, што ўжо не ў прыпавесцях расказваць буду вам, але яўна абвяшчу вам пра Айца (Ян 16:25). На гэта вучні адказваюць з радаснай палёгкай: Вось цяпер адкрыта гаворыш ды ніякай прыпавесці не расказваеш (Мк. 16:29).

Ужытыя  ў гэтым дыялогу акрэсленні «адкрыта» і «яўна» гавораць нам ускосна пра тое, што прыпавесці заставаліся часткова загадковымі нават для вучняў. Зрэшты, яны не аднаразова самі выражалі гэта, калі прасілі патлумачыць прыпавесць (напрыклад, Мк.13:36, 15:15; Мк. 4:10.13, 7:17; Лк. 8:9-10, 12: 41).

Аджа, на першы погляд, павінна быць інакш. Таму, калі Ісус і аддаваў перавагу вобразам перад абстрактнымі паняццямі, то хіба дзеля таго, каб маглі Яго лягчэй зразумець простыя масы людзей. Акрамя гэтага, аджа, евангелічныя прыпавесці выкарыстоўваюць вобразы, якія былі ўзятыя з штодзённага назірання жыцця або ўяўляюць сабою алюзію да здарэнняў на той час актуальных. У прыпавесцях гаворыцца аб рэчах штодзённых: пра штодзёны расчыненне мукі на цеста, з мэтаю выпякання хлеба; пра лампы, пломень якіх асвятляе палестынскія хаты; пра цяжкія працы на глебе ці ў вінаградніку.

Узгадваюцца ў прыпавесцях таксама пра значныя чалавечыя справы, такія як вядзенне войнаў ці вялікіх справаў гадлёвых, ці прэтэндаванне на трон. Побач убогай жанчыны, уладальніцы дзесяці драхм, з’яўляецца ў іх незвычайна багаты кароль, ці купец перлінаў. Не звяртаючы ўвагі на гэтыя ўсе кантрасты, разам усе гэтыя вобразы вельмі блізкія чалавеку, і прынамсі не з’яўляюцца цяжкімі абстракцыямі.

Па сутнасці – самі вобразы яскравыя і зразумелыя. Аднак прыпавесці – гэта не апавяданні. Цяжкасць узнікае ў той момает, калі трэба даць адказ, да чаго адносяцца гэтыя жыццёвыя вобразы: які ёсць іх прыхаваны сэнс? Прыпавесць жа – гэта асобны літаратурны гатунак. Затым трэба яму даць, перад усім, добрае акрэсленне, каб адкрыць правілы яго інтэрпрэтацыі, найперш элементарныя правілы.

Гатунак прыпавесці

Сам, вышэй згаданы пастулат, які гаворыць, што трэба пачаць ад даследвання літаратурнага гатунку, каб потым мець магчымасць сфармуляваць правілы правільнай інтэрпрэтацыі, з’яўляецца для нас сёння відавочным, больш такго падцверджаным аўтарытэтам Другога Ватыканскага Сабору (Dei Verbum 12). Але зусім не быў ён такім відавочным для шматлікіх каментатараў прыпавесці на працягу стагоддзяў. Уласна таму паўставалі з-пад пяра многіх царкоўных пісменнікаў прыгожыя, часамі геніялныя, уласныя канструкцыі на тэмы закранутыя ў прыпавесцях, аднак жа, не раз яны былі далёкія ад аўтэнтычнай інтэрпрэтацыі. А гэта таму, што не ўжыта ўласцівага ключа.

Літаратурны гатунак прыпавесці вядомы ўжо ў старажытнай літаратуры. Тут аднак гуманітарыя чакае новая неспадзеванка. Не дастаткова разбірацца ў тэорыі прыпавесці  на  падставе Арыстотэля ці Квінтыліяна, паколькі евангелічныя прыпавесці не адпавядаюць дакладна таму, што ў гэтай справе сфармулявалі грэцкія і рымскія антычныя аўтары. Нараджаецца яна ўласна не з лагічнага мыслення грэкаў, але з семіцкага духа. Таму ўзораў і аналогій для яе трэба шукаць у Старым Запавеце і ў каментарах біблейскіх рабінаў. Толькі тады габрэйскія паралелі дадуць нам новы неабходны ключ, які адчыніць ментальность людзей старажытнага Бліскага Ўсходу, якая так моцна адрозніваецца ад нашай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *