Дэкалог

ПРА ДЭКАЛОГ І СУМЛЕНЬНЕ

Дарагія браты, дарагія сёстры!

1. Распачынаем велікапосныя рэкалекцыі. Традыцыя падобных рэкалекцыяў вымагае ад нас абвясьціць тэму нашых разважаньняў, якія будзем праводзіць на працягу бліжэйшых сямі дзён, і якую я хачу прапанаваць вам у форме сямі катэхітычных казаньняў. Тэма на першы погляд не арыгінальная – ДЭКАЛОГ, ці іншымі словамі “Дзесяць Божых запаведзяў”. Дзесяць запаведзяў ведаюць… ці лепей сказаць ПРА дзесяць запаведзяў ведаюць амаль усе людзі, нават тыя, якія ня маюць да хрысьціянства асаблівага дачыненьня. Аднак, я ня ўпэўнены, што ўсе хрысьціяне ясна ўсьведамляюць, што кожная з іх азначае.
Нам, хрысьціянам, здаецца, што Дэкалог Старога Запавету не такі ўжо для нас важны: Ісус у Новым Запавеце дае нам больш дасканалыя запаведзі – запаведзі любові. Меркаваньне такое, аднак, зьяўляецца памылковым. Дэкалог нам вельмі і вельмі патрэбны, а веды нашыя пра яго часта павярхоўныя. Сёньня ў гэтым катэхітычным казаньні я хацеў бы агульна распавесьці (1) пра Дэкалог, а таксама ўказаць на (2) ўзаемаадносіны, якія існуюць паміж Дэкалогам, з аднаго боку, і сумленьнем – з другога.
Адразу хачу зазначыць, што існуюць дзьве традыцыі нумерацыі запаведзяў. Першая з іх – усходніх Айцоў Царквы, другая – катэхітычная традыцыя сьв. Аўгустына. Большасьць з тут прысутных знаёмая з нумарацыяй запаведзяў паводле Катэхізісу. Я ня буду цяпер тлумачыць, у чым палягае розьніца, аднак хачу адразу сказаць, што я на гэтых рэкалекцыях буду карыстацца нумарацыяй запаведзяў паводле сьв. Аўгустына.
2. Дэкалог (“дзесяць слоў”), ці сьпіс дзесяці запаведзяў знаходзіцца ў Бібліі ў кнізе Выхаду і ў кнізе Другазаконьня. У старазапаветны час Дэкалог зьяўляўся цэнтральным дакументам у Законе ізраільскага народу, ня страціў ён актуальнасьці і ў часы Новага Запавету, гэта значыць і ў наш час. На працягу амаль трох тысячагодзьдзяў Дэкалог аказваў і аказвае ўплыў на цывілізацыю і культуру. Тое, што сучасны чалавек называе “агульначалавечымі каштоўнасьцямі”, прыйшло да нас менавіта са старонак Сьвятога Пісаньня і ёсьць канстытуцыйнай часткай Дэкалогу.
Зьмест Дэкалогу традыцыйна разьдзяляюць на дзьве часткі: першая частка – гэта першыя тры запаведзі, якія апісваюць адносіны чалавека да Бога, апошнія сем рэгулююць маральныя адносіны людзей паміж сабой. Важнай асаблівасьцю Дэкалога зьяўляецца тое, што ён гарманічна аб’ядноўвае ў сабе гэтыя дзьве часткі. Дзякуючы такому спалучэньню Дэкалог стаецца ня проста гуманным законам, аптымальным для грамадства, зручным для жыцьця тут, на зямлі, але атрымлівае непарушныя падставы ад Бога.
3. У нашыя часы навука Каталіцкай Царквы зьвярнула асаблівую ўвагу на сумленьне чалавека, падкрэсліваючы, што яно зьяўляецца маральнай нормай паводзінаў чалавека. Можна нават сказаць, што сумленьне – гэта такі “партатыўны”, ці “мабільны” дэкалог, які заўсёды з намі. Калі гэта так, то ці маем патрэбу ў двух дэкалогах? Адказ на гэтае пытаньне адназначны: так, нам неабходныя абодва дэкалога!
Сумленьне – гэта, паводле акрэсьленьня Катэхізісу Каталіцкай Царквы, голас Бога ў сэрцы чалавека. Ён нам падказвае, што добра, а што дрэнна. Сумленьне – гэта такі інструмент, які дазваляе нам вырашаць, што зьяўляецца дабром, а што злом у рэальных жыцьцёвых сітуацыях. Аднак, як добра ведаем з жыцьця, гэты голас гаворыць розным людзям па-рознаму. Інакш: колькі людзей, столькі сумленьняў. Што забараняе сумленьне аднаму чалавеку, другому чалавеку яно лёгка дазваляе. У чым жа праблема? Праблема ў тым, што голас Бога ў нашых сэрцах мы чуем па-рознаму. Хтосьці мае ўражлівы слых, хтосьці нармальны, а хтосьці трошкі, ці зусім глухі. Падыходзім да вельмі важнага сьцьверджаньня: сумленьне – гэта суб’ектыўная маральная норма.
Сумленьне падобнае да забруджанага люстэрка: чым больш яго чысьцім, тым лепей бачым у ім сваё аблічча. Працэс ачышчэньня люстэрка – гэта ёсць працэс фармаваньня, выхаваньня сумленьня. Каб правільна сфармаваць сумленьне трэба яго суадносіць з нейкімі аб’ектыўнымі нормамі, зборам жа такіх аб’ектыўных нормаў і зьяўляецца Дэкалог. Вось яшчэ адно важнае сьцьверджаньне: дэкалог – аб’ектыўная маральная норма. Нашым хрысьціянскім пакліканьнем ёсьць выхаваньне, фармаваньне свайго сумленьня, і ў гэтым нам дапамагае Дэкалог. Пяройдзем жа да першых запаведзяў, што ў ім знаходзяцца.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *