Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Міны і таленты (ХLІ)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння я працягваю знаёміць вас з двума прыпавесцямі Пра міны і таленты.

Нагадаю, што прыпавесць гэту падаюць з невялікімі адрозненнямі два евангеліста – Мацьвей і Лука. Прыпавесць распавядае нам пра заможнага чалавека, які перад далёкім падарожжам даручае сваім слугам грошы (таланты або міны). Пасля павяртання наступае разлік і гэта галоўная сцэна вобразу. Два першыя слугі павялічваюць свае атрыманыя сумы, а таксама атрымоўваюць ад ад гаспадара пахвалу за вернасць і абяцанне кіраўнічых пасадаў. Апошні слуга вяртае захаваную суму некранутай. Ён тлумачуць гэта сваёй бояззю перад гаспадаром. За гэта ён атрымоўвае вымову і пакаранне, бо ён не спрычыніўся да прыбытку свайго гаспадара.

Сутнасць пакарання і адрасаты прыпавесці

Самое пакаранне выглядае праблематычным: або яго немагчыма зрэканструяваць. Сутнасць яго або ў тым, што забіраецца невыкарастаная міна ды пераказваецца найбольш растаропнаму слузе, або быць можа яе сутнасць у лупцоўцы пра якую ўзгадвае Евангелле паводле Лукі (Лк.12:47).

Адкуль жа бярэцца гэта праблема? Напрыканцовыя словы Ісуса пра тое, што таму хто мае будзе яшчэ дадзена і наадварот, не ўпісваюцца ў логіку прыкладу, бо гэта пакаранне ёсць пакараннем за адсутнасць актыўнасці слугі, а не за тое, што ён мала мае, акрамя таго ўласна гэтыя словы ёсць асобным лагіёнам з вельмі старажытнага слоя (Мк.4,25; Лк.8:18; Мц. 13:12), які выкарастаны ў рэдакцыйнай цэласці на тэму прыпавесці.

Бяручы пад у вагу жыццёвы кантэкст той першапачатковай прыпавесці Ісуса, менавіта апазыцыю вучоных у Пісанні ды фарысеяў, сёння згодна прымаецца, што ўласна яны з’яўляюцца адрасатамі гэтай прыпавесці, ды ў іх скіраванае лязо крытыкі Ісуса, іх датычыць вымова і пакаранне ўсё ж за бяздейнасць, якая матывуецца страхам перад Богам.

Іх вобраз Бога быў карыкатурай: яны баяліся рызыкі, але адначасова жадалі для сябе прызнання. Схаваныя за “платом Закона”, якога яны скрупулярна прытрымліваліся (уключна аж да давання дзесяціны з аніса і кміна), яны нажаль ігнаравалі шуканне сапраўднай волі Божай, якая жадала любові, а не крывавай ахвяры (пар. Ос.6:6). Пра што зрэшты ім шматразова прыгадваў Ісус (пар. Мц.9:13, 12:7; Мк.12:33).

Дэталі вобразу прыпавесці

Версія Лукі мае важны рэдактарскі ўступ, які ўтрымлівае мэту апавядання прыпавесці (верш 11). Менавіта гэтай прыпавесцю Ісус намерваецца супакоіць занадта ліхаманкавыя месіянскія чаканні, таму гаворыць пра прэтэндэнта на пасад. Як той прэтэндэнт, гэтак і Ісус вымушаны найперш адысці ў далёкі край, і толькі Яго вяртанне – парузія – будзе поўнай і канчатковай рэалізацыяй царскай годнасці Месіі і Яго вечнага панавання.

Сам прыклад ёсць алюзіяй да актуальнай на той момант гісторыі ў Палестыне. У той час ў цывілізаваным свеце надзяленне каралеўствам уселякіх прэтэндэнтаў да ўлады залежала ад усеўладнага Рыму. Таму да Рыму прыбегалі васалы прагныя тытулу rex socius populi Romani (цар саюзнік рымскага народу). Гэтак Ірад Вялікі, таксама пасля яго ягоны сын Архілай, адпраўляліся ў Рым па зацвярджэнне сваёй улады. У 4-м годзе перад нашай эрай пасля смерці Ірада, уласна з Архілаем адбылася гісторыя падобная да той, якую нам распавядае прыпавесць. Дэлегацыя габрэйскіх вяльможаў намагалася дыпламатычным шляхам, зрэшты безвынікова, супрацьстаяць такому зацверджанню. Пасля вяртання Архілай крывава адпомсціў сваім апанентам.

Слугі ў Лукі атрымоўваюць у сваё распараджэнне суму аднолькавую, але не занадта празмерную. Міна налічвала 100 сярэбраных драхм, драхма ж адпавядала больш-менш аднаму рымскаму дэнару, які – як ужо ведаем з папярэдніх прыпавесцяў – быў дзённым заробкам некваліфікаванага працаўніка.

Тая акалічнасць, што сума ёсць аднолькавай і не празмернай, стаецца прычынай таго, што націск павучэнне кладзецца на роўным для ўсіх слугаў выпрабаванні ў вернасці, з адначасовай градацыяй вынікаў. Адным словам, роўныя шансы, але не роўны асабісты ўклад. Вынікі паказаныя нам ў форме патройнага супастаўлення слугаў: слуга руплівы, звычайны і ленівы.

У справазданні першых двух, верных слугаў, гучыць нота сціпласці – гэта не столькі яны самі спрычыніліся посьпеху, колькі сама міна прынесла даход. Затое адказ апошняга, які апраўдывае сябе боязьзю, ёсць нахабным абвінавачваннем самога гаспадара. Гаспадар жа падтрымліваючы самое абвінавачванне, абарочвае яго супраць нядбайнага слугі.

Пераказ невыкарыстанай міны таму, хто мае іх дзесяць дзівіць не толькі асяроддзе гаспадара, што знайшло выраз у словах: Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!, але здзіўляе і нас. Адныя даследчыкі тут бачаць незграбнае спалучэнне двух асобных прыпавесцяў, другія ж – рысу, якая мэтанакіравана выгодзіць паза рамкі звычайнай рэчаіснасці, каб указаць нам іншую яе плоскасць — вышэйшую, духоўную.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *