Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці.
Нагадаю, што ў мінулай перадачы мы пачалі разважаць прыпавесць пра міласэрнага самарыцяніна. Мы разгледзілі ўступны дыялог Ісуса і заканадаўцы, напрыканцы ягога паўстае пытанне: “А хто мой блізкі?”. Каб адказаць на яго Ісус распавядае наступную прыпавесць:
Лк.10:30-37
30 Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія абрабавалі яго і, пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Здарылася,што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго.
33 А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць,
34 ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго.
35 А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць: «Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе».
36 Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?»
37 Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна».
Дэталі прыпавесці
Гэты вобраз, як прыгожы, гэтак і зразумелы, стане яшчэ больш выразным, калі паспрабуем на яго паглядзець вачамі слухачоў Ісуса. Апісаная сітуацыя была для іх вельмі жыццёвая – адзін са шматлікіх выпадкаў. Падзея адбываецца на 27-мі кіламетровым адрэзку дарогі так маляўнічай, як і небяспечнай.
Гэта дарога была небяспечная, бо не было б нікога, хто жыў бы ўздоўж яе. Як заўсёды практычныя рымляне ў палове гэтай дарогі паставілі вайсковы пост, а ўсе знакамітыя асобы спадарожнічалі з эскортам жаўнераў. Семіцкія рабаўнікі па сённяшні дзень не пагарджаюць нічым, таму пакідаюць свае ахвяры ў тым, што Госпад Бог стварыў. Збіццё, і ў дадатак моцнае, было вынікам роспачнай самаабароны атакаванага.
Прахожыя
Вельмі праўдападобнымі як і сам выпадак былі для слухачоў апісаныя прахожыя. Святар ідзе першы. У аколіцах Ерыхона былі два г. зв. святарскіх горада (1 Кар.6:63). Такім чынам вяртаецца дамоў адзін са слугаў Божых пасля адбыцця сваёй чарговай літургічнай службы. Мы можам здагадвацца, што ў яго вушах яшчэ гучаць псалмы адспяваных у святыні, а яго вопратка яшчэ пахне кадзілам. Ён бачыць ляжачага без руху чалавека. Што ён думае – гэтага прыпавесць не гаворыць; яна толькі сцвярджае той факт, што святар, бачачы ляжачага, абмінуў яго.
Таксама зрабіў і наступны мінак, які быў слугою святыні, прадстаўніком афіцыйнага культу – левітам. Абодва паводле пасады знаходзіліся блізка Божых справаў, абодва ведалі Закон, асабліва правілы, якія датычыліся рытуальнай чысціні. Быць можа той хто ляжыць, ужо труп? Тады ёсць пагроза стацца рытуальна нячыстым. «Няшчасце – гэта пакаранне за грэх, таму навошта набліжацца да кагосьці, хто пакараны Богам? Можа гэта будзе выглядаць, як удзел у яго граху?» — прыкладна так маглі разважаць святар і левіт.
А можа збіты чалавек увогуле з той катэгорыі, пра якіх гавораць рабіны: «Найлепшага з гоім – на смерць!» (Мэкіта Вых.7:89) або «Трэба казаць кожны дзень: Хай будзе блаславёны Той, хто мяне не ўчыніў язычнікам» (Брахот 18). Гэтыя святар і левіт маглі падзяляць падобныя погляды, ды быць далёкім ад прынцыпу раббі Мэйра, які сказаў: «Нават гой, калі захоўвае Тору, ёсць як архісвятар» (Сіфра 86е). Так ці інакш, і святар і левіт абмінулі няшчаснага.
Самарыцянін
І вось выступае трэцяя асоба – самарыцянін. Сёння ўласна дзякуючы гэтай прыпавесці – гэтае слова абуджае ў нас найлепшыя асацыяцыі. Але не так гэта было ў тыя часы. Самарыцяне – гэта ненавісная габрэямі нацыя этнічных жыхароў, раскольнікаў і ерэтыкоў. У іх былі складаныя ўзаемаадносіны, як гэта бачна з пытання самарыцянкі, з якім яна звернулася да Ісуса каля якубавай студні ў Сыхар: Як жа Ты, юдэй, просіш вады ў мяне, самарыцянкі? (Ян. 4:9). Евангеліст адразу тлумачыць чытачам не знаёмым з Палестынай: Бо юдэі цураюцца самарыцян.
І вось такі чалавек, этнічную назву якога праз момант не захоча вымавіць заканазнаўца ў дыскусіі з Ісусам, ён павёў сябе па-чалавечы. Мы маем тут дачыненне з такім самым нечаканым і шакуючым кантрастам, як было гэта ў выпадку фарысея і мытніка. Самарыцянін праявіў міласэрнасць. Ён пераняўся няшчасцем незнаёмага чалавекам. Пра тое, як ён гэта зрабіў, сябры, слухайце ў наступнай перадачы.
Точка невозврата Sherlock’а
Чудеса святого Шарбеля Маклуфа
Иосиф Слипый и термин «православный»
Христос — наша Пасха. Новый Катехизис Украинской Греко-католической церкви — интересное чтение!