Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: тлумачэнне прыпавесці пра мытніка і фарысея — (ХVІІІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Сёння я, з дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, працягваю распавядаць пра прыпавесці. У гэтай перадачы я пачну распавядаць пра прыпавесць аб мытніку і фарысею, якая належыць да групы прыпавесцяў, што дапамагаюць змяніць, пераасэнсаваць жыццёвыя прыарытэты і каштоўнасці яе слухачоў ды чытачоў. Аднак давайце пачнем ад таго, што разважым, што такое для нас азначае змяніць эыццёвыя прыарытэты.

«Метаноя»

Першае праграмнае пасланне Ісуса – паводле найстаршага грэцкага тэксту – было такім: Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Пасля яго адразу наступала практычная жыццёвая выснова: Навярніцеся і верце Евангеллю! (Мк. 1: 15). Тэрмін «навяртанне» — адпавядае старазапаветнаму паняццю šûb – «вяртанню да Бога» і гучыць сваеасабліва на грэцкай мове Новага Запавету.

Гэта, так часта сёння ўзгадваемая, μετάνοια (metánoia). Даслоўна гэты тэрмін азначае «змену мыслення ды ўспрыняцця». І гэтак сапраўды было (і спадзяюся — ёсць). Прыняцце Царства Божага, якое абвяшчаў Ісус, вымагала ад слухачоў перамену ў стаўленні да шматлікіх паняццяў і змену кірункаў у дачыненні да шматлікіх памкненняў.

У прыпавесцях, якія да гэтага моманту былі тут разважаныя, Царства Божае ўжо прыадчыніла пэўныя свае рысы, якія былі поўнай неспадзянкай для тагачасных слухачоў, не гледзячы на тое, што галоўнае павучэнне тычылася іншай справы. Існуе аднак шэраг прыпавесцяў, галоўнай тэмай якіх ёсць уласна нечуваная навіна. Гэтай навіной з’яўляецца шкала Божых ацэнак даная ў адкрыцці ў «поўні часу» (пар. Гал. 4:4). Гэтыя прыпавесці з’яўляюцца вымоўнай ілюстрацыяй спрадвечнага Божага сцверджання: Бо Мае намеры – не вашы намеры, і вашы дарогі – не Мае дарогі (Іс. 55:8).

Фарысей і мытнік

Прыпавесць гэта – выключна Лукі – знаходзіцца таксама ў рамках уласцівай для Лукі канструкцыі, якой ёсць падарожжа Ісуса ў Ерусалім (Лк. 9: 51-18:14). Бяручы пад увагу гэтую апошнюю акалічнасць, аўтары сынаптычных евангельляў ці гармоніі, умяшчаюць апісанне гэтай прыпавесці ў апошні год публічнай дзейнасці Ісуса, але яшчэ на тэрыторыі Галілеі.

Лк. 18: 9-14

9 Некаторым, якія былі ўпэўненыя ў сабе, што яны справедлівыя, а іншымі пагарджалі, сказаў Ён таксама такую прыпавесць:

10 «Два чалавекі ўвайшлі ў святыню, каб памаліцца: адзін фарысей, а другі – мытнік.

11 Фарысей, стоячы, так маліўся ў сабе: «Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: рабаўнікі, несправедлівыя, чужаложнікі або як гэты мытнік.

12 Пошчу два разы на тыдзень, даю дзесяціну з усяго, што маю».

13 А мытнік, стоячы здалёку, не адважваўся нават падняць вочы ў неба, але біў сябе ў грудзі кажучы: «Божа, будзь літасцівы да мяне, грэшнага».

14 Кажу вам: гэты вярнуўся дамоў апраўданы, а не той: бо кожны, хто ўзвышаецца, будзе прыніжаны, а хто прыніжаецца, будзе ўзвышаны».

Мы маем перад сабой прыпавесць без стылізацыі і незвычайна рэалістычную. Яе можна вызнаць за ўзорную прыпавесць, падобна як і прыпавесць аб міласэрным самараніне. В яе вобразе бярэцца пад увагу толькі адна плоскасць рэчаіснасці, па-за якой не трэба шукаць нічога іншага, ёсць ім жыццёвы прыклад і нічога болей.

Пра фарысея, які прыходзіць маліцца

 Вышэй паданы тэкст патрабуе некаторых тлумачэнняў. Напрыклад, у вершы 11-м самыя новыя крытычныя выданні тэксту Новага Запавету даюць перавагу больш складанаму парадку сказа: σταθείς πρός έαυτον, парадку больш згоднага з семіцкім арыгіналам. Гэта ў сваю чаргу дазваляе ўгледзіць тут цікавае якасцевае адценне. Бо тады сказ можна б было перакласці наступным чынам: «стаў так, каб быць бачным, і пачаў маліцца». Гэта цалкам гарманіруе са зместам дзіўнай малітвы фарысея.

Вобраз гэты зразумелы сам ў сабе, аднак набудзе яшчэ больш вартасці пасля тако, як будуць улічаны данныя падрабязнай экзэгезы. Мы знаходзімся ў Ерусаліме, паколькі абодва малітаўніка ўвайшлі «ўвайшлі ў святыню», а не да мясцовай сінагогі. Уласцівай парой для малітвы была нашая 9 або 15 гадзіна (Дзеі 2:15; 3:1).

Фарысей эфектна выстаўляе сябе для малітвы, як гэта вынікае з тэрміну  σταθείς (statheis). Алюзію да падобных «выстаўленняў» мы можам знайсці ў Казанні на гары: Калі вы моліцеся, не будзьце, як крывадушнікі, якія любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на скрыжаваннях вуліц, каб іх людзі бачылі. Сапраўды кажу вам: яны ўжо атрымалі сваю ўзнагароду (Мц. 6:5).

На гэтым, шаноўныя сябры, дазвольце скончыць гэтую перадачу. У наступны жа раз я працягну апавядаць ізноў пра фарысея ды ягоную малітву. Таксама мы даведаемся пра тое, як маліўся мытнік.

Вы слухалі перадачу «З сэрцам у кантакце» і мяне, яе вядучага, а. Андрэя Буйніча…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *