Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: ВЯЛІКАЕ ЗАСТОЛЬЛЕ І НЯВЕТЛІВЫЯ ЗАПРОШАНЫЯ НА ЯГО — 1 (XXXII)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. У мінулай перадачы мы разважалі прыпавесць пра “Двух сыноў перад айцоўскім загадам”. Сёння мы прыгледзімся прыпавесці, якая называецца “Вялікі пір і няветлівыя запрошаныя на яго”.

Трэба зазначыць, што супольнымі рысамі для абеіх прыпавесцяў з’яўляюцца наступныя элементы: застольле, запрашэньне на яе, адмова прыйсці (не гледзячы на запрашэнне і на благія наступства гэтай адмовы для запрошаных), блаславенне для ўбогіх.

Агульныя звесткі і апакрыфічная паралель

Першая прыпавесць – Мацьвея, другая – Лукі, што ўказвае – паколькі няма версіі Марка – на крыніцу Q. Істотным падцьверджаннем слушнасці гэтага дапушчэння ёсць той факт, што ў апакрыфічным Евангельлі Фамы ёсцьверсія вельмі падобная да версіі Лукі. Гучыць яна так:

“Ісус сказаў: Пэўны чалавек меўся [запрасіць] гасцей. І калі ўжо прыгатаваў застольле, то выслаў свайго слугу, каб запросіць гасцей. Ён пайшоў да першага і сказаў яму: Мой гаспадар запрашае цябе. Той адказаў: у мяне грошы для купцоў, яны прыдуць да мяне сёння ўвечары. Я мушу даць ім распараджэнні. Адмаўляюся ад застольля. [Слуга] пайшоў да другога і сказаў: Мой гаспадар запрашае цябе. Той жа адказаў: Я купіў дом і буду заняты цэлы дзень. Таму я буду недаступны. [Слуга] пайшоў да іншага і сказаў яму: Мой гаспадар запрашае цябе. А той яму адказаў: Мой сябар будзе жаніцца, я ж мушу прыгатаваць застольле, таму не змагу прыйсці. Я адмаўляюся ад застольля. [Слуга] пайшоў да іншага і сказаў яму: Мой гаспадар запрашае цябе. А той яму адказаў: Я купіў вёску, іду сабраць даход, таму не змагу прыйсці. Я адмаўляюся. Слуга вярнуўся ды сказаў свайму гаспадару: Тыя, якіх ты запрасіў на застольле, адмовіліся. Гаспадар жа сказаў свайму слуге: Выйдзі на дарогі, а тых, каго знойдзеш, прывядзі сюды, каб піравалі. Купцы і прадаўцы не войдуць у месцы майго Айца” (EvTh 64).

Прыпавесць і некаторыя яе дэталі

Храналагічныя рамкі выказвання прыпавесці ў версіі Лукі трэба было б рэкаструіраваць так: згодна з ходам апавядання гэтага Евангелля, гэта было напрыканцы публічнай дзейнасці Ісуса, у Заяраданні (Пэрэі), а нагодаю было застольле ў доме аднаго з начальнікаў фарысейскіх, у шабат (пар. Лк. 14:1). Пры гэтым наша прыпавесць знаходзіцца пасля сваеасаблівага машалу пра выбар месцаў на застольлях (Лк. 14:7-11) і пасля наказу быць бескарыслівым пры запрашанні на іх (Лк. 14:12-14). Апошні эсхаталагічны акорд гэтага наказу выклікае рэакцыю аднаго з субяседнікаў, якую Ісус адказвае нашай прыпавесцю. Давайце паслухаем яе ў версіі Лукі.

Лк.14: 15-24

16 Сказаў яму: “Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасцей;

17 і паслаў свайго паслугача ў пару вячэры сказаць запрошаным: “Прыходзьце, бо ўжо прыгатавана”.

18 І пачалі ўсе адразу прасіць прабачэння. Першы сказаў яму: “Купіў я поле і маю патрэбу пайсці і агледзіць яго; прашу цябе, прабач мне”.

19 А другі сказаў: “Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць; прашу цябе, прабач мне”.

20 А трэці сказаў: “Я ажаніўся, і з-за таго не магу прыйсці”.

21 І, вярнуўшыся, паслугач расказаў гэта гаспадару свайму. Тады ўгнеўлены гаспадар дома сказаў слузе свайму: “Ідзі хутчэй на вуліцы і завулкі горада і прывядзі сюды ўбогіх, і калек, і кульгавых, і сляпых”.

22 І гаворыць паслугач: “Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсць месца”.

23 І гаворыць гаспадар слузе: “Выйдзі на дарогі і да заплоццяў і прымушай увайсці, каб дом мой напоўніўся.

24 Кажу вам, што ніводзін з тых людзей, што былі пакліканы, не пакаштуе маёй вячэры””.

Давайце пачнем ад супольных элементаў вобразу. Ці гэта заможны “чалавек” у Лукі,  які мае толькі аднаго слугу, ці таксама Мацьвеевы “валадар”, у якога ў распараджэнні шмат слугаў, аднолькава запрашаюць адразу на вячэру толькі выбраных гасцей, людзей заможных. Да ўсходніх звычаяў, засведчаных Талмудам, належыць паноўнае запрашэнне на застольле. У кітайцаў savoir vivre прадпісвае аж тры запрашэння, пры гэтым на два першыя прынята адказаць сціплай адмовай. Тут аднак адмова не з’яўляецца часткай этыкету, але здраджвае нібы супольную змову абапартую на абыякавасць, грэбванні, нават варожасці да запрашаючага.

У дадатак грэцкі зварот “аднадумна” (άπό μιαζ – apo mias) даслоўна паўтарае арамейскі адпаведнік (min chada), што ўказвае на тое, што пісьмовая крыніца версіі Лукі была вельмі даўняя, яшчэ палестынская (у беларускім перакладзе а. Чарняўскага ўжыта слова “адразу”, што не перадае гэтага адцення).  Далей, парамі валоў (даслоўна: “хамутамі”, якія спалучалі две жывёліны) вымяралаўся патэнцыял гаспадаркі. Паводле гэтага рахунку другі з запрошаных (Лк.) набыў працоўную сілу на 100 да 200 га.  Таму таксама як першы з іх, які купіў вёску, з’яўляецца ён чалавекам заможным. На тое самае ўказвае поле і гандаль (Мц) у спалучэнні з нахабнай, нават злачыннай рэакцыяй на запрашэнне ўладара.

На гэтым шаноўныя сябры, зробім паўзу ды вернімся да разважання гэтай прыпавесці ў наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *