Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: Ісусавае тлумачэнне прыпавесці (ІХ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы, у эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы, а. Андрэй Буйніч. Я працягваю распавядаць пра прыпавесці, пра навуку Ісуса Хрыста аб Царстве Божым ў іх. Манах-бенедыктынін а. Аўгустын Янкоўскі прысвяціў гэтай тэме цэлую кнігу, якой я карыстаюся пры падрыхтоўцы гэтай праграмы.

У мінулай перадачы мы разглядалі прыпавесць пра «Пасеў і яго розныя вынікі» ды намагаліся даць ёй тлумачэнне. Сёння мы звернем увагу на тое тлумачэнне, якое дае гэтай прыпавесці сам Ісус. Яго падаюць усе тры Евангеліста першых трох сінаптычных Евангелляў, але я прачытаю вам толькі версію паводле Марка:

13 І гаворыць ім: «Не разумееце гэтай прыпавесці? А як жа ўсе прыпавесці зразумееце?

14 Сейбіт – хто слова сее.

15 А тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць, зараз прыходзіць шатан і вырывае пасеянае ў іх слова.

16 А тыя, што на камяністым месцы пасеяны, калі пачуюць слова, прымаюць яго адразу з радасцю,

17 але не маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыдзе прыгнёт і пераслед дзеля слова, зараз жа горшацца.

18 А тыя, што ў цернях пасеяны, тыя слухаюць слова,

19 але клопаты веку і чары багацця ды прагавітасць да ўсяго іншага навокал, пранікаючы ў іх, заглушаюць слова, і яно не прыносіць плода.

20 А што на добрай зямлі пасеяны, гэта тыя, што слухаюць слова і прымаюць ды прыносяць плод: адзін – трыццаць, другі – шэсцьдзесят, а трэці – сто» (Мк. 4:13-20).

Заўважма, што гэта прыпавесць ёсць наборам метафар, а не чыстай парабалай. Мы распачнем ізноў ад параўнання літаратурных і тэалагічных адрозніванняў, што нам дазволіць зрабіць высновы гістарычныя, гэтак і дапаможа адшукаць аўтэнтычнае павучэнне, якое нясе ў сабе ўся прыпавесць.

Зерне і чатыры гатункі глебы

Маркавы тэкст тлумачэння выказвае – у параўнанні з двума іншымі – пэўную нязграбнасць у прадстаўленні чатырох, ідучых адна за адной, метафар. Акрамя ўступнага раўнання «слова» = «зерне» (адначасова з нязменнай адсутнасцю самога тэрміна «зерне»!) наступае атаесамленне чатырох катэгорый людзей з сітуацыяй зярнятаў у чатырох гатунках глебы.

Агульная атмасфера тлумачэння выказвае нязначнае змяшчэнне акцэнта. Гэты акцэнт перасоўваецца ўласна да перасцярогі, каб быць «добрай зямлёй» ды пазбягаць трох сітуацый, у якіх зерне слова застаецца бясплодным:

—       паверхоўнасці, спалучанай з адсутнасцю высілку ў зразуменні слова;

—       нясталага энтузіазма хвіліны, якога не хапае, каб перамагчы сур’ёзныя жыццёвыя выпрабаванні;

—       урэшце, загубленасці сярод розных спакусаў гэтага веку – бытавыя клопаты, прага багацця ды раскошы.

Якое галоўнае павучэнне прыпавесці?

Несумненнае змяшчэнне акцэнта паміж прыпавесцю і яе тлумачэннем схіляе некаторых вучоных да дапушчэння, што ўсё тлумачэнне з’яўляецца ўжо творам першаснай катэхезы. Такі скрайны погляд не бярэ пад увагу, што ўсе тры Сыноптыка падаюць гэтае тлумачэнне, як тлумачэнне Ісуса, што цалкам зразумела і прымальна (пар. Мк. 4:33-34).

У думцы Ісуса, Які распавёў гэтую прыпавесць, на першым месцы ёсць Ягонае ўласнае пасланство, як сейбіта Божага слова. А ў паданым Сіноптыкамі тлумачэнні прыпавесці незначна высоўваюцца на першы план перажытыя ўжо Царквою місійныя цяжкасці. Такім чынам акцэнт робіцца ў большай ступені душпастырскім. Ужо пералічваюцца тут «пераследванні» ды размаітыя спакусы гэтага веку. Але ўрэшце, як Ісус, гэтак і Царква абвяшчаюць тое самае слова пра Царства.

Вернемся да пастаўленага ўжо вышэй пытання: якое галоўнае павучэнне гэтай прыпавесці? Бяручы пад увагу цэлы набор – прыпавесці ды іх аўтэнтычнае тлумачэнне –  належыць адказаць, што галоўным павучэннем з’яўляюцца дзеі «Евангелля царства» (Мц. 4:23; 9:35; 24:14) у душах тых, хто слухаў іх з вуснаў як Ісуса Хрыста гістарычнага, гэтак і вуснаў Царквы. Гэтае «Евангелле царства» — Добрая Навіна пра Хрыста, як Збавіцеля, Які прыносіць канчатковую, прадказаную прарокамі фазу Царства Божага.

Нас, людзей Захаду, можа трошкі бянтэжыць атаесамленне гэтага Царства са словам. Ці мы можам сцвярджаць, што дзьве гэтыя рэчаіснасці індэтычныя адна адной? Бяручы пад увагу поўню біблейскага навучання, нам не толькі можна, але трэба гэта зрабіць. Як прыклад паслухайце словы біблійных прарокаў пра наадзейную эфектыўнасць Слова Божага:

І як дождж або снег спадае з неба і туды больш не вяртаецца,

але поіць зямлю і корміць яе, і дае, каб яна радзіла, і дае насенне сейбіту і хлеб едаку,

так будзе са словам Маім, якое выходзіць з вуснаў Маіх:

і не вяртаецца да Мяне пустым, але зробіць, што толькі Я захачу,

і будзе мець поспех у тых, да якіх яго Я паслаў (Іс. 55:10-11).

Ці ж Мае словы не ёсць, як агонь, — кажа Госпад, —

ды быццам молат, што разбівае скалу? (Ярэм. 23:29)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *