Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: работнікі ў вінаградніку — 1 (ХХІV)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю у гэтай перадачы разважаць прыпавесці. Сёння мы прыгледзімся прыпавесці пра работнікаў у вінаградніку.

«Добры Хлебадаўца»

«Работнікі ў вінаградніку» — так мы звыклі спрадвеку называць гэтую, выключна Мацьвеевую прыпавесць. Не без прычыны – бо аб іх там мова, аб іх працы, пра іх узнагароду. Тым не менш – згодна з галоўным павучэннем, у дадатак падвойным – галоўнай у ёй постаццю ёсць «Добры Хлебадаўца», г.зн. Той, хто дае магчымасць зарабіць на хлеб. Сам Бог паказаны ў прыпавесці такім, ды ў дадатак ў спосаб, які быў зусім нечаканым для тагачасных слухачоў.

Храналагічныя  рамкі прыпавесці ў данай рэдакцыі Мацьвеевага матэрыялу – гэта апошні перыяд публічнай дзейнасці, апошняе падарожжа Ісуса да Ерусаліма. Усе высновы, што вынікаюць з жыццёвага кантэкста, а таксама кантэкста рэдакцыі гэтай прыпавесці адкладзем на канец; таксама і разважанне далёкіх аналогій наступіць пад час каментавання тэксту. Давайце паслухаем сам яе тэкст.

Мц. 20: 1-16

1 Затым падобна Валадарства Нябеснае да чалавека гаспадара дома, які выйшаў на досвітку наймаць работнікаў ў вінаграднік свой.

2 Учыніўшы з работнікамі пагаджэнне па дынару за дзень, ён паслаў іх у свой вінаграднік.

3 І, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, што стаялі на рынку без работы,

4 і сказаў ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік, і, што будзе справедліва, дам вам».

5 І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны і зрабіў падобнае.

6 Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў і знайшоў іншых, што стаялі, ды кажа ім: «Што вы тут стаіце цэлы дзень бяздзейсныя?»

7 Кажуць яму: «Бо ніхто нас не наняў». Ён кажа ім: «Ідзіце і вы ў вінаграднік [Мой, і, што будзе справядліва, дам вам]».

8 А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніку загадчыку свайму: «Скліч работнікаў і дай ім плату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі».

9 І, калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны наняліся на работу, атрымалі па дынару.

10 Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.

11 Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,

12 кажучы: «Гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, а ты прыраўняў іх да нас, а мы ж пераносілі цяжар дня і спякоту».

13 А ён, адказваючы аднаму з іх, сказаў: «Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?

14 Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і гэтаму апошняму даць, як і табе.

15 Ці ж не можна мне рабіць з маім, што хачу? І ці ж вока тваё зайздроснае ад таго, што я добры?»

16 Так будуць апошнія першымі, а першыя – апошнімі [, бо многа пакліканых, але мала абраных].

 

Некаторыя дэталі прыпавесці

У вобласці літаратурнай крытыкі тэкста, для ўласцівай яго інтэрпрэтацыі, з’яўляюцца важнымі наступныя заўвагі. Пачаковае «Затым» утварае рэдактарскае ўказанне на сувязь з «вандроўным лагіёнам», якім сканчваецца папярэдні раздзел. Вось гэты лагіён: І многія першыя будуць апошнімі, і апошнія – першымі (Мц. 19:30). Гэтыж самы лагіён, як мы маглі заўважыць, выступае і напрыканцы прыпавесці. Ён не належыць да яе, бо ў ёй толькі апошнія прыраўняныя да першых, а не асабліва адзначаныя сярод іх.

Затое гэты вандроўны лагіён – як рэдактарскі прыём – мае ўсцяж актуальнае застасаванне, якое абапіраецца на эсхаталагічнай ідэе адплаты на Божым судзе. Пра гэта яшчэ будзе мова напрыканцы. Уступ падобна… да, вядомы нам ужо з папярэдне разважаных прыкладаў, гаворыць пра аналогію Царства Божага, якая датычыць не самога гаспадара, але ўсёй сітуацыі. Яна ёсць выразна эсхаталагічная, паколькі мова ідзе пра плату за працу. Такім чынам, гэты тон нельга абмінуць пры каментаванні павучэння прыпавесці, калі мы паспрабуем бліжэй высветліць, пра якую эсхаталогію тут ідзе мова.

Сам вобраз прыпавесці (жывыя сцэны найму, выплаты, напрыканцовы дыялог, з тымі хто наракае і гаспадара) быў блізкі слухачам Ісуса, як на падставе іх штодзённага вопыту, гэтак і са знаёмства Старога Запавету, у якім тэма вінаградніка асацыявалася са шматлікімі ў ім месцамі. Сучасны чытач гэтай прыпавесці, які жыве ў Беларусі, дзе няма вінаграднікаў, патрабуе пэўных тлумачэнняў.

На досвітку, г. зн. з усходам сонца, таксама і сёння ў больш прымітыўных краінах Блізкага Ўсходу, штодня стаяць на рынку і чакаюць на прадпрымальнікаў тыя, які не маюць больш нічога, акрамя здаровых і гатовых працаваць рук. Адзін дэнар, у гэтым выпадку сярэбраная рымская манета, яна была – прынамсі згодна з біблійнымі дадзенымі (Тоб. 5:15) і з Талмудам (BB 86b AZ 62a Bar) — дзённым заробкам цяжка працуючага найміта.

Гадзіны ў прыпавесці гучаць для нас дзіўна, а гэта таму,  што ў старажытнасці інакш дзялілі суткі: пасля 4 начных вартаў, інакш чуваннях, кожная па 3 гадзіны (ад нашай 18 па 6), за першую гадзіну дня прымалася шостая гадзіна раніцы, за трэцюю – нашая дзевятая, шостая ж – гэта быў поўдзень. Такім чынам адзінаццатая  гадзіна ў прыпавесці – гэта нашая 17-я гадзіна, тады гадзіна перад змярканнем, якім распачыналася ноч.

Паўстае пытанне: навошта гаспадару трэба было за гадзіну да канца працы ісці па новых работнікаў? На гэтае і іншыя пытанні звязаныя з гэтай прыпавесцю мы пастараемся адказаць у наступнай праграме.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *