Дэкалог

ІІІ. ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СЬВЯТЫ СЬВЯТКАВАЦЬ

1. Трэцяя запаведзь у Бібліі, у Кніге Выхаду пададзена так: “АЛЕ ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СУБОТНІ, КАБ СЬВЯЦІЦЬ ЯГО…” (ВЫХ 20, 8). Бог стварыў сусьвет і чалавека. Ён ведаў, што чалавек зацікавіцца гэтым сьветам і будзе ім заняты так, што ня будзе мець часу, каб сустрэцца з Творцам. Вось чаму ад самага пачатку Ён паставіў умову: шэсьць дзён тваіх, а сёмы дзень мой – у гэты дзень Я прызначаю сустрэчу з табой.
Цікава, але гэта адзіная запаведзь, дзе Бог ужывае слова “памятай”. Госпад ведаў, што памятаць пра гэтую запаведзь будзе ня проста. Гэты сьвет накідвае нам свой рытм: рытм працы, тэлевізійных сэрыялаў, сустрэчаў з сябрамі, цікавых экскурсіяў, вакацыяў… Карацей, часу сапраўды няма. Шкада нават, што ў сутках толькі 24- ы гадзіны. “Я ня маю часу” – вось як часта мы гаворым і маем рацыю. Мы сапраўды ня маем часу. Час мае Бог.
Мы забываем пра тое, што менавіта Ён даў нам яго. Ён даў нам пры адной умове: “Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго…” (Вых 20, 8). Мы на Судзе павінны будзем даць справаздачу за той час, які мы тут мелі на зямлі. Цікава, ці будзе гэта дастатковым апраўданьнем для нас, што мы ня мелі часу на рэлігійнае жыцьцё, на нядзельную Літургію?
2. Гэты сьвет накідвае нам свой рытм. У гэтым рытме лёгка загубіцца і забыць пра тое, што сапраўды для нас ёсьць важным. Вось чаму Каталіцкая Царква зьвяртае ўвагу на тое, што прысутнічаць на нядзельнай Імшы (Літургіі) ёсьць нашым абавязкам! Той хто дабраахвотна і без паважных прычынаў не прыходзіць на нядзельную Еўхарыстыю – цяжка грашыць.
Удзел у нядзельнай Літургіі – гэта не прыватная справа (“хачу пайду, хачу не пайду”). Таксама, як быць веруючым, католікам – справа публічная (нашая вера – не таямніца, кожны можа даведацца пра тое, што мы прыходзім у храм), гэтак жа ўдзел у нядзельнай Літургіі – гэта публічны выраз нашай веры. Колькі ж людзей можна сустрэць, якія кажуць: “Я католік, але ў касьцёл не хаджу…”. (Ды гэта ж тое самае, што сказаць, што кола квадратнае!)
Нядзельны ўдзел у Імшы, як бачым, мае грамадскае вымярэньне. Для веруючых нашых знаёмых мы даем дрэнны прыклад, а для няверуючых мы сьведчым, што вера – гэта не такая ўжо і важная рэч у жыцьці.
Мае дарагія! Але ж удзел у нядзельнай Імшы – ня проста павінен быць для нас цяжкім абавязкам! Ён павінен стацца для нас радасным прывілеем. Гэта ёсьць менавіта той момант, калі Госпад хоча падтрымаць нас сваёй ласкай, каб нам ісьці далей па жыцьці ў радасьці. Каб з сілай і энэргіяй пераадольваць цяжкасьці, якія нас напаткаюць.
Мяркую, што большасьць з тут прысутных на сваім вопыце пераканалася ў слушнасьці таго, пра што распавядаю. Не памылюся, калі скажу, што з цягам часу, калі чалавек рэгулярна, кожную нядзелю прыходзіць на Еўхарыстыю, то ў пэўны момант больш не ўяўляе свайго жыцьця без Імшы ў нядзелю.
3. У кантэксьце запаведзі пра сьвяткаваньне сьвятога дня, хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што зьвязана яна з адпачынкам. Бог клапоціцца пра наш адпачынак. Трэба зазначыць, што мы жывем у такія часы, калі людзі амаль зусім развучыліся адпачываць.
У нас ёсьць электрычнасьць і машыны. Дзякуючы ім можна працаваць і ў дзень, і ў начы. Людзі намагаюцца пасьпяваць за машынамі і, як вынік, забыліся, як павінен выглядаць адпачынак. Добра, хай Бог нічога не казаў, што ў начы працаваць нельга, але Ён ясна сказаў адносна сёмага дня…

Мы непаважна ставімся да адпачынку, вось чаму ў грамадстве столькі стрэсу, дэпрэсіяў, іншых псіхічных захворваньняў. Паважнае стаўленьне да адпачынку – гэта паважнае стаўленьне да чалавека. Адміністрацыя фірмы, якая клапоціцца пра адпачынак сваіх супрацоўнікаў, робіць толькі на карысьць сваёй фірме.
На жаль у нашым постсавецкім грамадстве, у якім усё яшчэ дзейнічае логіка марксіска-леніскай філасофіі, усё наадварот: працуй, пакуль жывы, далей…- твае праблемы, чалавек – гэта дробязь. Вось яна самая вялікая памылка – памылка антрапалагічная, як сказаў Ян Павел ІІ. Бог жа – паважна ставіцца да нашага адпачынку, і ня дзіва – Ён нас паважае і любіць. А мы сябе?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *