Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: глупы багацей — 2 (ХХІ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Сёння я, з дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, працягваю разважаць прыпавесць пра глупага багацея.

Нагадаю, што мы разважаем урывак з Евангелля паводле Лукі 12: 13-21. Гэты ўрывак складаецца ў сваю чаргу з двух частак: непасрэдна самой прыпавесці ды уступа, які яе папярэджвае. Ва ўступе пэўны чалавек просіць Ісуса быць суддзёю ў справе спадчыны паміж ім і яго братам, а непасрэдна прыпавесць распавядае пра багацея, які вырашыў што ўжо можа супачыць на лоне свайго багацця не клапоцічыся болей пра жыццё.

Маёнтак і жыццё будучага веку

Уводная сцена, якую застасаваў Евангеліст-рэдактар і якую мы разглядалі таксама ў мінулай перадачы, цалкам адпавядае тагачаснаму жыццю. Гэты няўдалы запытальнік, хутчэй за ўсё малодшы брат, адчуваў сябе пакрыўджаным старэйшым, які адмаўляўся даць яму частку спадчыны пасля памерлага бацькі, акрэсленую Законам Майсея (Паўт. Зак. 21:15-17; паралель 2 Сам. 2:9).

Да выбітных рабінаў, нягледзячы на тое, што яны не былі суддзямі, з’вярталіся з падобнага роду праблемамі, як да знаўцаў Закону Божага. У той жа час Ісус станоўча ўхіляецца ад падобнай функцыі, як зусім не згоднай са свайё місіяй. Нават болей – перасцерагае перад небяспечнасцю, якой для справы жыцця вечнага ёсць хцівасць, даслоўна: «жаданне мець шмат» (πλεονεξία – pleonexia).

Перасцярогу ў гэтым самым пытанні падаў ужо вышэй той самы Евангеліст Лука: Бо што за карысць чалавеку, калі б увесь свет здабыў, але сябе загубіў або сабе шкоду зрабіў? (Лк 9:25). Аднак адценне прысутнага павучэння ёсць трошкі іншае. Тут мацней зазначваецца паказаная ў прыпавесцях глупасць палягацца на маёнтак, бо ён жа не гарантуе даўжыню целеснага жыцця.

Больш таго, калі параўнаць гэта павучэнне з завяршальным — таксама рэдактарскім — афарызмам (верш 21), то думка робіцца больш глыбокай. Ад маёнтку не залежыць гэтае часовае жыццё, але тое жыццё, што сапраўды заслугоўвае на гэтую назву — гэта значыць жыццё вечнае сапраўды багатых  перад Богам, якія змаглі ім ўласціва скарыстацца. Гэткім чынам Евангеліст прыгатаваў нас да поўнай інтэрпрытацыі прыпавесці.

Цікавыя падрабязнасці прыпавесці ды галоўнае павучэнне

Першай цікавай падрабязнасцяй ёсць тут інтервенцыя самога Бога. Ёсць гэта адзіная евангелічная прыпавесць, у якой непасрэдна, і не за метафарай, выступае Бог, як persona dramatis (інакш: асоба драмы, дзеючая асоба). Бог уваходзіць, як адзіны Гаспадар чалавечага жыцця, з чым зусім не лічыўся багацей. Адсюль і эпітэт Дурню! які гучыць згодна са шматлікімі акрэсленнямі Старога Запавету ў дачыненні тых, хто  практычна не лічыўся з Богам, які кіруе чалавечымі лёсамі (Пс. 14 (13):1 = 53(52):1; 92(91):7; 94(93): 7-11; Ярэм. 4:22; 17:11).

Форма запатрабуюць ад цябе душы тваёй трошкі нас сёння здзіўляе. Сам часоўнік запатрабаваць душы ёсць магчыма эхам звароту з кнігі Мудр.: пакліканы за доўг душы (Мудр. 15:8), душы, якую Бог толькі «пазычае»  чалавеку. Безасабовая форма дзеяслова – гэта вядомы біблейскі зварот, які замяняе прымаўку «Бог зажадае».

Габрэй з-за празмернай пашаны да імені Бога аддаваў перавагу выкарыстанню зваротаў апісовых, агульных, напрыклад, праз залежны стан, г.зв. passivum theologicum (Мц. 7:7) або, як тут, праз 3-ю асобу множнага ліку. Ісус таксама шанаваў, хоць і не заўсёды, гэты існуючы звычай.

Пасля прадказання хуткай смерці, паўстае рэтарычнае пытанне пра лёс маёнтку, які павінен быў быць забеспечэннем жыцця. Ужо скептык Эклезіяст прадбачыў няпэўнага спадкаемца (Экл. 2:18-19), а яшчэ больш падабенства ёсць тут з сітуацыяй намаляванай Сірахам: Як хто разжыўся, скупа працуючы, і гэта будзе часткай узнагароды яго: калі ён кажа «Знайшоў сабе супачынак і цяпер буду пражываць толькі са сваіх дастаткаў», — і ён не ведае, што час пройдзе і наблізіцца смерць, і ўсё пакіне іншым, і памрэ (Сірах. 11: 18-20; пар. з даўжэйшай падобнай рэфлесіяй ў Пс 49(48): 17-21).

Вобраз нашай прыпавесці ёсць цалкам рэалістычным, напэўна з гэтага свету. Адной нештодзённая рысай з’яўляецца праект зруйнавання свірнаў замест таго, каб дабудаваць да іх новыя. Гэта падкрэслівае толькі сваеасаблівую глупасць гэтага багацея. Бог паказвае яму ўсю абсурднасць яго недальнабачнага экзестэнцыялізма. Гэта ўсё гаворыць нам, што мы маем дачыненне з чысай прыпавесцю, жыццёвым прыкладам, які павучае пра архітып, вядомы ўжо з кнігаў Старога Запавету.

Галоўнае павучэнне не цяжка такім чынам знайсці: падобна як у глупага багацея, які мысліць выключна ў плоскасці часовай рэчаіснасці ды не лічыцца з Богам і вечнасцю, непрадбачаная ім смерць знішчыла ўсе ягоныя эгаістычныя пляны, гэтак і нікому часовыя даброты, якія ужываюцца эгаістычна, не забяспечаць сродка супраць смерці.

Павучэнне прыпавесці, заключанае паміж двух сказаў, адзін з якіх папярэджвае прыпавесць (верш 15), другі ж які знаходзіцца напрыканцы (верш 21), закладае акрамя гэтага існаванне  нейкага загадковага багацця перад Богам. Чым яно ёсць, раскрываюць толькі два верша фрагмента, які наступае непасрэдна ў зборы Лукі: Не бойся, малы статак, бо даспадобы было Айцу вашаму даць вам Валадарства. Дык прадайце, што маеце, і дайце міласціну. Спраўце сабе капшукі, што не нішчэюць, скарб бязмежны на небе, куды злодзей не набліжаецца і дзе моль не з’ядае; бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша (Лк. 12:32-34; пар. Мц. 9: 19-20).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *