Хрысціянства і літаратура

Хрысціянства і літаратура – 02 (Дж.Р.Р.Толкін -1)

Слава Ісусу Хрысту! Шаноўныя радыёслухачы,  у эфіры праграма «Хрысціянства і літаратура», каля мікрафона я, а. Андрэй Буйніч. Пад час мінулай сустрэчы я распавядаў пра ангельскіх пісменнікаў з кола г.зв. «оксфардскіх хрысціянаў». Між іншым я распавёў трошкі пра сяброўства двух — ужо сёння пасюдна вядомых – пісьменнікаў: Льюіса і Толкіна.

Сённяшнюю ж перадачу (і некалькі наступных) я хачу прысвяціць Толкіну. Давайце разам прыадчынім завесу таемнічасці, якая існуе вакол гэтага аўтара. Але каб гэту завесу адчыніць, то трэба яе найперш пабачыць, а для гэтага ў сваю чаргу трэба адказаць на некаторыя пытанні: якога светапогляду прытрымліваўся Толкін? Наколькі на яго ўплывала прыналежнасць да Каталіцкай Царквы, ягоная хрысціянская вера? Што мае супольнага з хрысціянскай літаратурай найбольш вядомы твор Толкіна «Уладар пярсцёнкаў»?

Адказам уласна на гэтыя пытанні мы і зоймемся ў бліжэйшых перадачах.

Мэйбл Толкінмаці будучага пісьменніка

«У любым выпадку я з’яўляюсь хрысціянінам» – так пісаў Толкін у адным з сваіх лістоў (Listy, с.329). І гэта не былі проста словы на ўзвей вецер, бо калі паслядоўна прыгледецца да ягонага жыцця (а нарадзіўся Толкін 3 студзеня 1892 г.), то пабачым, што вера ў Бога адыграла ў выхаванні, фармаванні ягонай асобы асноўную ролю. Менавіта вера ў Бога дапамагла яму пераадоліць шэраг трагедый, якія яго па жыцці сустрэлі.

Першым і галоўным выхавацелем Толкіна была ягоная маці – Мэйбл Сафілд. Яна і сама паходзіла з рэлігійнай сям’і ды была асобай адукаванай і выкшталцонай. Яна належала да супольнасці ўнітарыянскай царквы. Цяжка напэўна сёння ўявіць гэта, але Мэйбл і яе две сястры працавалі пэўны час місіянеркамі ў Афрыцы. Мэйбл спрабавала навярнуць у хрысцінства жанчынаў з гарэма султана Занзібара!

Калі Мэйбл Сафілд мела 21 год то выйшла замуж за Артура Толкіна (шлюб адбыўся ў Афрыцы 6 красавіка 1891 г.). Першая трагедыя ў жыцці Толкіна адбылася праз чары гады пасля ягонага нараджэння: ад цяжкай хваробы памірае ягоны айцец.

Пасля смерці мужа Мэйбл Толкін пасялілася з Ронам і ягоным малодшым на два гады братам Хілары ў Сархоле (маленькай вёскі ў Англіі). Я не буду падрабязна апісвай тут гэты поўны розных цяжкасцяў і пошукаў перыяд у жыцці сям’і Толкіна, але зазначу толькі адзін факт, які несумненна паўплываў на ўсё жыццё і на светапогляд Джона Рональда. Вось жа Мэйбл Толкін у чэрвені 1900 году далучылася да Рыма-каталіцкай Царквы. Як піша адзін з даследчыкаў Толкіна: Гэта была досыць адважная дэкларацыя веры, паколькі Мэйбл і яе сыны адрымоўвалі ад сваякоў вялікую фінансавую і маральную падтрымку. Мэйбл слушна прадбачыла, што яе пераход на каталіцызм пакрыўдзіць і разгневае сям’ю. Сапраўды, у хуткім часе некалькі сваякоўяк Сафілдаў гэтак і Толкінаўперасталі аказваць фінансавую дапамогу (D.Grotta, Tolkin. Tworca Srodziemia, с. 27-28).

Маці Рональда Толкіна памерла ад цукравага дыябету, калі той меў 12 год. Гэта была чарговая трагедыя ў жыцці будучага пісменніка. Перад смерцю Мэйбл, ведаючы, што ёй засталося ўжо не шмат жыць, пачала клапаціцца пра будучыню сваіх сыноў: Як піша адзін з даследчыкаў Толкіна: «Найбольш для яе важным было тое, каб Рональ, таксама як і Хілары засталіся ў каталіцкай веры. Баялася, што калі хлопцы будуць адданыя сваім пратэстантскім дзядам, то будуць вымушаныя вырачыся сваёй сваёй веры» (D.Grotta, Tolkin. Tworca Srodziemia, с. 27-28).

На дапамогу ёй прыходзіць каталіцкі святар а. Фрэнсіс Ксав’е Морган, які сябраваў з сям’ёй Толкінаў. Гэта ён пераканаў цётку Толкінаў – Беатрыс (яна не была супраць новай веры хлопцаў), каб узяла да сябе братоў. Чатыры гады пазней а.Морган арганізаваў ім кватэру пры доме для сіротаў, які ўтрымлівала манаскае зграмаджэнне аратарыянаў. Гэтым належыць скончыць тут апавяданне пра дзяцінства Рональда Толкіна. Застаецца толькі дадаць, што на працягу жыцця пісьменнік вяртаўся ў сваіх разважаннях да асобы сваёй маці, якая і па сваёй смерці нястомна на яго ўплывала.

Першая сусветная вайна: смерць сяброў

Падчас вучобы ў школе караля Эдварда ў Джона Рональда з’яўляюцца сябры. Разам гэты хлопцы, якія маюць прыкладна па 16 год, утвараюць літаратурнае таварыства. Яны называюць яго «Tea Club» (Чайны клуб), а пазней ад назвы кавярні, дзе яны сустракаліся – Чайны Клуб Бэроўскага аб’яднання, а ў скароце T.C.B.S. — што для падлеткаў гучала досыць загадкова і надавала пэўнай таямнічасці іх сустрэчам. У гэты ж час Толкін сябруе з дзяўчынай, таксама сіратой, як і ён, якую завуць Эдыт.

Напрыканцы лета 1914 году, Англія аб’весціла вайну Германіі. У адказ на заклік дзяржавы, тысячы маладых людзей ідуць у войска. Толкін не паздзяляў гэтага запалу, бо ў гэты час ён студуе ў Оксфардскім універсітэце ды прагне здабыць навуковую ступень. Джон Рональд перакананы, што без дыплома ён не мае права ажаніцца на Эдыт.

Аднак пасля паспяховага атрымання дыплому падзеі ў жыцці Толкіна развіваюцца наступным чынам: 22 траўня 1916 года ён і Эдыт бяруць шлюб, а ўжо ў чэрвені (пасля скарочанага мядовага месяца) ён ідзе ў войска і разам з батальёнам выезджае ў Францыю. Ягоныя тры сябры таксама на фронце… Двое з іх загінула. Ці трэба казаць, што гэта было моцным перажываннем для Джона Рональда? Самога Толкіна ратуе невядомая хвароба, якую жаўнеры называлі «акопавай гарачкай» – яго вывозяць у шпіталь…

Вось, шаноўныя радыёслухачы, праз такія выпрабаванні праходзіць Толкін і ягоная вера. Ужо ў жаўнерскіх казармах, часткова пад уплывам перажытага вопыту, паўстаюць некаторыя вершы і літаратурная канцэпцыя першай аповесці: Упадак Гандаліна.

На гэтым, сябры, мы развітаемся з 24-гадовым Толкінам, каб працягнуць знаёмства з ім у наступнай перадачы. А я, а. Андрэй Буйніч, развітваюся з вамі. Уважліва выбірайце сабе сяброў і лектуры. І… добрага вам чытання.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *