Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Міны і таленты (ХL)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ўсцяж у гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці. Сёння пазнаёмімся з двума прыпавесцямі Пра міны і таленты.

Агульныя звесткі

Гэта пара прыпавесцяў, якую раней дзялілі, досыць значна адрозніваецца ад падобных параўнанняў. Тэма абодвух прыпавесцяў сапраўды адна, адсюль добрая для яе назва, якую часамі выкарыстощваюць — “даручаныя грошы”. Аднак абедзьве версіі, якія зрэшты не паходзяць з адной пісанай крыніцы, прайшлі доўгую дарогу, як у традыцыі вуснай першапачатковай прыпавесці Ісуса, гэтак і ў дзеях яе запісу.

Версію Лукі мы чытаем на самым заканчэнні падарожжа да Ерузаліма са знакавай рэдактарскай нататкай пра мэту апавядання прыпавесці пра міны. Мацьвей сваю версію пра таленты змяшчае ў другой групе эсхаталагічных прыпавесцяў, пасля мовы пра разбурэнне Ерузаліма ў Вялікі аўторак. У абодвух выпадках, такім чынам, маем справу з пэўным эсхаталагічным кантэкстам, які аднак моцна адрозніваецца адценнямі, як у гэтым пераканаемся ніжэй.

Эфірны час нам, шаноўныя сябры, не дазваляе паслухаць абедзьве версіі прыпавесці, дык давайце прынамсі паслухаем яе варыянт паводле Евангеліста Мацьвея (Мц. 25:14-30):

14 Падобным чынам чалавек, адыходзячы ў далёкі край, склікаў сваіх паслугачоў і даручыў ім сваю маёмасць.

15 Аднаму даў пяць талентаў, а другому два, а іншаму адзін – кожнаму паводле яго здольнасці, і выправіўся.

16 Той, які атрымаў пяць талентаў, пайшоў і, скарыстаўшыся з іх, зарабіў яшчэ пяць.

17 Падобна і той, хто атрымаў два, зарабіў яшчэ два.

18 А той, хто атрымаў адзін, пайшоў і закапаў яго ў зямлю ды схаваў грошы гаспадара свайго.

19 Потым па доўгім часе прыходзіць гаспадар паслугачоў тых і выстаўляе рахунак ім.

20 І, прыйшоўшы, той, які атрымаў пяць талентаў, прынёс яшчэ пяць талентаў, кажучы: “Гаспадару, ты даў мне пяць талентаў; вось, я зарабіў дадаткова яшчэ пяць талентаў”.

21 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; у малым быў ты верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.

22 Прыйшоў таксама і той, які атрымаў два таленты, і гаворыць: “Гаспадару, ты даручыў мне два таленты, вось я зарабіў яшчэ два”.

23 Гаворыць яму гаспадар яго: “Добра, паслугач добры і верны; ты быў у малым верны, дам табе ўладу над многім; увайдзі ў радасць гаспадара твайго”.

24 А той, што атрымаў адзін талент, прыходзячы, гаворыць: “Гаспадару, я ведаю цябе як чалавека жорсткага: ты жнеш, дзе не пасеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў.

25 Дык, баючыся, пайшоў я і закапаў твой талент у зямлю. Вось, бяры, што тваё”.

26 У адказ гаспадар яго сказаў: “Паслугач благі і неруплівы! Ты ведаў, што я жну дзе не пасеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў.

27 Дык належала б табе мае грошы даць мяняльшчыкам, а я, прыйшоўшы, атрымаў бы, што маё, з прыбыткам.

28 Таму вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў.

29 Бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і ён будзе багаты; а ў таго, хто не мае, адбяруць і тое, што ён мае.

30 А паслугача нягоднага кіньце ў цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.

На ўзор падобных прыпавесцяў, ужо папярдне ўжо абмеркаваных, паспрабуем найперш зрэканструктаваць першасную прыпавесць Ісуса, пачаўшы ад крыніцы Q, а потым абмеркаваць значныя асаблівасці абодвух вышэй паданых версій разам з іх тэалагічнымі наступствамі, г.зн. акцэнтамі навучання.

Супольныя рысы абодвух прыпавесцяў таксама і прынцып, які вымагае, каб аўтэнтычнае застасаванне знаходзілася на лініі логікі прыкладу, які ў іх знаходзіцца, дазваляюць нам на наступную рэканструкцыю: заможны чалавек перад далёкім падарожжам даручае сваім слугам грошы, і то былі хутчэй міны, чым таленты, ды хутчэй у градацыі захаванай у Мацьвея, а не толькі па адной міне, як у Лукі.

Пасля павяртання наступае разлік, як галоўная сцэна вобразу. Два першыя слугі ўдвайваюць свае атрыманыя сумы, атрымоўваючы ад гаспадара пахвалу за вернасць, разам з дадатковай узнагародай — надаваннем ім пэўнага статуса ў кіраванні дабротамі гаспадара. Апошні слуга вяртае захаваную суму некранутай, але і не павялічанай, тлумачучы гэта бояззю перад гаспадаром. Атрымоўвае ён вымову і пакаранне за тое, што не спрычыніўся да прыбытку свайго гаспадара.

Увесь гэты вобраз непазбежна выклікае шматлікія пытанні. На некаторыя з іх я пастараюся адказаць у наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *