Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Неўрадлівае фігавае дрэва (XXXIV)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. Сёння мы прыгледзімся прыпавесці пра неўрадлівае фігавае дрэва.

Гэта прыпавесці ёсць выключна ў Лукі, і падана яна разам з поўным напругі ўступам, у якім яшчэ мацней чуецца пагроза кары за супраціў Ізраіля. Аднак яшчэ ёсць нейкі праменьчык надзеі – магчымасць навяртання.

Агульны кантэкст і сама прыпавесць

Жыццёвы кантэкст гэтай прыпавесці – такі самы, як і ў папярэдніх прыпавесцях ды ў наступнай прыпавесці з гэтага раздзела. Супраціў месіянскаму пасланству Ісуса стаецца ўсё больш выразным ды закранае ўсё больш шырокія колы. Спробы датаваць і прывязаць гэту прыпавесць да нейкай мясцовасці лічацца як з парадкам пераказу Лукі, гэтак з фактам узрастаючага супраціву.

Ёсць меркаванне, што гэта была восень перадапошняга году публічнай дзейнасці або пачатак апошняга году публічнай дзейнасці, г.зн. 30 год нашай эры. Павінна гэта было быць паза Ерусалімам, дзе паводле уступу з 1-га верша, мела месца ўзгаданая бойня, а таксама паза Галелеяй, дзе пра гэта было да такой ступені вядома, што «паведамляць» пра тое Ісусу не было б сэнсу. Такім чынам магло быць гэта ў Заярданні або ўжо ў Юдэі паза сталіцай. Бяручы пад увагу сціслую тэматычную сувязь, прывядзем прыпаевесць разам з рэдактарскім уступам Лукі.

Лк. 13:1-9

1 У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра галелейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.

2 І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя галілейцы, што так пацярпелі?

3 Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

4 Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме?

5 Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце».

6 Затым казаў ім гэта для параўнання: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

7 Дык сказаў вінаградару: «Вось ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?»

8 А той, адказваючы, гаворыць яму: «Гаспадар, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

9 можа, стане даваць плод, калі не, то выкарчуеш яго»».

Рэдактарскі ўступ да прыпавесці

Належыць рэдактарскаму ўступу прысвяціць трошкі ўвагі, бо акурат дзякуючы яму прыпавесць набывае найбольш выразных рысаў. Лютасць Пілата, пра якую тут ідзе мова, павінна была мець месца ўсярэдзіне ерузалімскай святыні, як адзіным месцы складання легальных крывавых ахвяраванняў, ды і то ў пэўнай сувязі з Пасхай. Была яна (лютасць) ў вачах габрэяў не толькі забойствам, але і святатацтвам – апаганьваннем культа на святым месцы.

Факт, пра які паведамілі Ісусу, з’яўляўся цяжкай рэлігійнай праблемай для Габрэяў. Такога тыпу смерць, якая паводле фарысейскага прынцыпу, што кожная бяда ёсць заслужанай карай Божай, выглядала як кара, і яны не маглі спалучыць такі факт смерці з відавочным фактам, які сведчыў пра пабожнасць загінулых. Адказ Ісуса разрывае гэтую прычынна-выніковую сувязь – такім чынам страшная смерць не адпавядае прапарцыянальна нейкай асаблівай правіне.

Запярэчанне ж гэтай сувязі Ісус ілюструе іншым вядомым прыкладам смерці – васемнаццацю загінулымі пад руінамі вежы, ці вежы абарончай, ці таксама вежы, якая з’яўлялася часткай аквэдукту Šilȏah, вядомага з Старога Запавету (1 Цар. 20,20; 2 Пар. 32:30; Нэгэм. 3:15). Яго рэдукаваная назва Сіло распаўсюдзілася на ўсю купальню (Ян. 9:7,11) і на ўвесь раён. Знакава тое, што два факта трагічнай смерці служаць Ісусу не толькі для адкідання памылковага прынцыпу прапарцыйнасці няшчасця да невядомай віны, але таксама да павучэння ў стылі прарокаў. Большымі грэшнікамі ці больш вінаватымі чым іншыя не былі пацярпелыя, але ўсім слухачам, як грэшным і вінаватым непазбежна паграджае такое ж самае пакаранне, калі не  апамятаюцца. Іх грэх ці правіна – гэта непрызнанне ў Ісусе Месіі. Калі ў гэтай справе не навернуцца, то чакае іх падобнае пакаранне ці такое самае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *