Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Несправядлівы суддзя -1 (L)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння мы зоймемся прыпавесцю пра несправядлівага суддзю.

Агульныя звесткі

Прыпавесць пра несправядлівага суддзю часамі бярэ сваю назву і ад другой постаці, якая ў ёй паяўляецца, і тады называецца прыпавесцю пра настойлівую ўдаву. Нарэшце некаторыя аўтары абедзве постаці ў назве спалучаюць, ды называюць прыпавесць «Несумленны суддзя і настойлівая ўдава». У апавяданні Лукі мы чытаем яе таксама ў рамках апошняга падарожжа да Ерузаліма, якое ў аўтараў сінаптычных Евангелляў прыпадае на трэці і апошні год публічнай дзейнасці Ісуса. Давайце ж паслухаем саму прыпавесць.

Лк.18:1-8

1 Таксама расказваў ім для параўнання аб тым, што заўсёды трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач,

2 кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, што Бога не баяўся і чалавека не шанаваў.

3 Была ў гэтым горадзе ўдава і прыйшла да яго, кажучы: “абарані мяне ад майго супраціўніка”.

4 А ён не хацеў доўгі час, а пасля таго адумаўся: “Хоць я Бога не баюся і чалавека не шаную,

5 аднак, паколькі надакучыла мне гэтая ўдава, абараню яе, каб ізноў, прыйшоўшы, не надакучала мне”».

6 Дык гаворыць Госпад: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя;

7 а ці ж Бог не возьмецца бараніць выбраннікаў Сваіх, якія днём і ўночы прызываюць Яго да сябе, ды ці будзе мець абыякавасць да іх?

8 Кажу вам: хутка ўчыніць ім абарону. Але, як вы лічыце, Сын Чалавечы ці знойдзе веру на зямлі?»

Прадстаўлены тэкст змяшчае тры элементы: уступ (верш 1), саму прыпавесць (вершы 2-5) і даданае прымяненне – каментар Ісуса (вершы 6-8). Уступ належыць рэдактару. Падобны уступ папярэджвае наступную прыпавесць пра мытніка і фарысея (Лк. 18:9), якая знаходзіцца адразу пасля прыпавесці пра  несправядлівага суддзю.

Апавяданне змешчанае ў прыпавесці не павінна абавязкова быць канкрэтным гістарычным  прыкладам, заснаваным на факце, але спосабам выражэння заўсёды актуальнай праўды. Хоць сам вобраз ёсць агулам зразумелы, набудзе ён пластычнасці, калі будуць пададзены некаторыя дэталі яго палесцінскага кантэксту.

Дэталі прыпавесці

 Суддзя – гэта практычны атэіст, бо тэарэтычных атэістаў не было ў тыя часы сярод ізраільцянаў: ён проста не лічыўся з Богам і Яго Законам.  А як наступства гэтага – ён «і чалавека не шанаваў», пагарджаў людзьмі і быў самаўпэўненым.

З тыпова сэміцкага акрэслення «несправядлівы» (της αδικίας – tes adikías), якое знаходзіцца ў словах Ісуса, таксама, як у прыпавесці пра аканома (Лк.16:8), можна здагадвацца, што быў ён, хутчэй за ўсё, прадажным. Гарманіруе гэта дасканала з фактам доўгіх і безвыніковых настойлівых просьбаў да яго ўдавы. Другая постаць – удава – у слухачоў, якія ведаюць Стары Запавет, асацыюецца  адразу з асобай, якая з аднаго боку, паколькі ёсць асабліва няшчасная павінна быць абкружаная спачуваннем бліжніх, а з другой – можа лічыць на Божую апеку: Удаве і сіраце не рабіце крыўды. Калі іх будзеце крыўдзіць, будуць яны прызываць Мяне, і Я выслухаю лямант іх, і разгарыцца гнеў Мой, і ўдару вас мечам, і стануць жонкі вашы ўдовамі, а дзеці вашы – сіротамі (Вых. 22:21-23). Госпад апякуецца прыхаднямі, падтрымлівае сірату і ўдаву… (Пс 146(145):9).

Несправядлівасць у дачыненні да гэтых пакінутых істотаў мела месца ў дзеях Ізраіля і была прадметам пагрозаў прарокаў: Гора тым, хто ўслаўляе законы ліхія і хто піша пастановы несправядлівыя, каб на судзе прыціскаць убогіх ды каб сілу прымяняць у справах простых з народа Майго, каб удовы сталіся здабычай іх і каб сірот абрабоўваць! (Іс.10:1-2; пар. Пс.94(93):3-11).

Справа нашай ўдавы датычыла нейкай пэўнай сумы грошаў  — часткі спадчыны,  ці вяртання доўгу – паколькі турбуе яна аднаго суддзю, а не становіцца перад трыбуналам. Яна павінна была быць убогай, у той час, калі яе апанент, наадварот, быў багатым і ўплывовым. Гэтае дапушчэнне тлумачыць тое, што несправядлівы суддзя не спяшаецца са сваім рашэннем.

Удава аднак нічым не знеахвочана, ды ўсцяж прыходзіла. Тут у арыгінае маем дзеяслоў незакончанага трывання прыходзіла (ήρχετο – ércheto) (а не прыйшла – як ёсць у беларускім перакладзе а. Чарняўскага). Гэтая форма дзеяслова дасканала перадае ўпартасць удавы. Гэта яе ўпартасць знудзіла суддзю, бо ўрэшце ён вырашыў справу на карысць для яе ды вынес належны прысуд.

Суддзя вынес справядлівы прысуд, хоць і  не хацеў, а можна нават пабачыць у гэтым слове адценне не меў адвагі, як ў выпадку Ірада Антыпы ў дачыненні да Саламеі (Мк. 6:26) або ў выпадку вядомага нам з прыпавесці мытніка (Лк. 18:13). Варты аднак ўвагі яго матыў, які цалкам згодны з яго папярэдняй лініяй паводзін. Чаму ж ён знерваваўся і не вытрымаў націскаў удавы? Чаго баяўся гэты цынік?! На гэтае пытанне мы адкажам у наступнай перадачы. Я ж развітваюся з вамі…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *