Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Нелітасцівы слуга (ХLІІ)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. І сёння надышла чарга пазнаёміцца нам яшчэ з адной асаблівай тэмай, якая выступае ў двух прыпавесцях. Гэта тэма – новая запаведзь.

 Дзьве прыпавесці захавалі яе для нас. Першая прыпавесць – гэта нелітасцівы слуга, другая – міласэрны самарыцянін. Сёння займемся пакуль што нелітасцівым слугой.

Агульныя звесткі

Гэтая прыпавесць выключна Мацьвея, заканчвае адзіны рэдактарскі блок, якім ёсць 18-ы раздзел. Ён мае адну тэму – жыццё новай месіянскай супольнасці, “парадак у доме Божым” (W. Trilling). У сінопсах, згодна з парадкам Мацьвея, яна змешчана ў 3-м годзе публічнай дзейнасці Ісуса ў Галілее, у рамках настаўленняў для вучняў, ды перад падарожжам да Ерусалімы. Іншыя назвы гэтай прыпавесці: “жорсткі слуга” або “нелітасцівы даўжнік”.

У сучаснай версіі, якая была зроблена апошнім рэдактарам гэтага Евангелля, саму прыпавесць папярэджвае наступнае пытанне Пятра: Тады Пётра, падышоўшы, сказаў Яму: “Госпадзе, колькі разоў маю дараваць брату майму, калі будзе грашыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?”. Кажа яму Ісус “Не кажу табе да сямі разоў, але да сямідзесяці па сем разоў” (Мц. 18: 23-35). Не гледзячы на ўдалую алюзію, прыпавесць не з’яўляецца аднак ілюстрацыяй абвешчанага Ісусам прынцыпа. Сама прыпавесць фармулюе справу прабачэння яшчэ больш радыкальна: без прабачэння чалавек размінаецца са сваёй мэтай – Царствам Божым. Цяпер жы давайце паслухаем саму прыпавесць:

Мц.18: 23-35

23 Дзеля таго падобнае Валадарства Нябеснае да чалавека-валадара, які хацеў разрахавацца з паслугачамі сваімі.

24 І калі стаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, што быў яму вінаваты дзесяць тысяч талентаў.

25 Паколькі не меў ён з чаго аддаць, загадаў гаспадар яго прадаць яго, жонку яго, дзяцей і ўсё, што меў, ды заплаціць.

26 Але паслугач той, упаўшы, прасіў яго, кажучы: “[Валадару,] май цярплівасць да мяне, і я аддам табе ўсё”.

27 І гаспадар паслугача таго, пашкадаваўшы, адпусціў яго і доўг яму дараваў.

28 Але паслугач той, выйшаўшы, напаткаў аднаго з таварышаў сваіх, што быў яму вінаваты сто дынараў. І, схапіўшы яго, душыў, кажучы: “Аддай, што мне вінаваты”.

29 І, упаўшы, таварыш той прасіў яго кажучы: “Май цярпелівасць да мяне, і аддам табе”.

30 Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць яму доўгу.

31 Бачачы, што робіцца, таварышы яго засмуціліся вельмі ды пайшлі і расказалі гаспадару свайму ўсё, што сталася.

32 Тады пазваў яго гаспадар яго і гаворыць яму: “Паслугач нягодны, я ўвесь твой доўг дараваў табе, бо ты мяне прасіў.

33 Ці ж не належала, каб і ты злітаваўся над таварышам сваім, як я злітаваўся над табой?”

34 І, угнеўлены, гаспадар яго выдаў яго катам, пакуль яму не аддасць усяго доўгу.

35 Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму [правіны яго] ў сэрцах вашых”.

Пытанне Пятра пра прабачэнне і прыпавесць

Некалькі рацыяў прамаўляюць за паўсюдна сёння прыняты погляд, што сувязь паміж пытаннем Пятра разам з адказам Ісуса з аднаго боку, і апавяданнем прыпавесці з другога боку, не з’яўляецца першапачатковай, але рэдактарскай.

Такім чынам пытанне Пятра датычыць абмежаванай колькасці прабачэнняў, адказ Ісуса – не без тонкай іроніі схаванай у лічбе 77 (ці як хацеў св. Іеранім: 70х7=490) – наказвае нам заўсёды прабачаць. Можна ў гэтым адказе заўважыць наўмысную адмену ліхоха валацугавання біблійнага Ламэка: “У сем разоў павінна быць адпомшчана за Каіна. А за Ламэха – у семдзесят сем” (Род.4:24).

Новая запаведзь наказвае нам заняць пазіцыю супрацьлеглую да прагі помсты, тыповай для чалавецтва перад патопам. Суворая першабытная этыка: вока за вока, зуб за зуб (Вых.21:24) і талераванне ў Законе функцыанавання мсціўцы за кроў (Ліч.35:19) у эпохе юдаізма саступае месца гуманным прынцыпам. Мудрацы ўжо гавораць інакш – вось як чытаем у кнізе Сыраха:

Хто хоча быць адпомшчаным, той знойдзе помсту ад Госпада, і грахі яго Госпад, захоўваючы, захавае. Адпусці блізкаму твайму крыўду, і тады табе па просьбе тваёй твае грахі будуць адпушчаны. Калі чалавек на чалавеку будзе спаганяць злосць, як жа ў Бога будзе прасіць ён дапамогі? Не мае ён міласэрнасці да чалавека, да яго падобнага, а як будзе прасіць аб адпушчэнні сваіх гахоў? Сам, з’яўляючыся целам, спаганяе злосць: а даравання просіць у Бога? Хто будзе прасіць за яго злачынствы? (Сірах.18:1-5)

У гэтым рэчышчы знаходзяцца і Ісусавы павучэнні і вымаганні: Шчасныя міласэрныя, бо яны атрымаюць міласэрнасць (Мц.5:7), і таксама ўмова прабачэння, якая знаходзіцца ў Ойча наш (Мц.6:12). Аднак толькі ў гэтай прыпавесці ў поўні разкрываецца прынцып, што варта прабачаць не толькі таму, што гэта выгадна, але таму, што гэта неабходная ўмова атрымання даравання ўласных правінаў на Божым судзе. Але і тое яшчэ не ўсё – толькі гэта прыпавесць падае нам самую глыбокую прычыну таго, чаму так павінна быць. Гэтага не сказаў ані Сірах, ані выказалі да канца прыведзеныя словы Ісуса пра прабачэнне. Больш падрабязна пагаворым пра гэта ў наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *