Хрысціянства і літаратура

Хрысціянства і літаратура – 06 (Дж.Р.Р.Толкін -5)

Слава Ісусу Хрысту! Шаноўныя радыёслухачы,  у эфіры праграма «Хрысціянства і літаратура», каля мікрафона я, а. Андрэй Буйніч. У фокусе нашай увагі, таксама як і некалькі папярэдніх перадачаў, ангельскі пісменнік Дж.Р.Р.Толкін. Сёння мы працягваем гартаць яго найбольш вядомы твор «Уладар пярсцёнкаў».

Мінулы раз, на прыкладзе галоўнага героя Фрода, я звярнуў вашую ўвагу, сябры, на  разуменне Толкінам каштоўнасці жыцця і міласэрнасці. Сёння на прыкладзе іншыга героя – Глыкса (у найбольш вядомым расійскім перакладзе – Голума) – мы пабачым, як Прафесар разумеў духоўнае падзенне і… навяртанне.

Ініцыяцыя злом

Постаць Глыкса ўжо нам сустрэлася ў мінулай перадачы ў кантэксце велькадушнага і шляхетнага ўчынка Фрода, які літуецца над Глыксам і пакідае яму жыццё. Аднак постаць гэтай дзіўнай істоты не адмаляванае Толкінам павярхова – наадварот, Прафесар вельмі скрупулярна апісвае глыбокае духоўнае падзенне Глыкса, паказвае не толькі канец, але і пачатак гэтай драмы.

Гэта праўда, не заўсёды Глыкс быў такі, якім мы бачым яго ў узаемаадносінах  з Фрода і Сэмам: небяспечны, крывадушны, хітры, апанаваны Пярсцёнкам, гатовым на кожнае злачынства, каб павярнуць да сябе свой «скарб».

У мінулым быў ён істотай прыналежнай да роду хобітаў. Меў жа імя – Сьмеяголь і быў «пракудлівым і цікаўным» ды ва ўсім ён «намагаўся дабрацца да самых асноваў і пачаткаў». Быў абдараванай асобай, схільнай да навуковых даследванняў… Іншымі словамі кажучы ён быў цалкам нармальным хобітам, пакуль яму не сустрэўся Пярсцёнак.

Гэтая сустрэча была сваго роду ініцыцыя злом. Зарас, шаноўныя слухачы, вы ў гэтым пераканаецеся. Было гэта так: Сьмеяголь ды яго сябар Дыяголь вудзілі рыбу на рацэ. Дыяголь закінуў вуду, ды калі выцягваў вялікую рыбіну, то выпаў за борт. На глыбіні ён пабачыў нешта бліскучае – ён выпусціў вуду ды ўзяў гэты прадмет. Вось так і знайшоўся Пярсцёнак.

Сьмеяголь жа бачыў з-за дрэва як ягоны сябар адысціў ад глею прыгожы пярсцёнак. Тое, што між імі здарылася апісвае Гэндальф, распавядаючы гэту гісторыю Фрода:

«Дай яго нам, Дыяголь, даражэнькі мой», — сказаў Сьмеяголь, пазіраючы з-за сябравага пляча.

«Чаму?» — зьдзівіўся Дыяголь.

«Таму, што сёньня мой дзень народзінаў, даражэнькі мой, і таму што я яго хачу».

«Ну дык што? Я ўжо падараваў табе падаруначак, і ня тое каб танны. Усё. Я знайшоў, значыць, маё».

«Вох, так, так, даражэнькі мой», — прасіпеў Сьмеяголь, ухапіў Дыяголя за горла ды задушыў, бо пярсцёнак быў так прывабны й цудоўны. А пасьля насунуў яго на палец.

(Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка, с. 57).

Пагражаць сонцу

Што ж насамрэч адбылося? Чаму, паўстае слушнае пытанне, звычайны хобіт раптам з нечуванай рашучасцю, якая даводзіць нават да забойства, пажадаў рэч, пра якую раней нават не ведаў? Ці ж адразу настолькі быў апанаваны Пярсцёнкам? Гэта цяжкае пытанне і на яго нелга адказаць адназначна.

Сьмеяголь паходзіць з добрай сям’і, якой кіравала суворая бабка. Быць можа гэта сямейная сітуацыя нам падказвае, што ён меў нейкія псыхалагічныя раны. Толкін жа тлумачыць, што «Дамінацыя Пярсцёнка была занадта моцнай для подлай душы Сьмеяголя. Ніколі аднак не трапіў бы пад яе, калі б не быў нягоднікам і злодзеям, яшчэ да таго як Пярсцёнак перайшоў яму дарогу» (Listy, c.351). Гэтыя словы Прафесара яшчэ раз пераконваюць нас, што не без прычыны Сьмеяголь так хутка паддаеца ўплыву Пярсцёнка – ён (Сьмеяголь) нібы падрыхтаваў яму добрую глебу сваім папярэднім нягодным жыццём. (Цікава, аднак, што Гэндальф меркаваў, што падобная гісторыя магла б здарыцца і з іншым).

Можна падсумоўваючы сказаць, што пажадлівасць Сьмеяголя абцяжараная забойствам і ёсць яго першым падзеннем і пачаткам дэградацыі, як асобы. Пярсцёнак нішчыць яго прыроду і ўжо не застаецца ён мілай істотай хобіцкага роду. Найперш пачынаюцца канфлікты з роднымі: ён становіцца нязносным, ды ўсе яго праганяюць. Ён пачынае красці. У гэты момант нешта адбываецца з яго асобай – пачынае размаўляць сам з сабой мармычучы ды гаргочучы глоткай. Адсюль і быў названы Глыкс. Нарэшце бабка праклінае яго ды выганяе з нары. Далей паяўляюцца і іншыя рысы дэградацыі Глыкса: ён ходзіць на карачках, ловіць рыбу рукамі ды з’ядае сырой.

Глыкс пачынае ўспрымаць сусьвет, рэчаіснасць інакш. Толкін паказвае гэта вось у такіх поўных драматызма словах: «Аднойчы сьпякотным днём, нахіліўшыся над вадою, адчуў, як сонца пячэ патыліцу, а сьвятло, адбіваючыся ад вады, сьлепіць мокрыя вочы. Ён зьдзівіўся, бо нават забыўся быў пра сонца. Тады апошні раз зірнуў угору й пагразіў сонцу кулаком»  (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка, с. 57).

Пагражаць сонцу кулаком… Гэта вельмі моцны вобраз. Вобраз таго, што Глыкс знаходзіцца ў канфлікце з цэлым сусьветам. Вядома, канешне, што гэты канфлікт аднабаковы, бо Сонцу не патрэбны аніякі Глыкс. Але такая сітуацыя яшчэ больш сведчыць пра глыбокую дэструкцыю яго асобы і аб тым, што ён не можа адэкватна ацэніваць рэчаіснасць. У гэты момант мне прыходзіць на памяць іншыя, ужо гістарычныя постаці – Ленін, які меўся сказаць: «Я – асабісты вораг Бога», Ніцшэ, які абвяшчаў: «Бог памёр»… Але вяртаемся да Глыкса.

Такім чынам Глыкс зненавідзіў сонечнае святло і пасяліўся пад зямлёю. Але і там ён быў нешчаслівы, бо «ненавідзеў цемру, а сьвятло й болей за тое, ненавідзеў усё, а пярсьцёнак болей за астатняе» (Дж.Р.Р.Толкін, Уладар пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка, с. 58).

Сябры, робім жа слушныя высновы з нашых разважанняў над літаратурным персанажам – не дазволім, каб у нашыя сэрцы ўвашло зло. Хай жа вясновая сонейка будзе для нас радасным знакам уваскрасення нашага Госпада Ісуса Хрыста і… добрага вам чытання!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *