Прыпавесці

Евангелічная прыпавесць: дзятва на рынку (ХХХ)

Вітаю вас шаноўныя радыёслухачы! У эфіры праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы – а. Андрэй Буйніч. З дапамогаю кнігі а. Аўгустына Янкоўскага, я працягваю ў гэтай перадачы разважаць пра прыпавесці. Сёння мы звернем увагу на прыпавесць, якую можна назваць “Дзеці на рынку”.

Супраціў Царству Божаму

Добрая Навіна пра Царства Божае — як лёгка можна было прыйсці да высновы з папярэдніх нашых перадачаў — павінна была сустрэць супраціў з боку шматлікіх тагачасных слухачоў Ісуса. Супраціў Ізраіля ў яго значнай большасці — гэта мінулы гістарычны факт. Гісторыя света, гісторыя збаўлення, якая ўсцяж трывае на нашых вачах, таксама ўсцяж адзначае тую самую з’яву супраціву. Пашырылася быць можа толькі значэнне слова «Ізраіль», але справа і далей застаецца актуальнай.

З пакалення ў пакаленне сцверджваецца слушнасць пралога Яна пра Слова: Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі (Ян. 1:11) таксама прароцтва Сямёна пра знак, якому будуць працівіцца (Лк. 2:34). Гістарычны супраціў Ізраіля Евангельлю Царства знайшоў свой выраз таксама ў шэрагу прыпавесцяў, якія пастараемся так прачытаць, каб прамовіла да нас нязменная актуальнасць гэтай тэмы.

Дзеці на рынку

Гэту прапавесць маюць у аднолькавым кантэксце і Мацвей і Лука — пасля апісання пасланства Яна Хрысціцеля з далучаным у сувязі з гэтым урачыстым сведчаннем Ісуса пра Яна. Гэта суворая вымова ў стылі вялікіх прарокаў, якая скіравана ў бок упартага Ізраіля, больш сцісла — партыі фарысэяў. У кантэксце дзеяў Ісуса гэтае выказванне змяшчаецца паміж першай і другой Пасхай у Яго публічнай дзейнасці, у момант калі гэты лёсавы супраціў ужо выразна праявіўся. Давайце паслухаем сам тэкст прыпавесці:

Лк. 7: 31-35

31 [Ісус сказаў:] «З кім мог бы я параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?

32 Яны падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і кажуць адны да адных: «Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, галасілі мы, а вы не плакалі».

33 Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: «Дэмана мае».

34 Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: «Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».

35 І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».

Не гледзячы на тое, што акторамі гэтай сцэнкі з’яўляюцца не сур’ёзныя людзі (бо гэта дзеці, у дадатак, якія гуляюцца), не гледзячы на тое, што іх паводзіны не сур’ёзныя, уся гэта прыпавесць ёсць нечувана паважнай перасцярогай у стылі прарокаў Ізраіля, якія ганьбілі сучасныя сабе «пакаленні» (напр. Паўт. Зак. 32:5.20; Ярэм. 7:29, 8:3).

У вуснах Ісуса зварот гэтае пакаленне мае ўвесь час адмоўны сэнс. Ён — сябар дзяцей, які ставіць іх у прыклад, як узор настаўлення неабходнага для ўваходу ў Царства Божае — тут слова «дзеці» ужывае так, як калісьці гэта рабіў, іранізуючы, Ярэмія: Бо неразумны народ мой, не ведаюць Мяне; сыны дурныя і безразважныя; мудрыя, каб чыніць ліхоцце, але добрага рабіць не ўмеюць (Ярэм. 4: 22). Ярэмія, як вядома, быў прарокам надыходзячага, неадмяняльнага падзення свайго пакалення.

Прапановы гульні ды застасаванне прыпавесці

 Прыгледзімся да вобраза гэтага кароткага параўнання “дзеці-пакаленне”, бо утрымлівае ён не адну загадку для чытаючага гэтыя словы не спецыяліста… таксама зрэшты як і не адну галаваломку для прафесіянальнага экзэгета. Вобраз гэты – без сляда мэтанакіраванай стылізацыі нейкай дэталі – ёсць жывой зацемкай з палестынскага рынка ў малым мястэчку. Дзеці любяць рабіць інсцэніроўкі, а асабліва дзеці на Блізкім Усходзе.

У апісаных тут прапановах гульні, якая не скончылася посьпехам, мова ідзе пра інсцэнізацыю двух працэсій, якія робяцца сэнсацыяй малога мястэчка – шлюбная працэсія пад гукі жалеек або працэсія пахавання пад акампанімент абавязковых на Усходзе галашэнняў, якія выконваюць плакальшчыцы, якіх часамі наймаюць уласна з гэтай нагоды.

Далучанае да прыпавесці Ісусавае застасаванне, прызнаецца сёння інтэгральнай часткай самой прыпавесці, паказвае сталую адмову тагачаснага пакалення ў дачыненні да прапановы як Яна Хрысціцеля, гэтак і самога Ісуса. Першы абвяшчаў словам і чынам суворую метаною перад надыходзячым судом, Другі як Жаніх на святочным застольлі месіанскім заклікаў да радасці з прычыны адпучэння грахоў.

Адзін і Другі прышоў, згодна з мовай біблійнай, відавочна ад Бога. Абодва аднак былі адкінуты, бо гэтае пакаленне мела свай нязменны погляд на пакуту і радасць, погляды нязгодныя з рацыямі, якія абвяшчаў найперш Ян, а потым Ісус.

Гэтаму ж непрыняццю таварышыць псеўдарэлігійная матывацыя: перабольшаная ў іх вачах аскеза Яна паходзіць з апантання, Ісус жа – гэта bon vivant (гэткі весялун) варты паводле Торы ўкаменавання. Зламысныя крытыкі жадаюць і далей трываць пры сваім спосабе жыцця. Як тыя хлопцы даслоўна “сядзяць” і не рухаюцца на заклік Бога, гэтак і яны задаволены сваёй сытай цнотай, ды абураныя дабрынёй Бога для грэшнікаў.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *