Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: глупы багацей — 1 (ХХ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. Сёння я, з дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, працягваю распавядаць пра прыпавесці. У гэтай перадачы я прапаную ўважліва прыглядзецца да прыпавесці пра глупага багацея.

Праблема маральнай ацэнкі матэрыяльнага дабрабыту

Спрадвеку чалавек канфрантуе з Богам сваё разуменне часовага характару рэчаіснасці, а ў рамках гэтай канфрантацыі асаблівая ўвага прысвячаецца пераважна матэрыялным дабротам. У гэтай галіне усцяж узнікае разбежнасць паміж чалавечай прыемнасцю ды Божай ацэнкай усяго, што прамінае.

Добрая Навіна, як лек на чалавечую разгубленасць, павінна была такім чынам прынесць у гэтую галіну ясныя прынцыпы. І сапраўды Ісус іх прынёс. Восем Ягоных блаславенстваў, як magna charta Царства Божага, якое мае пачатак на гэтай зямлі, пачынаецца словамі: Шчасныя ўбогія духам, бо іх Валадарства Нябеснае (Мц. 5:3; пар. Лк. 6:20).

Адной з перашкодаў, якая сустрэлася Ісусу пры закліку ў Царства, якое не з гэтага свету (Ян. 18:36), было таксама прывязанне  да матэрыяльных дабротаў, тым больш небяспечнае, паколькі спалучалася ў тагачасным Ізраілі з месіянскімі надзеямі ў прызямлённым разуменні. Следам такога ўласна канфлікту з’яўляецца рэфлексія выказаная пасля сумнага адыходу багатага юнака: лягчэй вярблюду прайсці праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсці ў Валадарства Божае (Мц. 19:24 паралель).

Кінуць такую парадаксальную думку – было замала. Знакавым ёсць жах, выкліканы ёю ў вучняў, якія слухалі: Хто тады можа збавіцца? (Мц 19: 25б). Божая ацэнка як бы патрабавала таго, каб гэтую думку пераклалі на мову чалавечай экзестэнцыі. Гэта і робяць дзьве прыпавесці Евангеліста Лукі, якія маюць назвы: глупы багач ды багацей і Лазар. У іх паказана прамінальны характар рэчаіснасць у святле канчатковых эсхаталагічных праўдаў. Давайце паслухаем саму прыпавесць, папярэджаную адмысловым уступам.

Лк. 12: 13-21

13 Нехта з натоўпу гаворыць Яму: «Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай».

14 Але Ён сказаў яму: «Чалавеча, хто ж паставіў Мяне суддзёй і размеркавальнікам над вамі?»

15 Ды сказаў ім: «Зважайце і высцерагайцеся ўсякай хцівасці, бо, калі хто і мае дастатак, яго жыццё не ў тым, што мае».

16 І сказаў ім для параўнання, кажучы: «Поле аднаго багацея дало шчодры ўраджай.

17 Дык ён разважаў у сваёй душы, кажучы: “што мне зрабіць, бо не маю дзе падзець свайго ўраджаю?”

18 Ды сказаў: “Вось што зраблю: развалю свае свірны, і пабудую большыя, і туды збяру ўсю пшаніцу і даброцце маё,

19 і скажу душы маёй: Душа, маеш многа даброццяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, гуляй на застоллях”.

20 Але Бог сказаў яму: “Дурню! У гэтую ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?”

21 Так бывае з тым, хто для сябе збірае скарбы, а перад Богам не багаты».

 

Уводная сцэна Евангеліста Лукі

Вышэй пададзены поўны кампактны тэкст з’яўляецца вынікам рэдакцыі Евангеліста. Уступная сцэна, дзе пакрыўджаны брат шукае ў Ісуса інтэрвенцыі, была аддзелена ад прыпавесці ў Евангеллі Фамы, у якой таксама няма верша 15, які злучае дзьве часткі – перадасцярогі перад хцівасцю.

Верш жа 15 утрымлівае аж 6 слоў і канструкцый тыповых для Лукі (Benoit-Boismard). Уступная сцэна так гучыць у апокрыфе: «адзін чалавек сказаў Яму: скажы маім братам, каб падзеліліся са мной даброццямі айца майго. Адказаў яму: чалавеча, хто Мяне ўчыніў размеркаваьнікам? Адвярнуўся да вучняў і сказаў: ці Я размеркавальнік?» (EvTh 72).

Сітуацыя тут меньш выразная чым ў Лукі, а ретарычнае пытанне скіраванае да вучняў – хутчэй наіўнае. Сама ж прыпавесць мае там наступны выгляд: «Ісус сказаў: быў адзін заможны чалавек, які меў вялікі маёнтак. Сказаў ён сабе: буду карыстацца сваёй маёмасцю, каб сеяць, збіраць, садзіць, запаўняць мае свірны зернем, каб мне нічога не бракавала. Вось так разважаў у сваім сэрцу і ў тую ўласна ноч памёр. Хто мае вушы няхай слухае!» (EvTh 63). Экспрэсія і драматызацыя ў гэтай версіі не вытрымоўваюць параўнання з версіяй Лукі.

Такім чынам першапачатковая прыпавесць агортвала вершы 16-20, указваючы памылковасць людзкіх разлікаў на доўгае карыстанне з часовых даброццяў. У цэласнай рэдакцыі Лукі – калі апроч гэтага возьмем пад увагу бліжайшы кантэкст, які пасля асуджэння надмерных клопатаў гаворыць аб трывалых даброццях (вершы 22-24) – з’яўляецца ўжо тэалагічным павучэннем. Пра што? Адказ пакіньма на канец – пасля разважання ўсіх важных падрабязнасцяў вобразу ў прыпавесці.

Пра важныя падрабязнасці ў прыпавесці я запрашаю слухаць у наступнай перадачы.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *