Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Пасеў, што расьце ўласнай сілай (Х)

Існуе тры прыпавесці, у якіх выкарыстаны вобраз узрастання расліны і зерня. Ужо ў папярэдняй перадачы мы разгледзілі прыпавесць, у якой можна было  пабачыць прыхаваную дынаміку зерня, якое ў адпаведнай глебе прыносіла ўражваючы плод. Але націск быў зроблены ў ёй не на гэтай дынаміке. Такі націск Ісус зрабіў у выключна ў маркавай прыпавесці пра пасеў, што расьце ўласнай сілай. Некаторыя эгзэгеты даюць ёй назву «цярплівага земляроба».

«Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю»

Мк 4: 26-29:

26 І казаў: «Божае Валадарства такое, як быццам чалавек пасеяў насенне ў зямлю.

27 І ці спіць, ці ўстае ўночы і днём, а насенне ўзыходзіць і расце, і ён не ведае, калі.

28 Бо зямля сама з сябе родзіць, перш ладыгу, пасля колас, нарэшце поўнае зерне ў коласе.

29 І калі ўжо паспее плод, зараз гаспадар запускае серп, бо надышло жніво».

У вобразе мы бачым знакавае накапленне дэталей, якія датычаць чарговых стадыяў узрастання:  ладыга, колас, зерне ў коласе. Затое сам сейбіт выканаў толькі першае дзеянне – пасеў. Зрабіўшы ж сваю справу ён не асабліва арыентуецца, як адбываецца тое, што «зямля сама з сябе» (знакава: αὐτομάτη — automate) уплывае на далейшае поўнае развіццё пасеву аж да «этапу збожжа», які дазваляе распачаць другое ягонае дзеянне – жніво.

У міжчасе трывае нястомнаае дзеянне здабыўчага жыцця, якое так захапляла старажытнага чалавека Блізкага Ўсходу. З гэтага вынікае, што сейбіт не з’яўляецца прынамсі на першым плане щ прыпавесци, ані ягоная церплівасць, але ўласна іманентная моц жыцця, якая дзейнічае павольна і эфектыўна – паводле сваіх законаў.

У апісанні жніва ў апошнім вершы прыпавесці выкарыстаны словы прарока Ёэля (4:3) і моцна прыгадваюць жніво апоняга суду з Апакаліпсы Яна (14:15), з алюзіяй да слоў таго ж прарока. Не сумненна тут прысутны момант эсхаталагічны. Выражаны ён досыць спакойна ў параўнанні з іншымі вобразамі жніва (напрыклад у прыпавесці пра пустазелле) і гаворыць толькі пра пазітыўны плён, як пра Божую справу. У біблійнай мове Божай справай ёсць як сам узрост у прыродзе (пар. напрыклад Род. 1:11; 2:9), аналагічны ўзрост духоўнага жыцця (1 Кар. 3:6-7), гэтак і паўната часоў (Гал. 4:4; Эф. 1:10).

Галоўнае павучэнне прыпавесці

Калі мова ідзе пра літаратурны гатунак гэтай прыпавесці, то ў гісторыі эгзэгезы ўзнікалі галасы за поўную або частковую яе алегарызацыю. На гэта несумненна паўплывалі  прыпавесці пра пасеў і яго розныя вынікі ды іншая прыпавесць пра пустазелле.

Аднак цвярозы метад інтэрпрэтацыі, які абмяжоўваецца пошукам агульнага, пошукам падабенства (будаваннем самога tertium comparationis), наказвае прызнаць тут чыстую прыпавесць. Гэты факт, канешне, не адымае права ў сённяшняга чытача Евангелля рабіць свае высновы для сябе з гэтай аптымістычнай прыпавесці (пар. Як.5:7-8).

Такім чынам навуку гэтай прыпавесці належыць акрэсліць наступным чынам: падобна да таго, як зерне пасеянае ў глебу (асабліва палестынскую) само расце, і далей развіваецца ды ўрэшце дае плод да жніва, гэтак і Царства Божае мае ў сабе іманентную моц развіцця, такую жыццёвую моц, якая давядзе яго ўрэшце да яго эсхаталагічнай рэалізацыі.

Галоўным жа павучэннем гэтай прыпавесці ёсць праўда, а не этычная норма, хоць напэўна правільнымі будуць усе маральныя высновы, якія заахочваюць да церплівага даверу, паколькі – як гаворыць св. Вінсэнт дэ Поль: «Божыя справы робяцца павольна і як бы незаўважна». Надзея прыйсця канчатковай фазы Царства Божага ёсць таксама непадважальная, як апісаны ў прыпавесці плод.

Жыццёвы кантэкст прыпавесці

Наколькі шырокі часовы дыяпазон належыць надаць развіццю Божага Царства? Ці яго этапамі можна назваць ужо дзеі Ізраіля і ўсё, што зрабілі прарокі ў справе пасеву слова? Ці таксама мы можам рабіць гісторыясафічныя высновы аб Царкве на падставе гэтай прыпавесці? Тэкст і бліжэйшы кантэкст не вырашаюць гэтую справу, якая ўсцяж з’яўляецца спрэчнай сярод спецыялістаў. Быць можа найбольш правільна будзе сказаць, што абедзьве гэтыя аплікацыі будуць слушныя, але сцверджваць, што Ісус вучыў напэўна так, а не інакш – не належыць.

Вельмі праўдападобнай ёсць гіпотэза адносна жыццёвага кантэксту гэтай прыпавесці ў дзеях Ісуса. Павучэнне гэтай прыпавесці, як здаецца, ёсць пра Ягоны пратэст супраць нецярплівасці прыхільнікаў зелотаў, якія не маглі зразумець, чаму Ісус не дзейнічае больш энергічна, асабліва сродкамі палітычнымі, чаму не арганізоўвае ўзброенай барацьбы з Рымам. Нездарма у Чацьвёртым Евангеллі Ісус адыходзіць, калі Яго хацелі абвясціць царом (Ян. 6:15), а пракуратара кесара Ён запэўнівае, што царства Ягонае не з гэтага свету (Ян. 18:36).

Завершваючы гэту перадачу, хачу яшчэ раз падкрэсліць, што галоўным павучэннем гэтай прыпавесці ёсць праўда, а не этычная норма. Праўда, што нашая надзея на Царства Божае будзе ўзнагароджана, што на зямное жыццё нам трэба глядзець вачыма Бога, адзінага, хто ведае пачатак і канец кожнага чалавека і рэчы ў гэтым Сусвеце.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *