Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Нелітасцівы слуга-2 (ХLІІІ)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння мы працягваем разважаць прыпавесць пра нелітасцівага слугу.

Нагадаю, што яна (прыпавесць) распавядае пра двух высокапастаўленых слугаў пэўнага ўладара-цара. Першы слуга быў даўжніком цара, другі слуга быў даўжніком першага слугі. Цар прабачыў агромны доўг першаму слузе, але той у сваю чаргу не прабачыў доўгу другому слузе, які быў яму вінны. Звернімся сёння да некаторых падрабязнасцяў прыпавесці.

Першая сцэна

Першая сцэна пачынаецца ад вядомага ўжо нам звароту: Валадарства Нябеснае не столькі падобнае да чалавека-валадара, колькі падобнае да ўсёй сітуацыі так маляўніча прадстаўленай у прыпавесці. Тым не менш у сваёй апошняй фазе, сцісла эсхаталагічнай, валадарства, інакш само неба, будзе залежаць ад прысуду Валадара, а ўрэшце будзе з Ім атаесамлена.

Сцэна гэтая мае месца паза Палестынай, бо ў Святой Зямле закон забараняў прадаванне ў няволю за даўгі нікога, акрамя злачынцаў (пар. Вых. 22:2, Святар. 25:39). Гэта адпавядае ўзаемаадносінам, якія панавалі ў пталемейскім Егіпце. Таксама гэта акалічнасць наказвае нам быць асцярожнымі ў алегарызацыі постаці валадара.

Слугі, пра якіх тут ідзе мова, з’яўляюцца – бяручы пад увагу іх доўг – міністрамі, нават сатрапамі правінцый царства. Сума доўгу першага з іх выразна гіпербалізавана: 10 000 талентаў, інакш сто мільёнаў дэнараў, а ў пераліку на вагу – прынамсі 270 тон золата. Такім чынам гэты слуга проста не ў стане выплаціць доўг свайму гаспадару.

Вось чаму яго жэст малення пра літасць ёсць цалкам зразумелы, а абяцанне таго, што ён аддасць доўг – нажаль, без рэальнага пакрыцця. Такім чынам жэст крэдытора (гаспадара) ёсць сапраўды каралеўскім. У той час, калі даўжнік просіць пра літасць у форме падоўжання тэрміну выплаты, бо мае намер нейкім чынам выплаціць свой доўг (што, яшчэ раз падкрэслю, немагчыма, а значыць — лож), то гаспадар ідзе значна далей. Пашкадаваўшы свайго слугу, ён увесь гэты агромны доўг скасаваў!

Сапраўды трэба сцвердзіць, што старжытныя цары былі міліярдэрамі і шчодра размяркоўвалі вялікія дары, а прыкладам гэтаму можа быць дар 50 000 000 срэбраных сэстэрцыяў (сэстэрцый – гэта адна чацьвёртая частка дэнарыя), уручаныя Неронам аднаму з усходніх цароў на развітанне, аднак ёсць нешта ў прыпавесці, што і ўражвае. Валадару хапае толькі просьбы, каб злітавацца над даўжніком у безнадзейнай сітуацыі!

Другая сцэна

Другая сцэна адбываецца дзесьці ў кулуарах царскага палаца. Яна найболш выклікае ў нас абурэнне. Доўг таварыша ёсць смешна малы ў параўнанні з тым, які абцяжарваў першага слугу. Ён звяртаецца да свайго крэдытора з той самай просьбай, з якой сам раней звяртаўся да свайго крэдытора-цара. Гэта просьба – акт нечуванай пакоры, а разам з тым гэтае абяцанне вяртання доўгу ёсць вельмі рэальным.

Што такое для міністра сто дэнарыяў, інакш сто дзён некваліфікаванага работніка? Нават, калі мы дапусцім, як некаторыя даследчыкі лічаць, што другі даўжнік быў чыноўнікам ніжэйшага ранга, то паводзіны першага, які жорстка адстойвае сваё права, з’яўляюцца прыкладам таго, што трапна можна акрэсліць лацінскім выразам:  summum iussumma iniuria, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае : “вышэйшая законнасць – вышэйшае беззаконне”. Душэнне, неадкладнае кіданне ў вязніцу за прыватны доўг – усё гэтыя факты маюць сваё гістарычнае падцверджанне ў егіпецкіх пераказах тых часоў. Нават на егіпецкіх помніках можна пабачыць сцэны збора падаткаў, якім таварышыць біцьцё палкамі плацельшчыкаў.

Трэцяя сцэна

Трэцяя сцэна зноў адбываецца ў прысутнасці цара. Як вынік рапарта сваіх чыноўнікаў, абураных паводзінамі першага даўжніка, цар цалкам мяняе сваё сваё рашэнне адносна таго першага, які цяпер стаіць перад ім у ролі абвінавачанага. І гаспадар у ролі судзі зусім не падобны да ранейшага літасцівага гаспадара.

Ён увогуле не дае права голасу слузе, і адразу выдае папярэдні прысуд, але ў больш падрабязных дэталях: толькі падсудны будзе пакараны, каты будуць катаваць яго (гэта арыентальны, пазапалестынскі спосаб здабыцця таямніцы, дзе схаваныя скарбы, або спосаб прымусіць сваякоў заплаціць выкуп). Вядома, што усяго доўгу слуга і так не зможа аддаць. Гэта азначае на практыцы, што яго перабыванне ў вязніцы безтэрміновае.

Жахлівы прысуд (formidolosa sententia) – гэтак акрэслівае св. Іеранім рашэнне цара. За што? За што такі суворы прысуд? Пра гэта пагаворым у наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *