Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Прапаўшая авечка (ХХVІІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю у гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. Сёння мы разважым прыпавесць, якая называецца «Прапаўшая авечка».

Прыпавесць і яе паралелі

Незвычайна новая, а нават нечаканая для палестынскіх слухачоў Ісуса, была шкала Божай ацэнкі грэшнікаў – тое, што Бог іх шукае, што Бог праз свайго Сына кліча іх таксама да свайго Царства.  Тры прыпавесці на гэтую тэму групіраваў для нас св. Лука у 15-м раздзеле свайго Евангелля.

А зрабіў гэта так, што кожная з іх дадае нейкую новую рысу, якая ўзбагачвае вобраз Божай міласэрнасці. Гэта наступныя прыпавесці:  пра прапаўшую авечку, пра згубленую драхму і пра марнатраўнага сына. Першая з іх мае сваю копію ў св. Міацвея.

Акрамя яе існуе паралель, якая месціцца ў апакрыфічным Евангеллі паводле Фамы: «Ісус сказаў: Царства ёсць падобнае да пастыра, які меў сто авечак. Адна з іх, самая вялікая, знікла. Пакінуў ён дзевяноста дзевяць, а заняўся пошукам той адзінай, пакуль яе не знайшоў. Калі так напрацаваўся, сказаў авечцы: Люблю цябе болей, чым дзевяноста дзевяць» (EvTh 107).

Але звернімся цяпер да кананічнага тэкста Евангелля паводле Лукі:

Лк. 15: 1-7

1 Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго.

2 Інаракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі».

3 І распавядае ім тады для параўнання, кажучы:

4 «Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяцб у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе?

5 І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.

6 І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: «Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапала»».

7 Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справедлівых, якім не патрэбна навяртанне.

 

Некаторыя дэталі прыпавесці

Прыпавесць пра прапаўшую авечку значна больш выклікала ўражанняў у тагачасных слухачоў Ісуса, чым у нас сёння. А гэта па двум прычынам. Палестынскія слухачы часцей чым мы сутыкаліся па жыцці са статкамі авечак і іх пастухамі. І не менш важным ёсць таксама той факт, што сама тэма павучэння, была для палестынскага слухача бліжэй, бо ён лепш чым мы ведаў Стары Запавет. Пастараемся жа дапоўніць гэтыя два нашыя недахопы.

Гаспадар ста авечачак – чалавек заможны. Такі шматлікі статак і сёння лічыцца вялікім маёнткам. Кідаецца ў вочы, што гаспадар, маючы такі шматлікі статак, сам асабіста ім займаецца. Тым больш, што былі ж пастухі-найміты, пра што вымоўна гаворыць алегорыя Добрага Пастыра ў Яна (пар. Ян. 10:12-13).

Адна з авечак клапатлівага ўладальніка прапала, згубілася. Лёгка гэта зразумець у палестынскіх умовах, паколькі менавіта па гарах бедныя авечкі павінны былі шукаць вузкія стужкі травы. Скалы ж маюць шчыліны, пакрытыя калючымі хмызнякамі. Гэтыя шчыліны і робяцца небяспечнымі пасткамі для авечак.

Тым не менш нашую ўвагу прыцягвае наступная дзіўная падрабязнасць – на першы погляд безклапотнае пакіданне ў пустыні ці ў гарах  дзевяноста дзевяці авечак разам. Воўк жа можа гэтым скарыстацца (пар. Ян.10:12). Аднак памятайма, што прыпавесць – гэта не апавяданне. Тут маем справу з літаратурным скаротам, сэнс якога ў тым, каб падкрэсліць толькі адну важную рысу. Гэтай рысай ёсць клопат гаспадара пра прапаўшую авечку.

Палестынскі слухач знаёмы з тэмай Пастыра Ізраіля, напэўна не супрацівіўся гэтай уяўнай нерастаропнасці пастыра-уладальніка. У той жа час прыпавесць развівае іншыя падрабязнасці: клопат пошукаў, спалучаны з працай і радасць знаходкі.

Перапоўненая жахам, а можа і ўжо пакалечаная, авечка на плячах узрадавнага гаспадара – гэтая рыса, у якой рэалізм штодзённай сітуацыі і галоўная думка павучэння спалучаюцца ў адно, асягаючы сваеасаблівую вершыню. Найбольш выразна пры гэтым падкрэслена радасць, якая паказана праз запрэшэнне сяброў і суседзяў. Гэта апошняя дэталь – сябры і суседзі – наказвае прызнаць у апавяданні сапраўдную прыпавесць, а не алегорыю, як гэта ёсць, напрыклад, у св. Яна з Добрым Пастырам у раздзеле 10-м.

Маючы чыстую прыпавесць, відавочна прыгатаваную вялікай па зместу тэмай Пастыра са Старога Запавету, застасуем правіла інтэрпрэтацыі ўласцівыя для гэтага літаратурнага гатунка. Вось жы падобна як уладальнік шматлікага статку ў выпадку згубы адной з авечак выказвае больш клопату, каб яе знайсці, а пасля – больш радасці, чым з рэшты авечак, падобна ёсць і ў Бога, пры навяртанні аднага грэшніка.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *