Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Міласэрны самарыцянін-1 (ХLV)

Вітаю вас, шаноўныя радыёслухачы. У эфіры перадача “З сэрцам у кантакце” і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я ў гэтай перадачы разважаю пра прыпавесці.

Светлацень двух прыпавесцяў

Новая запаведзь Ісуса Хрыста пра літасць і міласэрнасць была з’ілюстраваная менавіта ў прыпавесцях. Ёсць дзьве адмысловыя прыпавесці, якія захавалі яе для нас. Яны абедзьве не маюць паралеляў, ды разам ствараюць – гаворачы моваю мастакоў – выразны светлацень.

Гэты светлацень тыпова арыентальны – цень зусім чорная, а святло можна сказаць асляпляючае. Гэты кантраст указвае нам адначасова значнасць “новай запаведзі” – без яго пагражае чалавеку вечны змрок, яно ж, рэалізаванае, асвятляе нават тое, што ў жыцці з’яўляецца найбольш цёмным – цярпенне.

Першая прыпавесць – гэта прыпавесць пра нелітасцівага слугу — і мы яе падрабязна разгледзілі ў папярэдніх трох перадачах, другая – прыпавесць пра міласэрнага самарыцяніна. Гэта яна светлая частка нашага светлаценю, але і яна – поўная кантрастаў, як мы ў гэтым пераканаемся, калі падрабязна разгледзім вобраз прыпавесці.

Вобраз прыпавесці – уступны дыялог

Гэта прыпавесць, зноў выключна Лукі, здраджвае свайго рэдактара. Гэта таму, што Лука любіць тэму міласэрнасці ды ўказанне тонкіх пачуццяў. Таксама шмат у ёй асаблівасцяў мовы і стыля выключна характэрных для Лукі.

Евангеліст-рэдактар старанна апрацаваў тэкст сваёй крыніцы. У сюжэтнай лініі Лукі, у апісанні публічнай дзейнасці, гэта прыпавесць знаходзіцца ў рамках апошняга падарожжа з Галелеі да Ерузаліма, а значыць ужо ў трэцім годзе, таксама як і прыпавесць пра неўрадлівае фігавае дрэва. Такім чынам Ісус распавёў прыпавесць на пераломе 29 і 30 году нашай эры, быць можа ўласна на дарозе з Ерыхона да Ерузаліма, пра якую там мова. Давайце працягнем падрабязны агляд прыпавесці ад уступнага дыялога, з якім яна цесна звязана.

 Лк.10:25-29

25 І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: “Настаўнік, што маю зрабіць, каб здабыць жыццё вечнае?”

26 А Ісус сказаў яму: “Што напісана ў законе? Як чытаеш?”

27  Той, адказваючы, сказаў: “Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога”.

28 Ісус сказаў яму: “Добра ты адказаў; рабі гэтак – і будзеш жыць”.

29 Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: “А хто мой блізкі?”

Гэты дыялог дазваляе нам меркаваць, што намерам нашага Евангеліста ёсць з прыведзенай кантраверсіі вывесці галоўнае павучэнне прыпавесці. Для гэтага нам дастаткова будзе заняцца апошнім сказам дыялога – зваротам хочучы апраўдацца ды прыканцовым пытаннем, пра тое каго належыць лічыць блізкім.

“А хто мой блізкі?”

Хітрасць законазнаўцы, які распачынаў дыялог, палягала на тым, каб справакаваць Ісуса да паказання якой-небудзь іншай дарогі для асягання вечнага жыцця. Таму для яго было неспадзяванкай тое, што Ісус – зрэшты тыпова па-семіцкі – адказваючы пытаннем на пытанне спаслаўся на Закон. Заканазнаўца таму і прарэцытававаў адпаведныя тэксты Закона, а ў адказ атрымаў заахвочванне, каб уласна ён і жыў паводле гэтых запаведзяў.

Тут дыялог павінен быў бы скончыцца. Аднак вучоны не хоча падацца глупым – хоча апраўдацца перад Ісусам, чаму вогуле запытваў пра такія простыя справы. Праблема – на яго думку – гэта дыяпазон паняцця блізкі. Для нас з’яўляецца відавочным значэнне гэта слова, што ёсць у сваю чаргу вынікам шматвяковай традыцыі хрысціянства… Аале яно зусім не было відавочным для габрэя, а яшчэ больш для спецыяліста ў старазапаветным Законе.

Біблійны, гебрайскі тэрмін  rea, пераданы ў Септуагінце і ў Новым Запавеце выразам ό πληςίον (ho plesíon) – гэта ў першыю чаргу “сябар”, “калега”, “таварыш”, “супляменнік”, і толькі часамі “іншы чалавек”. Вось чаму паняцце блізкасці было ў данным выпадку шырокім. Таму і пытанне, каго і ў якой ступені лічыць за блізкага, было дыскусійным.

У адказе на пытанне законазнаўцы Ісус не застаецца на яго плоскасці логікі, але прапануе яму прыклад у прыпавесці, каб той сам, засноўваючыся на ім, даў адказ – не столькі на пытанне, колькі на сваю думку: “да каго і якія я маю абавязкі, называючы каго-небудзь блізкім”. На гэтае пытанне і мы паспрабуем адказаць, але… у наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *