Дэкалог

ІІ. НЯ ЎЖЫВАЙ ІМЕНІ БОЖАГА НАДАРЭМНА

Дарагія браты, дарагія сёстры!
1. Працягваем велікапосныя рэкалекцыі. Нагадваю, што тэма гэтых нашых разважаньняў – Дэкалог. Сёньня мы паразважаем пра ІІ запаведзь. Вось як яна гучыць у Бібліі, у Кнізе Выхаду: “НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, МАРНА, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна” (Вых 20, 7).
2. Што азначае вымаўленьне якога-небудзь імя? Вымаўляць імя – гэта клікаць таго, каму яно належыць. Калі мы вымаўляем імя Госпада, мы клічам Яго, просім, каб Ён прыйшоў і зьвярнуў на нас сваю ўвагу. Гэта нішто іншае, як малітва! Аднак, калі мы робім гэтак не ўсьведамляючы таго, што заклікаем Бога (звычайна ў стане эмацыянальнага ўзбуджэньня ці зьнерваваньня), то такое вымаўленьне і ёсьць марным. Вельмі часта можна пачуць: “О, Госпадзе!”, “О, Божа!”, “Сьвят, сьвят, сьвят…”, “ей Богу”, “Ну, слава Богу!”. Такія словы не зьяўляюцца малітвай, бо чалавек вымаўляе іх механічна.
Мова, словы – яны дадзеныя нам ад Бога, вось чаму яны так шмат важаць. Можна было б нават сказаць, што яны матэрыяльныя, бо зьмяняюць рэчаіснасьць. Ад нашых слоў залежаць размаітыя рэчы: пачынаючы ад добрага настрою нашага сябра, і заканчваючы жыцьцём другога чалавека. Калі мы пустасловім, ужываем нашую мову, не клапоцячыся пра наступствы, то мы таксама вымаўляем імя Госпада надарэмна. Робячы так, мы ігнаруем прысутнасьць у сьвеце Божага Провіду, тое, што Бог дзейнічае ў нашым жыцьці і нашых сэрцах.
3. Запаведзь кажа, што Бог не пакіне без пакараньня тых, хто парушае яе. Сапраўды, большасьць тых людзей, якія вымаўляюць імя Бога надарэмна, маюць праблемы з асабістай малітвай. Гэта адбываецца таму, што яны губляюць нешта сьвятое (сакрум), інтымнасьць, якая ўласьціва духоўнаму жыцьцю, адносінам паміж Богам і чалавекам. Пустаслоўе зьнішчае цішу, у якой Бог ахвотна прамаўляе да чалавека. Замест яе ў душу чалавека прыходзіць неўпарадкаванасьць, нежаданьне слухаць, няўменьне кантактаваць з іншымі, праклёны, адсутнасьць ветлівасьці, хамства…

Так, мае дарагія, не хачу падацца вам няветлівым, але, прынамсі ў горадзе Мінску, колькасьць хамства на асобу перабольшвае магчымасьці чалавека заставацца радасным, нават тады, калі ён хрысьціянін. Цікава, што нас робіць бязрадаснымі: заплёваныя пад’езды і маты суседзяў, нашая злосьць на іх, наша аднапакаёвая “хрушчоўка”?! Парадокс, але мы самі сябе робім бязрадаснымі, няшчаснымі.
4. Прысяга – гэта прызываньне Бога за сьведку, што я кажу праўду, або ў тым, што стрымаю сваё слова. У Новым Запавеце Ісус заклікае ўсіх сваіх вучняў, каб ніколі не зьвярталіся да прысягі. Нашае слова павінна быць настолькі праўдзівым, што дастаткова было даведацца пра нас, што мы хрысьціяне, каб не засумнявацца ў праўдзівасьці нашых слоў.
У штодзённым жыцьці, аднак, мы можам сустрэцца з сітуацыямі, у якіх ад нас патрабуюць прысягнуць. З урачыстай прысягай мы можам сустрэцца ў судзе ці ў парафіяльнай канцэлярыі. Парушэньне такой прысягі амаль заўсёды зьяўляецца цяжкім грахом.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *