Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: ЗГУБЛЕНАЯ ДРАХМА (ХХІХ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. Сёння мы разважым прыпавесць, якая называецца «Згубленая драхма».

Агульныя звесткі

Гэта прыпавесць, якая ёсць толькі ў Лукі,  ды з’яўляецца блізнячай прыпавесцю да пра прапаўшую авечку (пра якую мы разважалі ў мінулай перадачы). Абедзьве прыпавесці ідэнтычна збудаваныя, ды ў дадатак падпарадкоўваюцца ўжо вядомаму нам прынцыпу — прынцыпу кантраста ўласціваму для прыпавесцяў-блзінятаў.

У папярэдняй прыпавесці пра прапаўшую авечку на першым плане ёсць багаты мужчына, у гэтай жа – убогая жанчына. Такім чынам значная вартасць прапаўшай аўцы кантрастуе з адносна малой вартасцю манеткі. Аднак, што дзьве прыпавесці маюць супольнага – дык гэта тое, што і тут і там мае месца суб’ектыўны клопат пра адшуканне згубленага, ды тая ж самая вялікая радасць з нагоды яе адшукання. Паслухаем саму прыпавесць:

Лк. 15:8-10

8 Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе?

9 А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: «Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла».

10 Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца.

Дэталі прыпавесці

Некалькі тлумачэнняў зробяць тэкст прыпавесці, як сваеасаблівы вобраз, больш гібкім. Сцэна прыпавесці адбываецца ва ўбогай палестынскай хаце, без вокнаў, у якой адзінай знешняй крыніцай света з’яўляюцца нізкія дзьверы. Падлога – гэта проста камень. Гераіня – жанчына вельмі незаможная, паколькі ўвесь яе маёнтак у наяўных грошах – дзесяці срэбрных манетках.

Грэцкая драхма, што была ў хаду, як перажытак акупацыі Імпэрыя Селеўкідаў, з’яўлялася адпаведнікам рымскага дэнара, і была ў той час дзённым заробкам некваліфікаванага работніка. Гэты скарб узгаданая жанчына не хавала ў скрыню, бо напэўна ёй не мела. Арамя гэтага тамтэйшыя скрыні яшчэ да недаўняга часу былі без замков.

Свае грошы яна насіла ўвесь час з сабою такім спосабам, які нам падасца непрактычным – хутчэй за ўсё ў складках сваёй наміткі на галаве, а можа нават у якасці ўпрыгожвання для яе. У гэтых умовах не цяжка згубіць манетку. Усхваляваная згубай 10% свайго набытку ў наяўных, жанчына распачынае вельмі старанныя пошукі.

З-за дрэннага дзённага асвятлення, яна запальвае свечку (гэта пераклікаецца са слынным выразам з Талмуда: свечка ў дзень!) і пачынае падмятаць дом. Трэба гэта сабе ўявіць на падставе габрэйскіх крыніц, як замятанне падлогі пальмавай галінкай у чаканні металічнага звону згубленай манеты аб каменную падлогу. Магчыма радасць гэтай беднай жанчыны падасца нам перабольшанай – яна запрашае сябровак і суседак з такой нагоды. Памятайма аднак, што людзі Блізкага Ўсходу больш жыва і шумна радуюцца, чым мы.

Sitz im Leben гэтай прыпавесці трэба акрэсліць як ідэнтычны той сітуацыі, у якой была расказана папярэдняя прыпавесць. У абоіх арамейская аснова прабіваецца праз грэцкую форму: chadwa (радасць), chad (адзін), chateja (грэшнік), гэтыя выразныя алітэрацыі (рытмічныя паўторы) (M. Black) прыводзяць нас да ipsissima verba Iesu. (Выраз «іpsissima verba Jesu» — у перакладзе з лацінскай мовы азначае «цалкам уласныя словы Ісуса». У сучаснай біблістыцы гэта тэхнічны тэрмін, які выкарыстоўваецца для акрэслення такіх выказванняў Ісуса ў Новым Запавеце, якія з вельмі вялікай верагоднасцю не былі адрэдагаваныя рэдактарамі Евангельляў, але пададзеныя ў тэксце максімальна дакладна так, як былі пачутыя). Затое верш пра запрашэнне да супольнай радасці ў абодвух прыпавесцях прынята лічыць справай Лукі, бяручы пад увагу спецыфічныя для яго словы: συγκαλειν, φίλος, συγχαίρειν (synkalein, filos, synchairein). У дадатак гэтага верша няма ў першай прыпавесці ў Мацьвея.

Галоўнае павучэнне

Галоўнае павучэнне прыпавесці ёсць амаль такім самым, як і папярэдней. Няма тут толькі адной дэталі – параўнання са справедлівымі. Затое больш тут высілкаў пошуку разам пазнейшай радасцю, якую можна назваць «сатэрыялагічнай» (збаўчай), што ўказвае нам на новы рыс Бога: шукае ён грэшніка, як быццам бы адзінага.

Гэтая дэталь была для слухачоў Ісуса шакуючай. Равіны, што праўда, на падставе Старога Запавету выслаўлялі Божую міласэрнасць, але ў іх дактрыне Бог чакаў грэшніка, аж пакуль той сваімі шматлікімі пакутнымі ўчынкамі не змые сваю віну. У высілках пошукаў, знаходкі і радасці аб’яўляецца яшчэ не названая па імю любоў Айца.

Як літаратурны гатунак трэба тут прыняць чыстую прыпавесць. Адсюль няма тут падставаў да алегарызацыі самой драхмы ці жанчыны, хоць і можна прызнаць душпастарскае застасаванне гэтага вобразу ў св. Амвросія да душы хрысціяніна: «Не маленькая вартасць той драхмы, на якой ёсць выява ўладыкі», адбітая праз таямніцу хроста, і трапнае ягонае заахвочванне: «мы – драхмы, майма ж іх вартасць». Сапраўды, манетка згубленая, пакуль не знойдзена, не мае практычнай вартасці для ўладальніка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *