Дэкалог

IV. ПАВАЖАЙ БАЦЬКУ ТВАЙГО І МАЦІ ТВАЮ, КАБ ДОБРА БЫЛО ТАБЕ І КАБ ТЫ ЖЫЎ ДОЎГА НА ЗЯМЛІ

1. Дарагія браты, дарагія сёстры! Працягваем нашыя вялікапосныя разважаньні пра Дэкалог. Сёньня затрымаемся на 4 запаведзі, якая ў Сьвятым Пісаньні гучыць так: “ШАНУЙ БАЦЬКУ ТВАЙГО І МАЦІ ТВАЮ, ЯК ЗАГАДАЎ ТАБЕ ГАСПОДЗЬ, БОГ ТВОЙ, КАБ ПАДОЎЖЫЛІСЯ ДНІ ТВАЕ, І КАБ ДОБРА БЫЛО ТАБЕ НА ТОЙ ЗЯМЛІ, ЯКУЮ ГАСПОДЗЬ, БОГ ТВОЙ, ДАЕ ТАБЕ” (ДРУГІ ЗАКОН, 5, 16).

Хачу нагадаць, што гэтай запаведзьдзю мы адкрываем другую “скрыжаль”. “Скрыжаль”, якая зьмяшчае запаведзі рэгулюючыя адносіны паміж людзьмі. Аднак чацьвёртая запаведзь, як мы і самі зараз пабачым, мае дачыненьне таксама да Бога. Яна падобна да маста, што аб’ядноўвае две “скрыжалі” у адно.

2. (Вобраз Бога). Што гэта значыць: шанаваць бацьку і маці? Вось жа пашана бацькоў шчыльна зьвязана з пашанай Бога. Нездарма мы самаго Бога называем Айцом… Бог захацеў скарыстацца паняцьцем “айца”, каб разпавесьці нам пра сябе. Менавіта праз свой вобраз бацькоў, таты і мамы, але перад усім таты, мы пазнаем Бога. Іншымі словамі, мы “бачым” Бога праз сваіх бацькоў.

Вось чаму так важна, каб нашыя адносіны з бацькамі былі здаровымі, вось чаму нам, як бацькам, у адносінах да сваіх дзецей, трэба дастойна сябе паводзіць, памятаючы, што мы носім вобраз Нябеснага Айца, што праз нас нашае дзіцё вучыцца пазнаваць Бога.

Вельмі часта бывае так, што калі гаворым каму-небудзь пра тое, што Бог – зьяўляецца нашым айцом, то гэта выклікае зьдзіўленьне, а нават непрыемнае ўражаньне ў таго з кім размаўляем. Гэта гаворыць, што асоба мела прыкры вопыт свайго айца. Такой асобе цяжка прыняць Бога, бо зямны айцец, з якім мы яго параўноўваем, быў, напрыклад, суворы і жорсткі, і зусім ня добры.

Вядомы філосаф Сартр у дзяцінстве прапаліў дзірку ў дыване і вельмі моцна перапужаўся, бо баяўся гневу свайго бацькі. А калі ён вырашыў схаваць дзірку ў дыване пад фатэлям, то яму ў галаву прыйшла думка, што Бог усёроўна бачыць ягоны ўчынак і яму, значыцца, не пазбегнуць гнева айца. Сартр перанёс сваё бачаньне айца на Бога, і ў выніку ў яго атрымаўся паліцэйскі, які толькі чакае, каб працянуць вінавайцу па сьпіне дубінкай… Быць можа таму, калі Сартр стаў дарослым, ён адкінуў веру ў Бога, бо хто ж захоча верыць у Бога-паліцэйскага.

Гэты прыклад Сартра – вельмі павучальны для нас. Кожны з нас зьяўляецца дзіцём. Кожны з нас мае ці меў бацьку. Нашыя бацькі розныя. У кагосьці – добры, дабрадзейны бацька, у кагосьці дрэнны (алкаголік, скандаліст). Аднак кожны з нас ведае, прынамсі адчувае сэрцам, які павінен быць добры бацька і нельга нам гэтае адчуваньне забыць. Мы пакліканы аднавіць свой вобраз бацькі праз прабачэнье сваім бацькам. Потым пры дапамозе гэтага вобразу бацькі пазнаваць Бога, нашага Айца.

Ісус кажа: “Нікога на зямлі не называйце айцом, бо адзін ёсьць Айцец ваш, Той, які ў Нябёсах”. Праз гэта Збаўца падкрэсліў, што няма на зямлі дасканалых айцоў, што поўня Айцоўства належыць Богу. З Яго, як скрыніцы, належыць нам чэрпаць нам узоры для свайго бацькоўства і мацярынства.

3. (Абяцаньне Бога). Звярніце, калі ласка, вашую ўвагу на тое, што толькі да гэтай запаведзі Бог дадае асаьлівае абяцаньне, якое будзе ўзнагародай тым, хто шануе сваіх бацькоў. Менавіта, той, хто так робіць будзе жыць добра і доўга на зямлі.

Ёсьць такая казка пра племя качэўнікаў, якія вырашылі, што старыя бацькі іх абцяжарваюць і пакінулі іх паміраць у пустыні. Толькі адзін чалавек схаваў свайго бацьку, пасадзіўшы яго ў кош. Праз некаторы час племя пачало шукаць месца на калодзеж і не магло знайсьці. Толька стары бацька даў неабходную раду пра тое, дзе трэба шукаць ваду…

Гэта казка нам гаворыць, што старых людзей трэба шанаваць з-за мудрасьці, якую яны маюць, але ня толькі. Шануючы старых – мы шануем саміх сябе. Логіка вельмі простая: калі мы, як грамадства выплачваем старым людзям пенсію, то гэтым мы выказваем сваё жаданьне ў сваёй старасьці таксама атрымліваць пенсію. Калі мы адмаўляем у гэтай пенсіі старым людзям, гаворачы, што мы гэтыя грошы патрацім на сябе, а яны неяк сабе дадуць рады, то ня будзем чакаць дапамогі ад свах бацькоў і ўнукаў у сваёй старасьці.

Глядзіце, колькі карысьці маем спаўняючы проста гуманныя агульнапрынятыя правілы ў грамадстве! Наколькі ж больш вартае слова Бога, які абяцае дабрабыт і доўгае жыцьцё. Гэта слова, запаведзь з’яўляецца ўмовай развіцьця ня толькі матэрыяльнага, але і духоўнага, маральнага.

4. (Абавязкі дзяцей і бацькоў). Кожны з нас мае абавязак пашаны да сваіх бацькоў. Гэта пашана і любоў да іх праяўляецца ў клопаце пра іх шчасьце. Таксама і бацькі маюць абавязкі перад сваімі дзецьмі. Быць бацькамі ня проста: трэба ня толькі забяспечыць сваім дзецям матэрыяльны дабрабыт, але перад усім «паказаць» ім Бога. У гэтым вялікую ролю грае асабісты прыклад. Першы і галоўны абавязак бацькоў – гэта прыняць кожнае дзіця, якое ім пасылае Бог. Бацька і маці ня толькі могуць, але і абавязаны рабіць заўвагі свайму дзіцяці, нават калі яно ўжо дарослае. Трэба, каб бацькі часта маліліся за сваіх дзяцей, бо малітва бацькоў творыць цуды. Тут прыкладам для нас можа быць Сьв. Моніка, маці сьв. Аўгусьціна.

(Любоў да Бацькаўшчыны). Чацьвёртай запаведзьдзю Бог запавядае нам таксама любіць сваю Бацькаўшчыну. У кожнай мове слова «бацькаўшчына» зьвязана з словам «бацька». Любіць Бацькаўшчыну, Айчыну – гэта значыць любіць свой народ і зямлю нягледзічы ні на што. Гэта азначае – будаваць справядлівае грамадства і працаваць для дабрабыту ўсёй краіны; клапаціцца пра сваю мову і культуру… А перад усім, мы хрысьціяне, пакліканы да таго, каб дзяліцца са сваімі суайчыннікамі Госпадам нашым Ісусам Хрыстом.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *