Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Нелітасцівы слуга-3 (ХLІV)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння мы працягваем разважаць прыпавесць пра нелітасцівага слугу.

Нагадаю, што яна (прыпавесць) распавядае пра двух высокапастаўленых слугаў пэўнага ўладара-цара. Першы слуга быў даўжніком цара, другі слуга быў даўжніком першага слугі. Цар прабачыў агромны доўг першаму слузе, але той у сваю чаргу не прабачыў малога доўгу другому слузе, які быў яму вінны.

Мы ў нашых разважаннях прыпыніліся на рэакцыі ўладара, які даведваецца пра паводзіны свайго слугі. Ён у сваім абурэнні выносіць яму прысуд. Formidolosa sententia, жахлівы прысуд – так называе яго ў сваім каментары св. Іеранім.  За што гэты прысуд напаткаў першага даўжніка? Ці за несправедлівасць? Аджа не.

Не-літасцівасць і літасць

У эвангелічнай сцэне такое абвінавачванне вогуле не выходзіць з вуснаў цара. З пункту гледжання закона той малы доўг — сто дэнарыяў — належалі першаму слузе, а паводле законадаўства краіны можна было вяртаць прыватныя даўгі нават шляхам кідання ў вязніцу. Абурэнне таварышаў, а потым гнеў цара, выкліканыя перад усім адсутнасцю літасці, адсутнасці наследвання велькадушнай паставы ўладцы. Прысуд вынесены за не-літасцівасць.

Уласна тут перакрочваюцца нормы Старога Запавету, разважанні мудрацоў і равінаў – тут ёсць Новы Запавет! Ён ёсць і ў супастаўленні гэтай велькадушнасці з ранейшымі павучэннямі Ісуса, уласна з наказам пакідаць дар перад алтаром, каб прымірыцца з братам (пар. Мц.5:23-24), але ёсць у ёй і нешта большае.

Новая запаведзь пра літасць з’яўляецца проста неабходнай умовай для таго, каб нам калі-небудзь апынуцца ў доме Айца. Ёсць там месца толькі для тых, хто самі – знаходзячыся ў Айца ў даўжніках і не ўстане вярнуць доўг – паўтараюць, як добрыя Яго дзеці,  жэст Айца ў дачыненні да сваіх братоў. Калі ж яны на гэта цяпер не змогуць рашыцца, то тады, паводле пераасцярогі Ісуса: як разюшаны цар на свайго нелітасцівага даўжніка, так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам.

Заключэнне з 35 верша (“Так і Айцец Мой, Які ў небе, зробіць вам, калі вы не даруеце кожны брату свайму [правіны яго] ў сэрцах вашых”) ёсць амаль даслоўным паўторам іншага лагіёну з Мц. 6:5. Гэты лагіён лічыцца сёння пераважна рэдакцыйнай аперацыяй Мацьвея, якая зрэшы ў поўні згодная з логікай прыпавесці.

Ёсць тут ужо слова браты (г.зн. хрысціяне), адпаведна галоўнай тэме 18 раздзела пра супольнасць веруючых, замест слова людзі з Нагорнага казання. Разам з гэтым націск зроблены на прабачэнні ад сэрца, разам з выключэннем крывадушнай паставы ўжо асуджанай раней прарокамі (пар. Іс.29:13, што прыводзіць той жа Евангеліст у Мц.15:8).

Алегарычныя рысы і галоўнае павучэнне прыпавесці

Такім чынам мы маем перад сабой несумненна прыпавесць з некаторымі алегарычнымі рысамі – праўдападобнымі, але не неабходнымі. Царом можа быць Бог-Айцец, але не мусіць, бо ў таго ж Евангеліста эсхаталагічным судзёй з’яўляецца Сын Чалавечы (Мц.25:31-46). Таварышы – гэта трапнае акрэсленне бліжніх, таксама як доўг – гэта біблійнае акрэсленне граху.

Такім чынам, у прынятай да гэтага моманту форме, галоўнае павучэнне можна прадставіць наступным чынам: падобна таму, як цар незвычайна літасцівы ў безнадзейнай сітуацыі даўжніка, але поўны суворасці да яго нелітасцівага таварыша, гэтак Бог на судзе палічыць усю нашу нелітасцівасць да бліжніх.

Вельмі лаканічна і трапна, фактычна адным сказам, выразіў Апостал думку, якую нясе нам наша прыпавесць: Таму, хто не аказаў міласэрнасці, будзе суд без міласэрнасці, бо міласэрнасць вышэй за суд (Як.2:13).

На апошні асабовы суд – паводле Новага Запавету, а асабліва Чацьвёртага Евангелля – складаюцца ўсе нашыя рашэнні, якія актуальна прымаюцца згодна са словам Госпада, або супраць яго. У нас у руцэ ўжо сёння вялікі шанец атрымання прабачэння нашых правінаў. Ім (гэтым шанцам) ёсць прабачэнне сямідзесяці па сем разоў нашым вінаватым. Але не са страху, не з-за слабасці, ці па разліку, але паводле дэвіза Апостала: як Госпад дараваў вам, так і вы (Клс.3:13).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *