Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: ВЯЛІКАЕ ЗАСТОЛЬЛЕ І НЯВЕТЛІВЫЯ ЗАПРОШАНЫЯ НА ЯГО — 2 (XXXIІI)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. У мінулай перадачы мы разважалі прыпавесць пра “Вялікі пір і няветлівых запрошаных на яго”. Нагадаю, што прыпавесць існуе ў двух версіях Мацьвея і Лукі.

Мы звярнулі ўвагу, што на ўрачыстую вячэру былі адмыслова запрошаныя выбітныя, заможныя асобы, але ўсе яны адмаўляюцца. Гэта стаецца прычынай таго, што гаспадар вырашае запрасіць на вячэру іншы кантэнгент людзей.

Якім жа кантрастам да першай катэгорыі запрошаных прадстаўляюцца тыя, хто мае іх замяніць на вячэры! У Лукі, агульная называ ўбогія, выступае побач акрэслення калекі,  кульгавыя, і сляпыя. У той жа час гэта былі проста жабракі, бо не было тады яшчэ над такімі бедакамі сацыяльнай апекі. Яны ўзятыя з вуліцаў ды завулкаў горада, нават з росстанняў. Ды такой паўсюднай стаецца гэта новая “рэкрутацыя”, што сярод запрошаных апыняюцца благія разам з добрымі.

Можам сказаць, што першапачаткова Ісусава прыпавесць утрымлівае ў сабе наступнае павучэнне: падобна таму, як выбітныя запрошаныя былі выключаныя з удзелу ў вячэры з-за адмовы, якая была выклікана благімі матывацыямі – жаданнем эгаістычнага карыстання з часовай рэчаіснасці, а ўсе месцы занялі людзі з перэферыі грамадства, гэтак падобны лёс чакае слухачоў Ісуса, Які запрашае ў Царства Божае: кіраўнічыя слаі Ізраіля не войдуць да яго, а іх месцы зоймуць людзі ў пэўным сэнсе пазбаўленыя правоў на яго.

Версія паводле Евангеліста Лукі

Вышэй паданым сфармуляваннем аднак не вычэрпваецца поўня натхнёнага зместу двух прыпавесцяў. Таму прыйшла чарга нам разгледзіць, якія існуюць розніцы паміж двумя версіямі прыпавесці. У Лукі падрабязна і пластычна паданыя прычыны адмовы запрошаных прыйсці на вячэру. Усе яны не з’яўляюцца дастатковымі, а апошняя нават нахальная. Перад пакупкай заўсёды правяралася вартасць набытага дабра. Такім чынам адказы запрошаных з’яўляюцца няшчырымі ды даказваюць тое, што яны грэбуюць запрашэннем на вячэру.

У дадатак трэба ўзяць пад увагу две тэндэнцыі Евангелля Лукі: перасцярога перад небяспекай ілюзіі багацця і дыаметральную змену сітуацыі людзей дагэтуль пагарджаных. Першая ў поўні адпавядае версіі пададзенай у апокрыфе, і нават адпавядае блізкаму кантэксту прыпавесці, які наказвае запрашаць да стала ўбогіх. Да падобнай высновы схіляе таксама працяг 14-га раздзела, які пачынаецца пасля нашай прыпавесці – абавязкі паслядоўнага следвання за Ісусам, а значыць па дарозе вырачэнняў, аж да ахвяравання жыццём. Затое за высновамі з вобласці гісторыі збаўлення трэба вярнуцца да версіі Мацвея.

Версія паводле Евангеліста Мацвея

У гэтай версіі кідаецца ў вочы на першым месцы алегарызацыя. У нас тут шэраг метафар. Кароль – гэта Бог, запрошаныя – кіруючы эліта выбранага народу, вячэра – гэта апошняя фаза Царства Божага. У самім жа апісанні жывыя рысы прыпавесці, аснаваныя на тагачасных адносінах, перамешваюцца з адмыслова метафарычнымі, што ёсць доказам не толькі доўгай дарогі, якую прайшла прыпавесць у вуснай ды пісьмовай традыцыі, але таксама сведчаннем шматлікіх рэфлексій з боку катэхетаў, якія яе распавядалі. І гэтак па сённяшні дзень – араб, які прымае сваіх гасцей, не сядае з німі за стол, але, пасля прывітання іх якім-небудзь кампліментам, стаіць або сядзіць, усцяж уважліва даглядаючы, ці ўсяго хапае, ды заахвочвае гасцей есці. Затое рысай выключна метафарычнай з’яўляецца гнеў валадара, які ідзе так далёка, што ён высылае карную экспедыцыю, якая паліць горад. Мова выразна ідзе пра Ерусалім. Далейшае запрашэнне ўсіх, аж пакуль не будзе запоўненна застольная зала, дае ў выніку тое, што знайшліся там таксама і благія побач з добрымі.

Адзін з благіх выдзелены ў завяршальным фрагменце. Шмат з аўтараў бачыць сёння ў ім зусім асобную прыпавесць, якая была далучана з-за рэдактарскіх рацыяў, пра якіх не цяжка здагадацца, калі ўзяць пад увагу цэласць канцэпцыі Мацьвея. На  яе першапачаткову адасобленасць указвае адсутнасць гармоніі з бліжайшым кантэкстам. Як можна вымагаць вясельных шатаў ад чалавека, які быў узяты проста з росстанняў ці вуліцы? Аднак жа, паколькі на пытанне валадара ён нямае  адказу, і ніхто з прысутных яго не бароніць, гэта значыць, што ягоная віна відавочная і невыбачальная.

Гэтую дэталь па-мастацку да недаўняга часу гарманізавалі ў каментарах, звяртаючы ўвагу, што той, хто запрашаў, пасылаў запрошанаму абавязковыя ўрачыстыя шаты, як яшчэ ў ХІХ стагоддзі рабілі турэцкія візыры ў дачыненні да еўрапейскіх дыпламатаў, якія былі запрошаныя на ўрачыстыя прыёмы. Не трэба вясельныя шаты разумець у нашай сённяшняй інтэрпрэтацыі. Вясельны строй выражае па-просту гатоўнасць узяць удзел у застоллі. Таму кара за занядбанне ёсць тут таксама слушная, як гэта будзем бачыць у прыпавесці пра дзесяць дзеваў, дзе адсутнасць алівы сталася занядбаннем.  Кара пры гэтым – мяркуючы па ўжытых у тэксце вядомых акрэсленнях – ёсць вечыным асуджэннем (пар. 8:12; 13:42; 24:51; 25:30; Лк.13:28). Вось таму вясельны строй – гэта заданне ўсяго жыцця.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *