Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці.
Нагадаю, што ў мінулай перадачы мы пачалі разважаць прыпавесць пра міласэрнага самарыцяніна. Мы разгледзілі спачатку ўступны дыялог Ісуса і заканадаўцы, напрыканцы ягога паўстае пытанне: “А хто мой блізкі?”. Каб адказаць на яго Ісус распавядае прыпавесць пра трох людзей, якія праходзілі побач збітага разбойнікамі чалавека. Толькі адзін з іх, самарыцянін, праявіў міласэрнасць. Давайце больш падрабязна разгледзім тое, як ён гэта зрабіў.
Учынак самарыцяніна
Пасля пачуцця літасці перад бядою няшчаснага, наступае ўчынак самарыцяніна. З прымітыўнай падарожнай аптэчкі ён дастае самыя простыя сродкі – віно для дэзынфекцыі і сродак, каб залагодзіць боль – алей. Імі ён апрацоўвае раны небаракі, г. зн. перавязвае іх, напэўна разрываючы на бінты частку сваёй вопраткі, сам злазіць са свайго асла ці мула, ды садзіць на яго пацярпелага.
Самарыцянін падтрымлівае яго, паколькі той быў ледзь жывы, сам ідучы пехатою – павольна, крок за крокам – да таго месца, якое Евангеліст называе заездам. Было гэта, беручы пад увагу ўжыты выраз πανδοχείον (pandocheion) – штосьці значна лепшае, чым звычайны каравансарай, г. зн. будынак, прыпадняты на высату скоку льва з чатырма сценамі і адной брамай, дзе быдла і людзі спалі побач.
Самарыцянін застаецца там на ноч, каб асабіста даглядаць свайго выпадковага пацыента. Паколькі справы клікалі яго далей, а пабіты быў занадта слабы, каб ісці, то Самарыцянін дае гаспадару два дынары – шчодрую суму, калі ўзяць пад увагу, што так слабы пацыент не патрабаваў шмат ежы, а памяшканне было далёкае ад камфорту. Акрамя гэтага ён пакідае гаспадару магчымасць далейшых выдаткаў на хворага, якія ён верне, калі будзе вяртацца. Вось як ён пераняты хворым, як кімсьці блізкім!
Нечаканае пытанне Ісуса і галоўнае павучэнне
Зрабіўшы такі нарыс вобразу поўнага сонца, Ісус задае нечаканае пытанне, калі возьмем пад увагу папярэдняе пытанне заканазнаўцы пра дыяпазон паняцця блізкі. Пытанне тычыцца таго, хто аказаўся блізкім для няшчаснага. Заканазнаўцы не пройдзе праз горла назва ненавіснага народа, аднак ён змушаны сумленна адказаць: Той, хто аказаў яму міласэрнасць.
Выснова Ісуса ўжо не дапускае далейшай дыскусіі: вось прынцып, як трэба паступаць, паводле яго і паступай. Ты запытваў пра мяжу свайго абавязку? Памяняйся ролямі – увайдзі ў сітуацыю няшчаснага, тады адказ будзе простым: няма такой мяжы для запаведзі любові (J.Jeremias).
У прынятай форме павучанне той прыпавесці будзе гучаць наступным чынам: падобна да таго, як Самарыцянін, быў больш міласэрны, чым святар і левіт, і прыклаў усялякія намаганні, каб няшчаснаму – нягледзячы на яго нацыянальнасць і рэлігію – прыйсці на дапамогу, гэтак і мы павінны быць міласэрнымі да ўсіх людзей, калі яны апынуцца ў патрэбе. Блізкім такім чынам ёсць кожны чалавек, калі мова ідзе пра дыяпазон паняцця. Але, што ёсць найбольш важным, нам належыць быць самім блізкімі да іншых людзей у сэнсе актыўнага праяўлення міласэрнасці. І такое ёсць заданне кожнага вучня Хрыста.
Рэалізаваць жа гэтую «блізкасць» належыць падобна Самарыцяніну – за кошт уласнага камфорту, часу і ўласнасці. А ўсё гэта павінна адбывацца, як у той сцэне пад купалам палесцінскага неба, у поўнай самотнасці, дзе толькі Нябачны бачыць усё, а бачачы ў скрытасці, аддасць нам (Мц. 6:4,6,18).
Крыштальная празрыстасць прыкладу прыпавесці робіцца парукай таго, што вышэй прадстаўленае галоўнае павучанне не выклікае сумніву. Але ці з’яўляецца яно адзіным? Знакава, што ўжо старажытных каментатараў вабіў пошук алегарычных рысаў у прыпавесці. Такім прыгожым ёсць жэст Самарыцяніна, што падаваўся ім вобразам самога Збаўцы. Няшчаснага параненага жа не цяжка тады атаясаміць з грэшным і бязрадным чалавецтвам. Таксама яшчэ віно і алей падкідвалі думку пра таямніцы-сакраманты, як пра лекі на хваробу граху.
Гэта толькі прыгожыя застасаванні, бо нічога ў тым самым тэксце не ўказвае на тое, каб мы былі змушаныя выйсці за рамкі чыстай прыпавесці (у дадатак выключна рэалістычнай). Так ці інакш, галоўным і канкрэтным указаннем з’яўляюцца для нас словы Ісуса: «Ідзі і ты рабі падобна»!
Точка невозврата Sherlock’а
Чудеса святого Шарбеля Маклуфа
Иосиф Слипый и термин «православный»
Христос — наша Пасха. Новый Катехизис Украинской Греко-католической церкви — интересное чтение!