Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: кукаль — (ХV)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Сёння я, з дапамогаю кнігі Аўгустына Янкоўскага, працягваю распавядаць пра прыпавесці. Тэма гэтай перадачы – прыпавесць пра кукаль. Гэта прыпавесць – выключна Мацьвея – належыць да рэдакцыйнага збору «дня прыпавесці», і мае, падобна як прыпавесць пра пасеў і яго лёс, у дадатку некалькі вершаў тлумачэння яе сэнсу, зробленага самім Ісусам па просьбе вучняў. Давайце паслухаем яе тэкст:

 Мц. 13:24-30

24 Іншую прыпавесць прапанаваў Ён ім, кажучы: «Падобна Валадарства Нябеснае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на сваёй раллі.

25 Але калі людзі спалі, прыйшоў вораг яго, і насеяў кукалю пасярод пшаніцы, і пайшоў.

26 І калі вырасла збожжа і дало плод, тады паказаўся і кукаль.

27 А паслугачы, прыйшоўшы да гаспадара дома, сказалі яму: «Гаспадару, ці ж ты не добрае пасеяў насенне на сваёй раллі? Адкуль жа ўзяўся кукаль?»

28 А ён ім гаворыць: «Вораг людзей гэта зрабіў». Паслугачы ж кажуць яму: «Хочаш, мы пойдзем і збяром яго?»

29 Але ён сказаў: «Не, каб часам, збіраючы кукаль, не выкаранілі з ім і пшаніцу.

30 Дазвольце і аднаму, і другому расці да жніва. А ў час жніва скажу жняцам: «збярыце раней кукаль і звяжыце ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу збярыце ў маё гумно»».

Агульна аб прыпавесці пра кукаль

Прыпавесць пра кукаль мае пазакананічную паралель у Евангеллі Фамы ў наступнай форме: «Ісус сказаў: Царства Айца ёсць падобнае да чалавека, які меў добрае зерне. Яго непрыяцець прыйшоў уначы, засеяў ён кукаль сярод добрага зерня. Чалавек не дазволіў ім (слугам) вырваць кукаль, бо баяўся, гаворачы: «Каб вы не пайшлі гаворачы: Вырвем кукаль, а разам з ім збожжа. Бо ў часе жніва з’явіцца кукаль. Яго вырвуць і спаляць»».

Мацвей, як бачна, больш жыва апавядае і разбудоўвае само эсхаталагічнае заканчэнне, якое атрымоўвае моцны акцэнт у тлумачэнні (Мц. 13: 39-42).

Затрымайма нашую ўвагу на момант на падрабязнасцях самога тэксту. Пачатак апавядання ў аорысце выступае яшчэ ў Мц. 18:23; 22:2. Не азначае гэты час нішто іншае як praesens «ёсць падобнае». «Ёсць падобнае» гэтае Царства не столькі на чалавека, колькі да ўсёй сітуацыі, асабліва той якая ёсць у заканчэнні апавядання – пра гаспадара і слугаў пасля жніва.

Падрабязнасці вобразу прыпавесці

Пяройдзем да падрабязнасцяў вобразу, які ёсць больш багаты, чым  тыя два вобразы з папярэдніх прыпавесцяў, якія нам ужо распавядалі пра пасевы. Адлюстроўвае  ён яшчэ нядаўнюю палестынскую рэчаіснасць, калі нават заможны гаспадар, які мог наняць жняцоў, сеяў сам асабіста. Гэта падрабязнасць надта будзе прыдатны Мацвею таксама, каб патлумачыць прыпавесць, робячы лягчэйшым прыняццё метафарычнага значэння «гаспадара».

Але калі людзі спалі – няма тут мовы аб занядбанні, годнага пакарання. Гэтак спаў і ўставаў гаспадар у Марка (Мк. 4:27). Ноч – гэта натуральны час, каб спаць і ніводнаму земляробу ў тыя часы не прыйшло бы ў голаву пільнаваць уначы пасеў. Алегарызацыя гэтай падрабязнасці ў постаці заахвочвання да  чуйнасці ў адрас Царквы, заахвочвання між іншым вельмі слушнага, не вынікае напэўна з вобразу прыпавесці.

Вораг насеяў кукалю – гэта  вядомае ўжо ў рымскім законе аграрнае злачынства, якое яшчэ ў ХХ-м стагодздзі ў ерусалімскай епархіі разумелася, як грэх, разграшэнне з якога можна было атрымаць толькі ад біскупа. Якая мэта такога пасеву кукалю? Гэта быў пэўны гатунак помсты, прадыктованы жаданнем скампрамітаваць гаспадара. Пра які кукаль тут мова? Гэта зусім не наш традыцыйны кукаль звычайны. Грэцкая назва ζιζάυιου (dzidzanion) азначае рэдкую ў нас расліну, г.зв. жыцік аднагадовы (lollium temulentum L.), які дае атрутнае зерне перад выспеваннем пшаніцы. Гэтыя данныя, вядомыя ўжо некаторым Айцам Царквы, якія каментуюць нашую прыпавесць, знаходзяць падцверджанне ў даследваннях спецыялістаў (G. Dalman).

Прапанова слугаў – распачаць праполку кукалю – ёсць сама па сабе рэч разумная і сапраўды стасаваная. Тым не менш гаспадар таксама падае пераканаўчую рацыю сваёй адмовы. Яна асноўваецца на факце таго, што корані пшаніцы ды жыціка перапутаныя, як вынік часта пасеянага кукалю. Сэнс дыялогу гаспадара ды слугаў можна перадаць кароткім сказам: «Яшчэ не час на такую інтэрвенцыю, бо можна ўсё ёй сапсаваць».

Жніво прадстаўліна больш дакладна. Не «слугі» маюць ім займацца, але «жняцы». Можам зразумець, які тут будзе задзейнечаны спосаб селекцыі, калі ўзгадаем звычай, які застасоўваюць аж па сённяшні дзень арабы – яны жнуць сярпамі. Робяць гэта адпаведна загаду: «Падыміце вашыя рукі!», бо пшаніца вырастае вышэй за жыцік.

Нас можа здзіўляць намаганне, каб пустазелле звязаць у снапы; таму раней у гэтым бачылі нештодзённы элемент, алегарычны. Аднак гэтая дробязь не выходзіць прынамсі за рамкі рэчаіснасці, бо снапы пустазелля з’яўляюцца каштоўным палівам, а нават яго зерне выкарыстоўваецца для корму хатняй птушкі, для якой lollium не з’яўляецца шкодным. Хоць дасюль у вобразе няма ані адной рысы, якая б выразна перакрочвала праўдападобнасць звычайнага жыцця, але аднак дакладнасць апісання жніва ўказвае на выснову прыпавесці, на яе застасаванне эсхаталагічнае.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *