Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Сёння я, з дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, працягваю распавядаць пра прыпавесці аб мытніку і фарысею. У мінулай перадачы я распавёў агульна пра гэтую прыпавесць, сёння ж звярну вашую ўвагу на некаторыя падрабязнасці.
Эгацэнтрычная малітва
Як маліўся фарысей? Вышэй паданы пераклад утрымлівае акрэсленне «маліўся ў сабе» (πρός έαυτόν — даслоўна б было: «да сябе»). Прыняўшы такі пераклад, гэтаму звароту мы прыпісваем дэкаратыўную паставу фарысея, які маліўся выстаўляючы сябе. Напрыклад, на віду ў ўсіх, побач заслоны, што аддзяляе Святое Святых.
У тагачасных габрэяў быў звычай маліцца ў паўголас. Юдаістычныя пісанні даюць нам прыклады малітваў, якія прыгадваюць сабой малітву нашага фарысея, а паходзяць яны таксама з І стагодздзя пасля Хрыста. У вавілонскім талмудзе чытаем: «Дзякуй Табе, Госпадзе, мой Божа, што даў мне ўдзел з тымі, хто сядзяць у доме навукі, а не з тымі, хто перабываюць на рагах вуліцаў: яны спяшаюцца да справаў пустых, а я спяшаюся да Тваіх слоў. Я працую ды атрымоўваю заплату. Яны працуюць, і не маюць ніякай. Я бягу да жыцця ў будуым свеце, а яны бягуць да ямы забыцця» (b Ber 28e).
Падобным чынам маліліся і ў Кумране: «Слаўлю Цябе, Госпадзе, бо Ты ўчыніў так, што мой лёс не ў грамадзе гультаёў…» (1 QH 7, 34). Выразам пагарды, якую мелі фарысеі да неадукаваных простых людзей – катэгорыі, якую яны называлі ‘am-ha-ares (даслоўна: «народ зямлі») – з’яўляюцца іх словы, якія перадае св. Ян: А гэты натоўп, які не ведае закону, пракляты (Ян. 7:49).
Фарысей ды “іншыя людзі”
Іншыя людзі ў малітве фарысея – гэта ўсе іншыя акрамя яго. Наступае іх доўгая характэрыстыка шляхам пераліку агульных праступкаў асуджаных Законам, указаннем напрыканцы, быць можа нават рукой, на мытніка. Мытнік (інакш зборшчыка падаткаў для рымскага акупанта) – быў асаблівым адкідам тагачаснага грамадства.
Наш фарысей падмацоўвае добрую думку пра сябе пералікам сваіх добрых учынкаў, тых што выходзяць за рамкі абавязку (паводле навучання рабінаў, яны павінны былі кампенсаваць магчымыя недахопы ў выкананні запаведзяў). Габрэі ў тыя часы былі забавязаны пасціць толькі два разы ў год: у Дзень адкуплення (Jom Kippurium) і ў гадавіну зруйнавання святыні вавілонцамі ў 586 годзе. Шмат пабожных габрэяў тых часоў пасцілі звыш гэтага ў панядзелкі ды чацвяргі. Да іх належаў і наш фарысей.
Што ж тычыцца дзесяціны, то яна сплачвалася фарысеем з усяго таго, што ён набываў – гэта паказвала яго асаблівую скрупулярнасць. Закон Майсея меў некалькі правілаў адносна дзесяціны, наказваючы даваць яе толькі з акрэсленых прадметаў (пар. Святар. 27:30; Паўт.Зак. 14:22-29). Наш фарысей, набываючы нейкую рэч, сумняецца, што папярэдні ўладальнік заплаціў з яе падатак на святыню. Ён належыць да «іншых» людзей, таму фарысей сам плаціць дзесяціну яшчэ раз (на ўселякі выпадак). Гэткім мысленнем ён загадзя асуджае “іншых”, мяркуючы, што хутчэй за ўсё “іншыя” не выконваюць Закон (інакш: з’яўляюцца грэшнікамі).
Фарысей сапраўды заслугоўвае называцца «фарысеем» (па-арамейску «аддзелёным»), бо сам аддзяляе сябе ад «іншых». Яго пабожнасць асляпляе, але… уласна яго самога. Бог жа – як нам ужо вядома з прыпавесці – інакш ацэньвае яго пабожнасць.
Малітва мытніка
Надышла чарга прыглядзецца іншай постаці прыпавесці – мытніку. Гэта прадстаўнік катэгорыі, якой пагарджалі і ненавідзелі тагачасныя габрэі з-за матываў рэлігійных, гэтак і палітычных. Паколькі яны былі калабарантамі паганскай акупацыйнай сістэмы, то знаходзіліся ўжо ўласціва па-за мяжой грамадскай супольнасці, прадстаўнікам якой належыцца павага. Адбіткам гэтага ў Евангеллях ёсць узгаданыя параўнанні іх з публічнымі “грэшнікамі” (Мц. 9: 10-11 паралель; 11:19; Лк 15:1), з “распуснікамі” (Мц. 21:31-32) і з “паганамі” (Мц. 18:17).
Наш мытнік паказвае ўсім сваім выглядам і словамі малітвы, што ў поўні свядомы сваёй сітуацыі і адносінаў з Богам. Ён стаіць здалёк, бо свядомы, што ягоны грэх чыніць яго далёкім ад Бога. Гэткая аб’ектыўная адлегласць грэшніка з’явіцца яшчэ ў прыпавесцях пра блуднага сына (Лк. 15: 13) і асуджанага багацея (Лк. 16: 23.26). Ён не асмельваецца ўзнесці вочы да неба, бо было б гэта знакам упэўненасці ў сваёй невіннасці (Ёў 11:15; 22:26), але апускае іх уніз прыстыджаны, як некалі Эздра, пранікнуты невернасцю Божага народу (Эздр. 9:6).
Зразумелым для нас жэстам, які знаёмы нам з лацінскай літургіі, ён б’е сябе ў грудзі, паколькі сэрца таксама лічылася месцам, дзе можа знаходзіцца сумленне, таксама як маральнае зло (2 Сам. 24:10; Мк. 7:21; 1 Ян. 3:20-21). Яго малітва з’яўляецца таксама просьбай аб літасці для грэшніка, магчыма з думкай: “Божа, нягледзячы на тое, што я такі”.
На гэтым заканчваецца Ісусавае параўнанне гэтых двух постаццяў, падабраных з такім кантрастам, наколькі гэта можна вогуле ўявіць. Кожны тагачасны слухач, пачуўшы на пачатку “адзін фарысей, а другі – мытнік”, загадзя спадзяваўся пачуць пахвалу першаму – паўсюдна пазнаваемаму ўзору вернасці Закону, ды ганьбавання ў дачыненне да адкіда грамадства. Адбылося зусім інакш. Прысуд, які быў вынесены ад імя Бога, ёсць зусім не чаканым: “апраўданы” ёсць “гэты” грэшнік, “а не той” упэўнены ў сабе ідэал свышабавязковай пабожнасці. Бог дараваў віну толькі скрушонаму, які асэнсаваў поўную правду сваёй сітуацыі перад Трысвятым Богам.
Точка невозврата Sherlock’а
Чудеса святого Шарбеля Маклуфа
Иосиф Слипый и термин «православный»
Христос — наша Пасха. Новый Катехизис Украинской Греко-католической церкви — интересное чтение!