Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Пра растаропнага эканома-2 (XXXІХ)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ўсцяж у гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння працягнем агляд прыпавесці Пра растаропнага аканома. Нагадаю, што распарадчык-аканом перад пагрозай страты сваёй пасады абніжае доўг даўжнікоў свайго гаспадара, каб заручыцца іх падтрымкай у будучыні, калі ён будзе безпрацоўным. Мы спыніліся на тым, што сама гісторыя, якую мы пачулі ў прыпавесці патрабуе ад нас пэўнай ацэнкі ўчынку нашага растаропнага распарадчыка-аканома.

Версія першая

Большая частка сучасных каментатараў прытрымліваецца класічнага рашэння. Крадзеж ёсць відавочным, але пахвала, аб якой мова ў вершы 8, адносіцца выключна да растаропнасці, якую аканом праявіў намагаючыся выйсці з цяжкай для сябе сітуацыі. Такім чынам сярэднестатыстычны чытач уратаваны ад згаршэння з-за таго, што махляр атрымаў пахвалу.

Прыхільнікі гэтага рашэння першую палову 8-га верша залічваюць да самой прыпавесці, другую ж палову і наступныя вершы разглядаюць, як рэфлесію Евангеліста, можа нават Ісуса, пасля якой наступае само застасаванне прыпавесці складзенае з сентэнцый на тэму ўжывання багацця. У такой інтэрпрытацыі галоўнае павучэнне гучала б так: падобна таму, як хітры аканом  змог здабыць у сабе спрыт, каб забяспечыць сабе бязбеднае існаванне, не гледзячы на страту пасады, гэтак і вучні Госпада павінны выказаць максімальную растаропнасць, як тыя людзі, што знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі, якія маючы мала часу, павінны паклапаціцца пра сваю вечнасць.

Версія другая

Меньш лічныя каментатары ідуць трошкі іншай дарогай, якая паволі здабывае сабе ўсё больш прыхільнікаў. Інакш выглядае ў іх вачах учынак аканома. Значна далей (аж да 9-га верша ўключна) расцягваюць яны аўтэнтычнае Ісусавае застасаванне далучанае да прыпавесці, якое ў сувязі з гэтым аказваецца больш зразумелым і болш глыбокім, адначасова застаючыся ў згоднасці з кантэкстам 16-га раздзела.

Аканом – згодна з тагачаснымі звычаямі – не атрымліваў ад гаспадара заробку, але падобна мытнікам (г.зн. тым, хто збіраў падаткі) жыў толькі з адсоткаў, якія залічваў да сум, якія былі вінныя даўжнікі ягонаму гаспадару паводле сваіх абавязацельстваў. Таму ён не ўчыніў ніякага махлярства ў гэтым апошнім выпадку, але зменьшыў доўг за кошт таго, што адмовіўся ад таго што яму належала.

Гаспадар з 8-га вершу – гэта прыхаваны пад грэцкім тэрмінам ό κύριος (kyrios), арамейскі maran – так бы мовіць, сталае акрэсленне “нашага Гаспадара-Госпада” Ісуса Хрыста. Пахваліў Ён аканома за тое, што растаропна ўжыў у гэтым выпадку мамону, прынцыпова нягодную, але так сапраўды яго ўласную.

Такім чынам акрэсленне аканом нягодны не з’яўляецца ацэнкай гэтага апошняга ўчынку, але адносіцца да той ацэнкі, якую атрымаў аканом ад моманту яго абвінавачвання, якое можа нават занадта хутка прызналі слушным?

Мова не ідзе аднак толькі пра тое, каб “абяліць” учынак нашага аканома, ані аб маральным ці псыхалагчным абгрунтаванні дзіўнай пахвалы. Тут мова ідзе пра пашырэнне галоўнага павучэння.

Галоўнае павучэнне прыпавесці

Хоць сама прыпавесць фармальна заканчваецца на першай палове 8 верша, тым не менш далучаныя рэфлексіі і сентэнцыі былі выказаныя разам, як аўтэнтычнае яе застасаванне. У рэфлексіі Ісуса сапраўды гучыць нота горкай іроніі, што сыны святла меньш растаропныя, чым сыны гэтага веку, але адразу пасля яе наступае практычная выснова адносна таго, у чым павінны Гасподнія вучні наследваць спрыт растаропнага аканома: яны павінны карыстацца тым, што маюць, набываючы сабе сяброў нягоднай мамонай, за якіх, калі яе не стане, Бог абдорыць вучняў сваёй ўдзячнасцю.

Гэтымі ж сябрамі ёсць убогія, як пра гэта гаворыць той жа Евангеліст не ў адным месцу (пар. Лк.12:33, 14:13-14), а найлепей гэта паказвае асноўны прынцып апошняга суду: Што зрабілі вы аднаму з гэтых братоў Маіх найменшых, тое Мне зрабілі (Мц. 25:40). Іншыя выразы (вершы 10-13) напэўна далучаныя ўжо Евангелістам-рэдактарам, а словам, якое аб’ядноўвае ў дадзеным выпадку, ёсць мамона. Гэты дадатак ёсць нават вельмі дарэчы, бо далей тлумачыць сэнс гэтай не прастой прыпавесці.

Нягоднай жа ёсць мамона не таму, што была здабыта ў нягодны спосаб, але – у духу паўтараных наказаў Мудрацоў (напрыклад, Экл. 5:9,12-16; Сірах. 5:1,8; 26:29-27:2) – паколькі з’яўляецца яна здрадлівай і для шматлікіх людзей ёсць маральнай пасткай. Аднак не гледзчячы на гэта можа яна быць ужыта і на дабро – ёсць яна сваеасаблівым выпрабаваннем для чалавека. Ёсць індыкатарам таго, што ён лічыць за “сваё” дабро: часовая рэчаіснасць, якая непазбежна прамінае, ці дабро сапраўднае, а не далёкае ад яго вечнага прызначэння. Толькі духоўныя даброты, трывалыя, якія перакрочваюць момант, у якім не стане таго што часовае, заслугоўваюць на тое, каб мы іх прынялі за “свае”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *